МЭМАРАНДУМ ДА ЎРАДАЎ ЗАХОДНІХ КРАІН І ГРАМАДЗТВА

posted May 3, 2019, 5:40 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 3, 2019, 5:40 AM ]

    Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ па даручэньні Сойму КХП -- БНФ упаўнаважанае заявіць наступнае:

У Беларусі таемнымі расейскімі спэцслужбамі поўным ходам ідзе падрыхтоўка інкарпарацыі краіны ў Расею. Пра гэта сьведчыць стварэньне спэцыяльнай пастаяннай групы "па інтэграцыі" ў Маскве, агрэсіўныя заявы кіраўніцтва Расеі (Мядзьведзеў) і дзеяньні залежнага ад Масквы рэжыму Лукашэнкі па канчатковым зьнішчэньні грамадзянскай супольнасьці. Пачаўся інтэнсіўны перасьлед журналістаў і недзяржаўных СМІ, перасьледуюць і зьнішчаюць незалежныя прафсаюзы, мэтадычна арыштоўваюць грамадзкіх актывістаў. З 1-га красавіка рэжым Лукашэнкі пачаў зьнішчэньня нацыянальнага некропаля -- Народны Мэмарыял Курапаты -- помніка першай катэгорыі пэрыяду расейска-бальшавіцкага генацыду 1937-1941 гадоў, дзе расейскія бальшавікі расстралялі чвэрць мільёна нявінных людзей.

У канцы мінулага года Масква запатрабавала прысутнасьці ў Беларусі спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ў якасьці амбасадара. Ім быў прызначаны функцыянер КГБ-ФСБ Міхаіл Бабіч. Спэцпрадстаўнік, у парушэньне дыпляматычных нормаў, займаецца прапагандай "русского міра", гуртуе рускую шпіёнскую рэзідэнтуру ў Беларусі, наладжвае прыёмы рускім рэзідэнтам у амбасадзе Расейскай Фэдэрацыі, езьдзіць па Беларусі з мэтай арганізацыі ў Беларусі паралельных прарускіх ворганаў улады, якія (па прыкладу акупацыі Данбаса) мусяць праявіцца ў час "ікс" -- з пачаткам расейскай акупацыі Беларусі.

Функцыя "спэцпрадстаўніка" ўводзіцца Расеяй заўсёды дзеля падрыхтоўкі акупацыі памежнай краіны. Так былі акупаваныя Прыбалтыйскія краіны ў 1940-м годзе (спэцпрадстаўнік у Эстоніі -- А. Жданаў; у Латвіі -- А. Вышынскі; у Летуве -- Ул. Дэканозаў). Па гэтай жа схеме Расея разбурала Рэч Паспалітую ў XVIII стагоддзі.

На пасады кіраўнікоў сілавых ведамстваў (КГБ, Міністэрства ўнутраных спраў, войска і г. д.) Лукашэнка, які зьяўляецца марыянэткай Масквы, прызначыў расейскіх функцыянераў КГБ-ФСБ. Міністэрствы асьветы і адукацыі таксама ўзначальваюць функцыянеры, якія адраджаюць культ Сталіна, камсамола і камунізму. КГБ рэжыму Лукашэнкі і ФСБ Расеі праводзяць сумесныя калегіі і дэейнічаюць у інтарэсах Расеі. Руская рэзідэнтура ва ўладзе сьпешна перафарбоўвае наглядную агітацыю Беларусі пад колеры Расеі. Гэта прыкмета, што зь ведама здрадніцкага рэжыму Лукашэнкі задумана інкарпарацыя беларускай тэрыторыі і падпарадкаваньне Беларусі пуцінскай Расеі.

Наша задача папярэдзіць краіны-суседзі і краіны ўсяго заходняга сьвету аб тым, што калі будзе дапушчана інкарпарацыя і захоп Беларусі Масквой і рэстаўрацыя рускага сацыялізму ў акупаванай Беларусі, то гэта ня толькі стане пагрозай для ўсёй Эўропы, але, магчыма, пачаткам новай расейскай вайны супраць заходняга сьвету. Народ Беларусі будзе супраціўляцца расейскаму гібрыднаму захопу ўсімі спосабамі

Мы лічым, што заходняя палітыка і палітыка нашых суседзяў павінна сур'ёзным чынам улічваць імкненьні Масквы інкарпараваць Беларусь, зьмяніць баланс дачыненьняў у Эўропе і пагражаць вайной заходняй цывілізацыі. Мы хацелі б бачыць пазыцыю заходніх краін, якая б спыніла агрэсіўныя намеры пуцінскай Расеі і намеры падпарадкаваньня Беларусі.

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ:

Зянон ПАЗЬНЯК -- старшыня;

Юры БЕЛЕНЬКІ -- намесьнік старшыні;

Сяргей ПАПКОЎ -- намесьнік старшыні

19 красавіка 2019 г.