Гісторыя рухаецца хутчэй, чым робяцца прагнозы. У лібэральнай краіне Францыі згарэла частка сабора Парыжскай Маці Божай -- знакамітай сакральнай пабудовы гатычнага сярэднявечча. З гледзішча архітэктурнага вобразу ёсьць нямала велізарных касьцёлаў у Эўропе нашмат прыгажэйшых за Нотр-Дам, але гістарычная ўнікальнасьць гэтай пабудовы, асабліва ў дэталях аздобы, будаўнічых тэхналёгій і напоўненасьці сакральнымі рэліквіямі атуляе яго пабожнай містыкай і ўзьвелічэньнем.

Найбольш папулярнасьці сабору надаў ня менш папулярны ў свой час раман Віктора Юго "Сабор Парыжскай Маці Божай". Найперш дзякуючы гэтаму рамантычнаму твору, натоўпы турыстаў штодня цягнуцца да легенды французкай хрысьціянскай архітэктуры. Менавіта так гэты сабор і ўспрымаецца -- як зьява культуры і архітэктуры.

Тым часам раней ён быў сымвалам хрысьціянства ўсёй Францыі, самым сакральным збудаваньнем. У гэтым саборы, у яго рэліквіях і напоўненасьці, адлюстраваная гісторыя Францыі. Гэта галоўны будынак Парыжа, сымвал горада і французкай гісторыі.

15 красавіка загарэлася абстаўленая мэталічнымі арміраванымі рыштаваньнямі сігнатурная вежа-шпіль. Усё загарэлася вельмі хутка і гарэла, як склад пораху. Адбылася жахлівая нацыянальная страта, бяда ўсёй Францыі, удар па ўсёй нацыі і ўдар па Эўропе, па ўсім Хрысьціянстве.

Пытаньне ў тым, якія высновы зробіць з гэтага Францыя, і ці зробіць наогул. Ці зразумее заканамернасьць як сымволіку зьявы -- ці наадварот -- успрыме ўсё як трагічную выпадковасьць?

Па маіх меркаваньнях, якія, зразумела, я не выказваў, гэты сабор павінен быў ужо згарэць гадоў 15 таму, адразу пасьля разбурэньня Сусьветнага Гандлёвага Цэнтру ў Нью-Ёрку 11 верасьня 2001 года. Але гэта здарылася значна пазьней, праз некалькі гадоў пасьля піку новага нашэсьця варвараў на Эўропу і пераносу актыўнасьці гэтага нашэсьця ў ЗША, пасьля таго, як былі зроблены рыштаваньні і адкрыўся доступ да канструкцыі сабору.

І цяпер -- аб прозе сьвецкага жыцьця і аб нікчэмнай палітыцы.

У Францыі 65 мільёнаў насельніцтва. Зь іх палова называе сябе католікамі. З гэтай паловы толькі адна цэлая і восем дзясятых адсоткаў (1,8 %) два разы на год (Вялікдзень і Раство) наведваюць касьцёл і бяруць у касьцёле шлюб. Як правіла, яны маюць вельмі туманныя ўяўленьні пра каталіцтва, Бога і Хрысьціянства.

З гэтых 1,8 адсоткаў толькі нязначная доля людзей (парадку 60-80 тысячаў) зьяўляюцца практыкуючымі вернікамі, якія наведваюць імшу кожную нядзелю ў сьвяты і буднія дні.

У Францыі засталося больш 40 тысячаў касьцёлаў. Амаль усе яны стаяць пустыя, бо няма вернікаў. Касьцельныя будынкі альбо зносяць, альбо прыстасоўваюць пад гатэлі, залі, гаражы і т. п. У апошнія гады (і гэта пашыраецца) будынкі касьцёлаў гараць у пажарах. За паўгода перад пажарам Нотр-Дам было спалена 13 касьцёлаў. Гараць таксама іншыя дамы, зьвязаныя з французкай культурай, гандлем і бізнэсам (асабліва ў Парыжы). Усё гэта перамешана з тэрактамі, згвалтаваньнямі і т. п., колькасьць якіх павялічваецца.

Самай вялікай рэлігійнай (практыкуючай кожны дзень) групай у Францыі зьяўляюцца мусульмане -- амаль 6 мільёнаў (9%) супраць 60 тысячаў (0,000092%) практыкуючых католікаў.

Вось вынік усяго лявацкага французкага богаборства, пачынаючы ад якабінцаў і 1789 года. Францыя -- асноўная бязбожная і, фактычна, антыхрысьціянская краіна ў Эўропе.

Пасьля вайны, і асабліва пасьля ўтварэньня і пашырэньня Эўразьвязу, лаізацыя краіны пашла хуткімі тэмпамі. Дзяржавай стала кіраваць лявацкая праслойка з сацыялістычнай псіхалогіяй. Гэта яны ўпусьцілі ў Эўропу варвараў, зь якімі хрысьціянская Эўропа змагалася ўсю гісторыю. Толькі тады ворагі хрысьціянства былі за межамі краінаў і за сьценамі гарадоў. Цяпер яны ўнутры Эўропы, хутка размнажаюцца, займаюць пустыя касьцёлы, перарабляюць іх на мячэці альбо спальваюць і карыстаюцца прывеліяваным статусам у краіне. Выгнаць іх ужо немагчыма, а для змаганьня французы, немцы, гішпанцы і т. п. ужо ня здатныя. Яны пераходзяць у іслам, і колькасьць такіх павялічваецца.

Спачатку варвары, пры падтрымцы левых камэдыянтаў ва ўладзе, вынішчаць хрысьціянскую культуру, а потым ужо возьмуцца за самых камэдыянтаў. Унутраную вайну выйграюць варвары, бо эўрапейскія мужчыны, апрацаваныя зь дзяцінства збочанай і бязвольнай лібэральна-сацыялістычнай прапагандай, ўжо ня здольныя да барацьбы.

Гістарычнае злачынства левай нечысьці перад цывілізацыяй -- велізарнае (не кажу ўжо пра нямецкі нацыянал-сацыялізм і рускі камуна-бальшавізм). Гэта левыя дэмагогі ва ўладзе, як некалі іхны папярэднік люмпэн у Рыме, адчынілі брамы варварам -- ворагам эўрапейскай цывілізацыі і цяпер дураць людзям галаву сваімі псэўдатэорыямі пра мультыкультуралізм, "правы чалавека", гомасэксуалізм і ўсялякую ерась.

Глядзець, як вандалы ламаюць крыжы ў Курапатах, як гарыць хрысьціянскі храм у бязбожным Парыжы нам, беларусам, у якіх рускія акупанты і бальшавіцкія дзікуны спалілі, узарвалі тысячы старажытных храмаў, забілі мільёны людзей, -- нам на тое глядзець балесна і цяжка.

Але было адно відовішча, адзін факт, які мяне зьдзівіў і падтрымаў надзею на адраджэньне сьвятла. Гэта дзясяткі вернікаў на каленях у малітве перад палаючым Нотр Дам. Адкуль яны? Яны яшчэ ёсьць? Яны яшчэ жывыя? Сьпяваюць псальмы. Іх мала. Як гэта нам знаёма. Толькі кроў -- не вада. І над расстрэльнымі ямамі мы пераможам.

Згарэў знакавы храм Францыі. Бяда на хвіліну аб'яднала французаў. Можа, адродзіцца хрысьціянская Францыя? Але -- не адродзіцца. Тады -- па чарзе. Наступным можа стаць Луўр.

17 красавіка 2019 г.                              Зянон ПАЗЬНЯК