МАСКВА АСЬЦЯРОЖНА ПАЧЫНАЕ ГУЛЯЦЬ "НА БАНК"

posted Dec 17, 2019, 2:07 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 17, 2019, 2:07 PM ]

У інтэграцыйнай вайне па захопу Беларусі маскоўскі палітычны крымінал іграе па адных і тых жа нотах: шантаж і палоханьне сатрапа, каб хутчэй здаваў Беларусь.

Звычайна выпускаюць прапагандысцкі відэаматэрыял, у якім паказваюць ягоныя крымінальныя ўчынкі, парушэньні закона ці выцягваюць нейкіх сьведак, ці схаваныя дакуманты і т. п.

Маскоўская палітмафія такім чынам палохае сваё "дзецішча" Лукашэнку, каб здаваўся, а то, маўляў, усё раскажам пра цябе грамадзтву і міжнароднай супольнасьці -- страціш уладу, невуч.

На невуча гэта асабліва ня дзейнічае па прычыне, што чхаць яму на грамадзтва, "народзец" і міжнародную супольнасьць. Усё схоплена.

Па схеме палоханьня быў зроблены чарговы відэаматар'ял фірмы NЕХТА -- "Лукашенко. Уголовные материалы" (па ідэалогіі – гэта прафэсійны маскоўскі праект -- канцэнтрацыя не на галоўным, а на "паралелях" і нічога -- пра Расею.), якое набрала два мільёны праглядаў, але рэальна ні на што не паўплывала.

І вось цяпер мы бачым, што Масква як быццам зьбіраецца іграць "на банк" па старой песьні. У 2018 годзе на Захад выязджае адзін з бандытаў (быццам бы) "эскадрона сьмерці". Там ён дае паказаньні ў відэа-інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" аб забойстве беларускіх палітыкаў у 90-х гадах (фільм зроблены рускай службай, уся група пазначана ў цітрах). Акурат цяпер, у разгар маскоўскага гандлю па інтэграцыі, гэтае відэа зьяўляецца ў эфіры. Магчыма, што на Захад пераправілі ні аднаго "сьведку", каб задзейнічаць у справе Эўразьвяз (а Масква -- збоку).

Характэрна, што ў цяперашнім укідзе няма нічога новага, чаго б не было ўжо раней вядома і пацьверджана пра забойства палітыкаў ("сьведка" таксама паўтарае тое, што ўжо вядома). Але шум зроблены, Масква пацірае ручкі, гуляючы лёсам забітых людзей (якія яе не цікавяць). Тыповая псіхалогія і карціна канфлікту прапагандысцкай палітыкі.

Масква ўцягнула Лукашэнку ў крымінальныя забойствы, валодае ўлікамі і дакумантамі гэтых забойстваў, выкарыстоўвае іх для дасягненьня інтэграцыйнай акупацыі Беларусі шляхам шантажу свайго кліента, каб той падпісаў, што яны патрабуюць.

У іхным "загашніку" страшылак кліента яшчэ жахлівы выбух у менскім мэтро (18 ахвяр), пасьпешны расстрэл падазраваных асобаў па недаказанай віне, "узрыўпакеты з сокам", файерверкі, забойствы бізнэсмэнаў і крымінальных "аўтарытэтаў".

Пра якія макабарычныя рэчы прыходзіцца пісаць. Да чаго дажыліся мы, беларусы! Гэта ж якая цемра ўзьнялася вырашаць жыцьцё і будучыню народа.

Зразумела, што супраць бандаў, якія захапілі ўладу ў Менску і ў Маскве, мусіць быць грамадзкая мабілізацыя. Але гісторыя, на жаль, паказвае, што, каб застацца, банды хапаюцца за зброю. Бяз лішніх слоў, у дваццаць пяты раз паўтараю: рыхтуймася да абароны краіны. Усё спатрэбіцца.

17 сьнежань 2019 г.                                                 Зянон ПАЗЬНЯК