МІТЫНГ У МЕНСКУ, ПРЫСЬВЕЧАНЫ ЎГОДКАМ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ КАТАСТРОФЫ

posted Apr 28, 2017, 3:13 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 28, 2017, 3:14 AM ]

26 красавіка ў Менску адбыўся мітынг, прысьвечаны ўгодкам Чарнобыльскай катастрофы. Дзень выдаўся па асеньняму пануры, ішоў халодны дождж. Гэта, відаць, спрычынілася да таго, што Чарнобыльскі шлях сёлета быў не шматлюдны. Але, безумоўна, прычыны глыбейшыя. Грамадзкая апатыя ад атручваньня нялюдзкім рэжымам улады яшчэ не мінула.

На заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ у Кіеўскім сквэры сталіцы сабраліся пад дажджом ня больш 60-70 чалавек. Праўда, усё выглядала прыстойна, прыгожа і нават уражліва для вока (сьцягі плакаты. расьцяжкі. гучэла беларуская маркотная музыка і гімны).

Грамада заслухала зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Выступілі сябры кіраўніцтва і Сойму КХП-БНФ дэпутаты Незалежнасьці сп. Юры Беленькі і Сяргей Папкоў, удзельнік ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы сакратар Управы КХП-БНФ сп. Алесь Чахольскі, сп. Зьміцер Якаўцаў з Гомеля, спэцыяліст па энэргетыцы дэпутат Незалежнасьці сп. Мікалай Крыжаноўскі, легендарны лідэр рабочага руху Беларусі дэпутат Незалежнасьці сп. Сяргей Антончык, а таксама старэйшыя і маладыя ўдзельнікі мітынга.

У другой палове мітынгу да грамады далучылася шматлікая група ўдзелнікаў шэсьця і мітынгу (каля ста асобаў), што зьбіраліся каля Акадэміі навук і Чарнобыльскай капліцы на чале з Паўлам Севярынцам, які выступіў тут з кароткай прамовай. Мітынг працягваўся.

Выступоўцы нагадалі, што менавіта Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка на прыканцы 1980-х гадоў разбурыў сьцяну маўчаньня вакол Чарнобыльскай катастрофы, арганізаваў гуманітарную дапамогу насельніцтву пацярпелых раёнаў Беларусі. Фронтаўцы раскрылі перад усім сьветам сапраўдныя маштабы маскоўскага злачынства над нашым народам, даказалі, што менавіта з Масквы прышоў загад асадзіць радыёактыўныя воблакі на Беларусь і засакрэціць вынікі тэхнагеннай катастрофы.

І вось праз тры дзесяцігоддзі пасьля Чарнобыля антыбеларускі рэжым на загад Масквы будуе на нашай зямлі атамную станцыю ў Астраўцы. Гэта ёсьць злачынства супраць нашага народу, усе разумеюць, што Масква такім чынам бярэ беларусаў і ўсе навакольныя краіны ў закладнікі сваёй злачыннай палітыкі.

Беларусы павінны ўсьведаміць, што вырашэньне пытаньняў, зьвязаных з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы, магчымае толькі палітычным шляхам, у выніку ліквідацыі кіруемага Масквой васальнага рэжыму ў Беларусі і ўсталяваньня ў нашай краіне беларускай дэмакратычнай і патрыятычнай улады.

Цяперашні рэжым працягвае радыёактыўнае зьнішчэньне нашай нацыі, вяртаючы ў сельскагаспадарчы абарот атручаныя радыяцыяй плошчы і распаўсюджваючы атручаныя прадукты харчаваньня па ўсёй краіне.

Выступоўцы гаварылі таксама пра праграму “Вольная Беларусь”, падкрэсьліваючы, што яна зьяўляецца рэальным і практычным планам дзеяньняў па адраджэньню дэмакратычнай, заможнай і сувэрэннай Беларусі, дзе ніхто ўжо ня будзе праводзіць злачынныя чарнобыльскія экспэрымэнты над людзьмі.

На прыканцы мітынгу была зачытана рэзалюцыя мітынга, за якую ўдзельнікі адзінагалосна прагаласавалі.

Мерапрыемства традыцыйна скончылася сьпяваньнем гімна “Магутны Божа”.

26 красавіка 2017 г.        (Інфармацыя КХП -- БНФ)