Міністр абароны Украіны Стэпан Палтарак: Мы адсочваем сытуацыю

posted Sep 12, 2017, 8:20 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 12, 2017, 8:21 AM ]

Міністр абароны Украіны Стэпан Палтарак заявіў у інтэрв’ю выданьню “Наша армія”:

«Расея штогод праводзіць маштабныя вучэньні, афіцыйна заяўляючы: яны планавыя і не пагражаюць якой-кольвечы дзяржаве. Аднак, як паказвае досьвед, гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Акрамя дэманстрацыі сілы, вучэньні падобнага размаху цалкам могуць служыць прыкрыцьцём для разгортваньня ўдарных груповак войскаў РФ, разьмяшчэньня сродкаў паражэньня і запасаў матэр’яльных рэсурсаў на апэрацыйных накірунках і для адпрацоўкі варыянтаў ужываньня такіх сілаў. Мы добра памятаем, як расейскія войскі, што ўдзельнічалі ў манеўрах “Каўказ-2008”, не вярнуліся з палігонаў і пачалі агрэсію супраць Грузіі.

Аднак наша ацэнка паказвае: да манеўраў могуць прыцягнуць больш за 100 тыс. вайскоўцаў. Да таго ж РФ перакінула авіяцыю, якая задзейнічана ў вучэньнях раней за запланаваныя тэрміны. Гэта стварае пагрозу Украіне і іншым краінам Эўропы. Мы адсочваем сытуацыю і ведаем аб перасоўваньні расейскіх войскаў паўз украінскую мяжу. Мы падтрымліваем высокую баявую гатоўнасьць, каб у выпадку неабходнасьці адэкватна адрэагаваць на небясьпеку».

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/politics/poltorak-ob-ucheniyah-zapad-2017-oni-vpolne-mogut-sluzhit-prikrytiem-dlya-razvertyvaniya-udarnyh-gruppirovok-voysk-rf-204445.html