МОВА НЯНАВІСЬЦІ – МОВА ЛЕВАЙ ІДЭАЛЁГІІ

posted Jan 17, 2018, 1:40 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 17, 2018, 1:40 PM ]

Дрэнна, што ідэалёгія нянавісьці (крыніцай і лідарам якой зьяўляецца Расея) абвальна распаўсюдзілася зараз па ўсім сьвеце, становіцца вырашальным чыньнікам у грамадзка-палітычных ацэнках і дачыненьнях.

Гэтую зьяву, я мяркую, трэба схематычна акрэсьліць, бо, знаходзячыся паміж лева-лібэральным Захадам і лева-гэбоўскай Расеяй нашаму грамадзтву цяжка будзе пазьбегнуць яе паталагічных праяваў.

Нянавісьць у ідэйна-палітычных дачыненьнях накаплівалася паступова, але раптоўная і ўсімі заўважаная ўспышка яе адбылася ў другой палове 2016 – пачатку 2017 г.г. Усё працягваецца. Нянавісьць тут – гэта рэакцыя лева-лібэральнага палітычнага асяроддзя (якое знаходзіцца ў крызісе) на паразы ў Эўропе і Амэрыцы (Вугоршчына, Польшча, Брэкзіт, прэзыдэнцтва Трампа)

Каласальны ўдар па лявацтву адбыўся ў ЗША. Амэрыка, асабліва за часы Абамы, была ўжо, практычна, у камуна-лібэральным мяшку, заставалася толькі завязаць. Працоўная Амэрыка (найбольш правінцыя), адчаяўшыся, не хадзіла нават галасаваць (што, вядома, для Амэрыкі абсурд).

Але тут знайшоўся багаты, брутальны, бесцырымонны і агрэсіўны геній, які адшукаў дарогу да амэрыканцаў і паламаў усе пляны лева-глабалісцкай палітыкі, стаў прэзыдэнтам ЗША.

Вось тут і пачалося. Расейскае “Гёбэльс-ТВ”, усе тыя “кісялёвы”, уся тая прапагандысцкая “вата” – дзіцячы сад у параўнаньні з той нянавісьцю і з тым вар’яцкім шаленствам, якое раскруцілі левакі супраць Трампа. Гэта ня жарты. Тут акрамя ідэалогіі барацьба гігантаў. За Трампам стаіць прамысловы капітал. За кланам Клінтанаў, Сораса і інш. – капітал фінансавы.

На шчасьце геній бізнэсу Трамп (які перажыў дзевяць банкруцтваў) аказаўся стойкім і агрэсіўным палітбайцом. Ён ня толькі ў тых умовах спраўджвае сваю праграму, ды трымае ўдар, але тут жа адказвае ўдарам на ўдар, якія часта дасягаюць мэты.

Трамп, як і абяцаў, спыніў “кармушкі” за кошт Амэрыкі (якія падпісаў Абама), адмовіўся ад удзелу ў так званым гандлёвым “Транс-Ціхаакіянскім Партнёрстве” і асабліва ад так званага “Парыжскага пагадненьня па клімаце”. (Там амаль за ўсё плаціла Амэрыка. Кітай, напрыклад, які выдае амаль трэць забруджаньня плянэты, плаціць 24 мільёны даляраў, Расея – 18 млн, а ЗША за 13% занечышчэньня – тры мільярды).

Апошнім часам Трамп прыняў моцнае палітычнае рашэньне, годнае стылю такіх выдатных прэзыдэнтаў як Г. Трумэн і Р. Рэйган, – прызнаў Ерусалім сталіцай Ізраіля. (Людзі, якія не разумеюць, што адбываецца на Блізкім усходзе, – лямантуюць. Але гэта праміне.)

Першы год для Трампа стаў пасьпяховым. Скарацілася беспрацоўе, зьменшала інфляцыя, павялічылася колькасьць рабочых месцаў, прынята, што з 2019 года перастане дзейнічаць “Абама-кэр”, істотна абніжаны падаткі. Гэта стымулюе эканоміку, працу і інвэстыцыі. За 2017 год амэрыканская біржа павялічылася на 500 пунктаў. Амэрыканцы кажуць, што такога тэмпу не было яшчэ за ўсю гісторыю Амэрыкі.

Па маіх назіраньнях Дональд Трамп, калі толькі ня зробіць якой фатальнай памылкі, альбо калі (ня дай Бог!) яго не заб’юць левыя экстрэмісты, абяцае стаць адным зь лепшых прэзыдэнтаў Амэрыкі.

Мне асабліва падабаецца, што Трамп пачаў рабіць тое, што насьпела і чаго не рашаўся рабіць ніхто з амэрыканскіх прэзыдэнтаў – вычышчаць гнілое журналісцкае левае кубло. У рэальнасьці бальшыня зь іх даўно ніякай справядлівй свабоды слова не прытрымліваецца, служыць палітычным групам ды карпарацыям і пакланяецца мамоне. Прэзыдэнцкая кампанія Трампа тое добра паказала. 95% амэрыканскага друку травіла Трампа і хваліла Клінтан. Ну якая тут “свабода слова” ў дэмакратычнай краіне, калі сродкі масавай інфармацыі гуляюць у адны вароты, калі ў выбарчай кампаніі амаль увесь друк падтрымлівае аднаго кандыдата і нішчыць яго апанэнта. Прычына зразумелая. Тут выгадны лявацкі экстрэмізм. “Вы ніякія не журналісты, – казаў Трамп ім у твар, – вы палітычная апазыцыя”.

Цяпер у Амэрыцы рыхтуецца закон аб адказнасьці за хлусьню і непраўдзівую інфармацыю ў СМІ. Ня думаю, што гэта добрая прапанова. Чыноўнікаў лепш не дапускаць да сродкаў масавай інфармацыі. Але нешта ўжо трэба рабіць, каб спыніць вал нянавісьці, дэзінфармацыі, выдумак і “фэйкаў”.

Новае, што зьявілася ў лявацкай нянавісьці пасьля перамогі і посьпехаў Трампа – гэта поўная безагляднасьць і катэгарычнае нежаданьне ўступаць у любыя дыскусіі і размовы з людзьмі іншых не лявацкіх поглядаў (тых, што за Трампа). Сумняваюся ці калі нешта падобнае ў амэрыканскім грамадзтве было. Апанэнты адмаўляюцца апрыоры, па вызначэньні, ад дыялогу. Гэта скрыты стан грамадзянскай вайны.

Вышукваюцца ўсё новыя сфэры і групы электаральнай апрацоўкі і прыкладаньня левай крытыкі і адмаўленьня. Ужо даўно забыліся на “бедных і прыгнечаных” (якія не апраўдалі надзей), на нелегалаў, на “вэлфаршчыкаў” і гультаёў, нават на гомасэксуалістаў забыліся (адышлі на другі план). Ухапіліся за прыгожую палову чалавецтва – за жанчын. Тэзісы аб “прыгнёце” жаночага полу, аб малай аплаце ўжо не спрацоўваюць. Аб згвалтаваньні – таксама (крымінал і адзінкавыя выпадкі). Прыдумалі “сэксуальныя дамаганьні” мужчын да жанчын, якія прыраўніваюцца да гвалту. Ініцыятарам, як звычайна, выступіў Галівуд.

Пачалася сапраўдная траўля мужчын. Зьявілася шмат пакрыўджаных лёсам жанчын, якія сьведчаць, як начальнік быццам бы некалі дакрануўся да яе, калена, ці да таліі, ці прапанаваў выпіць кавы разам зь ім у гасьцінічным нумары і гэтую псіхалягічную траўму яна гадамі ня можа забыць.

Ужо “паляцелі галовы” у некаторых вядомых людзей. Нехта зволіўся з працы, некага адправілі ў адстаўку, нехта нават пакаяўся за неабдуманы чмок у аголеную ключыцу, якую яму падставілі. Усё гэта на цяперашняй стадыі крыху нагадвае гістарычнае “паляваньне на ведзьмаў”.

Трэба, аднак, разумець, што ў амэрыканскім грамадзтве такія электаральныя канцэрты левакоў звыклая зьява. Бывае па два-тры ў год. Зусім нядаўна левыя экстрэмісты бударажылі ўсю Амэрыку, патрабуючы зьнесьці ўсе помнікі ўдзельнікам Грамадзянскай вайны ў ЗША на баку Канфэдэрацыі на той падставе, што яны абаранялі рабства. Некалькі помнікаў нават разьбілі. Вэрхал і пустазвонства ўзьнялі такое, што здавалася вось-вось і ў Амэрыцы пачнецца рэвалюцыя.

Неўзабаве тая пена раптам зьнікла, як і пачалася. Ужо і забыліся. Цяпер узяліся за сэксуальныя інстынкты мужчын. Электаральны канцэрт у самым разгары. Як і ў прыкладзе з Клінтанам і Левінскай, здаровага сэнсу хапіла толькі французскім жанчынам, якія напісалі адозву сэнс яе такі: – спыніцеся, бесталковыя. Мужчыны мусяць дамагацца жанчын, інакш жыцьцё спыніцца. На што, між іншым, нейкая італьянская актрыса, што пабудавала сваю кар’еру ў выніку “сэксуальных дамаганьняў”, адпарыравала французскім жанчынам ў фэміністычным стылі: вось, маўляў, гэтая адозва – вынік брыдкага жанчынаненавісьніцтва.

Калі на гэта глядзець сур’ёзна – тут лявацкая сацыяльная парнойя, масавае замарачэньне розуму. Калі глянуць з гумарам – дык палітычная камэдыя.

Але гумару тут мала (калі ламаюцца лёсы людзей). Трэба глядзець сур’ёзна, бо вынікам гэтых лявацкіх электаральных замарочак ёсьць татальнае пашырэньне нянавісьці ў грамадзтве і экспарт яе на ўвесь сьвет.

Тут мушу спыніцца на анталагічным зьмесьце такой зьявы. У гісторыі чалавецтва лявацтва, левыя ідэі, ёсьць аснова ідэалёгіі абсалютнага зла. Яна ўзьнікла параўнальна нядаўна разам з ростам эўрапейскай народнай (так зв. «буржуазнай») дэмакратыі. Гнасеалагічныя карані гэтай ідэалёгіі як сьветапогляду бяруць пачатак ад рымскага люмпэну, лёзунг якога быў сфармуляваны ў фразе: “хлеба і відовішчаў”. Гэта масавая псіхалогія пагрунтаваная на паразітнай упэўненасьці, што іншыя людзі павінны іх утрымліваць з-за іх беднасьці і адсутнасьці сродкаў існаваньня. Беднасьць, адсутнасьць маёмасьці, заганы, і гультайства ўспрымаліся як сацыяльны статус. Гэты статус спараджаў зайздрасьць і нянавісьць да пасьпяховых маёмных людзей.

Пазьней з разьвіцьцём вытворчых дачыненьняў і жудаснай эксплуатацыі псіхалогія чэрні, беднаты, пралетарыяту («галодных і рабоў») была асэнсавана сацыяльнымі рамантыкамі (якія марылі аб удасканальваньні чалавецтва), як грунт справядлівага пераўтварэньня грамадзтва. У марксізме люмпэнская псіхалогія набыла форму ідэалогіі і эканамічнае абгрунтаваньне, выглядала прывабна і справядліва.

Падсумоўваючы псіхалагічны статус і гістарычны працэс станаўленьня левай ідэалогіі трэба адзначыць некалькі базавых прынцыпаў лявацтва. Менавіта: у недасканаласьці грамадзтва і ў беднасьці людзей вінаватыя іншыя катэгорыі людзей. Гэта перш за ўсё багатыя. Могуць быць жыды, дзяржаўныя чыноўнікі і т.п. Каб удасканаліць грамадзтва трэба адабраць усё ад багатых, жыдоў, чыноўнікаў і справядліва падзяліць. Дзяржава павінна забясьпечваць кожнага чалавека.

Тэзісы мае ўтрыраваныя. Але на гэтым, фактычна, базаваліся самыя антычалавечыя левыя сістэмы – расейскі камунізм і нямецкі фашызм. Асновай такой ідэалогіі, якая абавязкова прадугледжвала вінаватых (ворагаў грамадзтва) зьяўляецца нянавісьць. Лявацтва імкнецца перарабіць і ўдасканаліць чалавецтва, зьнішчыць яго ворагаў свабоды, стварае рэвалюцыі і сацыяльны паразітызм. Лявацтва гуртуе, як правіла, больш нізкі, матэрыяльны ўзровень людзей, звычайна бяз веры ў Бога, здольных, аднак, да сацыяльнай рамантыкі, салідарнасьці і вечнага змаганьня.

Неад’емным атрыбутам лявацтва зьяўляецца яго актыўнасьць і агрэсіўнасьць. Гэта трансцэндэнтнае ідэйна-сацыяльнае зло, салідарнае між сабой, здольнае да мімікрыі і самаразьвіцьця.

Калісьці заснавальнікі камунізму напісалі ў сваім маніфэсце: “Прывід блукае па Эўропе, прывід камунізму”. Пасьля паразы камунізму прывід мімікрыраваў у левалібэралізм і пасяліўся ў Амэрыцы, забіраючы крэпасьць за крэпасьцю, бастыён за бастыёнам.

Вось зьвесткі. Ва ўнівэрсітэтах ЗША колькасьць левай прафэсуры (пэдагогаў-марксістаў) у 44 разы больш, чым пэдагогаў традыцыйных дзяржаўніцкіх і маральных поглядаў (рэспубліканцаў). Прапорцыя 44:1. Ідзе адкрытая левая індактрынацыя студэнтаў і маладога пакаленьня. Гэтая моладзь сьведама ўжо ня ў стане весьці дыялог з апанэнтамі. Мяжою стала нянавісьць. Канфлікт вакол Трампа ёсьць у пэўнай ступені канфлікт пакаленьняў. І што адзначаюць назіральнікі: новае пакаленьне, разбэшчанае левай прафэсурай, ужо ня лучыць, не яднае Амэрыка, не гуртуюць амэрыканскія ідэалы і абавязкі перад радзімай. Пачалося гэта з 80-х гадоў. Актыўнасьць лявацтва была ськіравана на захоп сістэмы адукацыі, інфармацыі і маскультуры. Першым быў захоплены Галівуд, потым унівэрсітэты і ў значнай ступені сродкі масавай інфармацыі. Амэрыка зьмяняецца на вачах. І вось зьявіўся чалавек, які заявіў, што будзе Амэрыку ратаваць. Як кажуць, дай Божа. Вельмі добрая краіна, якая стала паратункам для мільёнаў людзей, для цэлага ваеннага пакаленьня беларускіх адраджэнцаў і для шмат каго яшчэ перасьледаваных і забіваных. Дзякуй, Амэрыка.

Праблема абмежаваньня нянавісьці ("мовы нянавісьці") паўстала цяпер, практычна, ва ўсім сьвеце. Яна ўжо стала прадметам абмеркаваньня сярод палітыкаў Эўразьвязу. Там занепакоены пашырэньнем зьявы.

Сама па сабе нянавісьць -- гэта фэнамэн унутранага стану чалавека. Каб праявіцца, нянавісьці патрэбны аб'ект ці канкрэтызацыя на зьяве, якая мае аб'ектную аснову.

Шмат дзе ў канстытуцыях краінаў сьвету існуюць палажэньні аб забароне пэўных відаў нянавісьці, як правіла, расавай, нацыянальнай (расізм, ксэнафобія), часам рэлігійнай і т. п. Разбуральная дзейнасьць левых экстрэмістаў, якія падтрымліваюць любы маргіналізм, любыя грамадзкія мяншыні і стараюцца часм навязаць бальшыні людзей іхныя сумніўныя погляды, -- гэтая дзейнасьць спараджае новыя віды грамадзкай нянавісьці, накіраваныя на раскол грамадзтва (хаця ў аснове такіх паводзінаў левых закладзены найперш электаральны інтэрас).

Ужо даўно насьпела неабходнасьць (мы адлюстравалі тое ў Народнай Праграме "Вольная Беларусь") аб канстытуцыйнай і крымінальнай кадэфікацыі палавой нянавісьці, аб яе забароне і адказнасьці за яе распаўсюджаньне.

Складанасьць, аднак, у тым, што новыя зьявы ў дэмакратычным сьвеце, -- разбуральная дзейнасьць левых, дыктат мяншыняў, маргіналізацыя сьветапоглядаў, агрэсіўнасьць псэўданавукі, павелічэньне дэзінфармацыі, пашырэньне новых відаў нянавісьці і мовы нянавісьці -- усё гэта працэс і вынік сістэмнага крызісу сусьветнай дэмакратыі.

Мы зь Беларусі ня зможам радыкальна паўплываць на ход працэсу, маючы свае неверагодна цяжкія нацыянальныя і палітычныя праблемы. Але веданьне сітуацыі і пэрспэктывы ў сьвеце магло б дапамагчы нам ужо сёньня зьберагчы нашыя базавыя маральныя каштоўнасьці і духоўныя здабыткі людзей, бо лёс сьвету у тым ліку і ўсходняй Эўропы (гэта значыць Беларусі і Украіны) шмат залежны ад таго, якой будзе Амэрыка. Мы бачым, што ўся гэтая лукашысцкая псэўдаапазыцыя, малалікая і няздольная, усе гэтыя малалікія і малабеларускія квазі-дэмакратычныя СМІ перажоўваюць амэрыканскую камэдыю з падачы левых ворганаў інфармацыі, абмяркоўваюць паляваньне на мужчын, як нешта патрэбнае і нават гадзяць на Трампа ў сваіх выбарачных камэнтарах, не разумеючы, што пішуць.

Але дзякуй Богу ёсьць іншыя беларусы. А вясной паглядзім, што будзе на ўсходзе. Будзьма да ўсяго гатовыя. Слава Айчыне! Жыве Беларусь!

17.01.2018                                              Зянон ПАЗЬНЯК