Мітынг супраць расейскай акупацыі ў Менску

posted Oct 6, 2017, 8:47 PM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 6, 2017, 8:48 PM ]

3 кастрычніка ў Менску адбыўся антываенны мітынг супраць расейскай акупацыі нашай краіны і імпэрскай агрэсіі з Усходу, арганізаваны Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй – БНФ. Людзі прышлі ў Кіеўскі сквэр сталіцы з нацыянальнымі Бел-Чырвоан-Белымі Сьцягамі і антываеннымі, антыімпэрскімі транспарантамі. Нягледзячы на холад і дождж настрой быў аптымістычны і сьветлы.

Быў заслуханы зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні КХП-БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” – “Беларусь пераможа. Пляны Пуціна праваляцца”. Таксама выступілі сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту, і сакратары Управы Партыі і Фронту сп. Алесь Чахольскі і сп. Валеры Буйвал. Яны казалі пра трывожнае становішча, якое паўстала ў Беларусі і вакол нашай краіны ў сувязі з маштабнымі манэўрамі і перадыслакацыяй вялікіх масаў расейскай арміі і ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі і каля яе межаў. Ніхто пакуль ня можа сказаць дакладна, колькі расейскіх войскаў засталося на нашай тэрыторыі пасьля афіцыйнага завяршэньня вучэньняў “Захад-2017”.

Афіцыйным заявам даверу няма, прамаскоўскі рэжым і Масква ня маюць даверу народаў. Ваенная дактрына Масквы не зьмянілася: гэта захоп і падпарадкаваньне тэрыторый, якія раней належалі імпэрыі, ліквідацыя незалежных краін і ўстанаўленьне “Русского міра” на землях народаў. Таму вельмі важна, каб людзі і народы ў краінах нашага рэгіёну салідарызіраваліся і выступілі разам супраць маскоўскай агрэсіі. Але першасным і найважнейшым ёсьць менавіта беларуская салідарнасьць нашых людзей у абароне Бацькаўшчыны. Калі нават 1% насельніцтва актыўна выступіць супраць расейскай арды, то гэта будзе 100-тысячная дабраахвотная армія.

Але беларусы павінны таксама спадзявацца на нашы Узброеныя Сілы, на беларускіх афіцэраў і жаўнераў. Нягледзячы на татальную русіфікацыю і падпарадкаваньне нашай арміі навязаным нам расейскім генэралам і Маскве, у Беларускай арміі ёсьць многія тысячы патрыётаў, якія, калі спатрэбіцца, будуць ваяваць не за інтарэсы маскоўскага агрэсара, а за Беларусь. Усе разам – увесь народ, беларусы і беларускі, цывільнае насельніцтва і патрыёты ва Узброеных Сілах – мы павінны выратаваць сваю будучыню, сваю краіну ад паняволеньня паганай Масквой, ад разбурэньня і зьнішчэньня. Мы будзем бараніць Радзіму ад маскоўскіх захопнікаў.

Грамада вітала выступы гуканьнем “Слава Айчыне! Жыве Беларусь!” Мітынг аднагалосна прыняў рэзалюцыю “Гуртуем патрыятычныя сілы. Рыхтуемся абараняць Беларусь”.

Мерапрыемства завяршылася сьпяваньнем нашага нацыянальнага духоўнага гімну “Магутны Божа”.

                    Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

3 кастрычніка 2017 г.