(У вянок памяці) 12 -га лістапада 2018 года адышоў у лепшы сьвет Ігар Міхайлавіч Лучанок. Вечны спакой яго творчай душы. Ягонае музычнае жыцьцё -- гэта той выпадак, адзначаны яшчэ Гётэ, калі лаяльнасьць да рэжымаў дазволіла творцу рэалізаваць талент, на карысьць Бацькаўшчыны. Адышоў Беларускі музычны геній. І таму жальба, жалоба і вялікая скруха. Жальба, бо ён адзін з апошніх геніяльных беларускіх творцаў ХХ-га стагоддзя, прызнаных народам. Яны, нібы метэоры, заляцелі ў ХХІ век, сьвецячы, як агонь у начы. І пасьля іх -- нічога. І хоць векавая мудрасьць прароча, што "сьвятыя былі да нас, будуць і пасьля нас", рэчаіснасьць паказвае на маразм запусьценьня. І ў гэтым ёсьць найвялікшы жаль. 200 гадоў акупацыяў і вынішчэньня культуры вялікага народа і вялікай краіны, што сягала ад мора да мора, не праходзяць бяссьледна. Але за кожнай акупацыяй вырасталі ў змаганьні, выжываньні і барацьбе зноў і зноў геніі нацыі, якія сьведчылі пра яе несьмяротнасьць. За царатам Купала, Багдановіч, Колас, за палякамі -- Максім Танк, за немцамі -- Арсеньнева, за камуна-масквой -- Быкаў, Барадулін, Мулявін і цэлая пляяда геніяў будучыні Беларусі. Цяпер, пад унутраннай цемрай, нацыянальных самазабойцаў ды плебеяў Масквы -- пустата і стабільнасьць упадку. Анкалогія цемры і здрады струціла карэньні. І дрэва -- ссыхае, бо карэньні -- ўсё. Вось што абазначаў перад вялікай бядой сакральны купалаўскі гімн "мужыку" -- асновы асноў, абпляваны чужынцамі, неабаронены нашчадкамі. "Паўстань з народа нашага Прарок І ў буры гром удар пад звон кайдан!" Нішто ня мінае бяссьледна. Вялікае нараджае вялікае. Сьветлае -- сьвятло. Прыўкраснае -- хараство. Пакуль жыве народ. Слава Беларускім геніям і вечная памяць! 13 лістапад 2018 г. Зянон Пазьняк |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >