Лукашысты абхаджваюць Эўразьвяз

posted Nov 18, 2017, 4:58 AM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 18, 2017, 4:58 AM ]

“Брытанскае выданьне Financial Times піша, што Беларусь робіць «асьцярожныя намаганьні» для паляпшэньня адносінаў з Захадам і ўмацаваньня сваёй палітычнай незалежнасьці.

Мы зразумелі падчас сусьветнага эканамічнага і фінансавага крызысу, што для такіх сярэдніх памерамі дзяржаваў як Беларусь вельмі важна дывэрсыфікаваць адносіны з многімі дзяржавамі, — сказаў у інтэрвію брытанскаму выданьню Ўладзімер Макей, міністар замежных справаў Беларусі. — Мы ня хочам залежаць ні ад кога, ні ад Вашынгтону, ні ад Брусэлю, ні ад Масквы. Мы проста хочам праводзіць сваю ўласную незалежную палітыку. Мы хацелі б дывэрсыфікаваць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны, і Эўразьвяз адыгрывае вельмі важную ролю ў нашых плянах”.

Крыніца: https://www.svaboda.org/a/28812509.html

Рэжымныя засьпявалі пра “сваю ўласную незалежную палітыку”! Ды як своечасова! Вось ужо разгромлена беларуская адукацыя, мова тытульнай нацыі заціснута ў кут, эканоміка аддадзена маскоўскай дзяржмафіі, Беларуская армія ўшчэнт зрусіфікавана і аддадзена пад каманду расейскаму генэралітэту, ФСБ спакойна выкрадае людзей на тэрыторыі Беларусі, мяжы з Расеяй, практычна, не існуе, маскоўскае акупанцтва атабарылася ў Беларусі. А дзяк пасольскага прыказу нешта там ляпэча пра “Кемска волость”…

Выглядае і гучыць усё гэта сапраўды трагікамічна, у рамках жанру апэрэтачнай хунты. Будучыя літаратары і драматургі ня будуць нічога выдумляць, проста складуць у мастацкую мазаіку вытрымкі з нашай рэчаіснасьці – і гатовы опус. Але самае цікавае, што ўсё гэта спрацоўвае на Захадзе, дзе якраз і агучваецца гэтае фальшывае гаварэньне менскіх васалаў Крамля. Ім дазволілі на фронду”. А заходнікі не сьмяюцца, сур“ёзна цытуюць і публікуюць выказваньні лукашыстых. Пішуць пра пашырэньне праграмы “Усходняга партнёрства” з менскімі рэжымнымі пры дэкаратыўным удзеле запісных нібыта апазыцыянераў (лябедзек і т.п.). Бясконцы фарс працягваецца.

Юрка Марозаў