МОМАНТ ПРАЎДЫ

posted Jun 3, 2020, 9:22 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 3, 2020, 9:22 AM ]
У палітыцы момантам праўды ёсьць рашэньне і дзеяньне, якое спрыяе праўдзе.

Крытэрам палітычнае праўды ёсьць дабро Бацькаўшчыны і дабро народу. Айчына вечная, але народ мяняецца. Гэта пастулаты. Палітычнае змаганьне заўсёды йдзе за народ, дзе б, у якой форме і калі б тое ні было.

Цяпер у сувязі з выбарчай кампаніяй у час эпідэміі пачаўся стыхійны пратэстны рух людзей нездаволеных сацыяльным становішчам і абураных хамскімі зьнявагамі народа з боку Лукашэнкі. Рух выступае пад аб'яднаўчым лёзунгам "Лукашэнка -- прэч!" (гэта значыць пад лёзунгам замены ўлады Лукашэнкі на "нармальную" беларускую ўладу). Узначалілі гэты рух не палітыкі, але малавядомыя людзі, беларусы з неакрэсьленымі нацыянальнымі і сацыяльнымі ўяўленьнямі. Антылукашысцкі пратэстны рух імкліва нарастае.

Сітуацыя ў цэлым зразумелая і простая. Народ пачаў дэманстрацыю свайго палітычнага пратэсту без палітыкаў. Цяпер беларускім палітыкам, патрыётам і адраджэнцам (якіх яшчэ не перадушыў лукашысцкі рэжым) трэба падтрымаць народны пратэст і далучыцца да яго, дапамагаць людзям.

Пытаньне ўзьнікла адразу пра невядомых дагэтуль кіраўнікоў і арганізатараў пратэсту. Патрэбны быў пэўны час для азнаямленьня. Але галоўным грамадзка-палітычным чыньнікам тут зьяўляюцца людзі, пратэстная маса выбаршчыкаў. Яны вызначаюць адносіны.

Асобы, далёкія ад нацыянальнай палітыкі, часам не разумеюць увогуле, што адбываецца. Тысячы людзей падпісваюцца за жанчыну, якую ніхто ня бачыў і ня чуў, якая сядзіць дома і гадуе дзяцей, пакуль яе муж узначальвае пратэстны рух, не ўдаючыся ў складаныя разважаньні.

І гэта не абсурд. Гэта палітыка, якая дае магчымасьць людзям рэалізаваць законную ініцыятыву супраць збанкрутаванай улады. Нават калі б выбарчы пратэст узначальвалі палкоўнікі чужой варожай дзяржавы, то тады тым больш беларускім нацыянальным палітыкам і патрыётам абавязкова трэба далучацца да народнага пратэстнага руху, каб уплываць на яго і дапамагаць, бо нельга, каб чужыя асобы асядлалі народ і завялі людзей у тупік, у палітычную прорву, ці падставілі пад рэпрэсіі і разгром. Трэба змагацца разам зь людзьмі за інтарэсы людзей і за інтарэсы Беларусі. Тут правіла. Тым больш, што мэта пратэсту адпавядае патрабаваньню часу: "Лукашэнка, прэч!"

Непасрэднай задачай зараз павінна стаць патрабаваньне да рэжыму неадкладна вызваліць з-пад арышту незаконна затрыманых спадара Ціханоўскага і ягоных сяброў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Лагічна было б, калі б усе прэтэндэнты на кандадатаў у прэзыдэнты салідарна запатрабавалі б ад улады вызваліць незаконна арыштаваных. Прэтэндэнтам нельга маўчаць. Інакш гэта ўжо ня выбары, але нейкія джунглі, гульня з дзяржаўнымі бандытамі.

Што рабіць далей -- беларусы ведаюць. Байкот фальшывыга галасаваньня. Масавы грамадзкі кантроль над прыходам людзей на ўчасткі для галасаваньня. Новыя выбары бяз Лукашэнкі, вяртаньне Канстытуцыі 1994 года, парляманцкая Рэспубліка, Незалежнасьць, свабода, дэмакратыя, дабрабыт, адраджэньне сьветлай Беларусі -- краіны дзеля добрага жыцьця людзей.

2 чэрвеня 2020 г.                             Зянон ПАЗЬНЯК