Мы не дапусьцім, каб вораг зьнішчаў нашу Беларусь

posted Feb 12, 2019, 7:19 AM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 12, 2019, 7:21 AM ]

(Лютаўскі Сойм 2019 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 

 і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

10 лютага ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Народны Мэмарыял Курапаты забаронены”. Старшыня прааналізаваў драматычныя падзеі вакол нацыянальнай сьвятыні беларусаў – Народнага Мэмарыялу Курапаты. Акупацыйны рэжым і ягоныя структуры, фармальна адказныя за захаваньне культурнай спадчыны і разьвіцьцё нацыянальнай культуры, на загад Масквы зьдзяйсьняюць зьнішчэньне Курапатаў. Тое, што многім здавалася немагчымым па ступені абсурда і варварства, рэалізуецца рэжымнымі асобамі розных узроўняў з вырабленым цынізмам. Улады прыкладаюць намаганьні для спыненьня і забароны народнага рушэньня – стварэньня вечнага помніка на месцы беларускай нацыянальнай трагедыі. Рэжым душыць сьветлую і гуманную нацыянальную традыцыю крыжастаўляньня, якая сама па сабе ўжо зьяўляецца культурнай каштоўнасьцю. Беларускія патрыёты ніколі не пагодзяцца з панаваньнем рэжымных у Курапацкай сьвятыні. Змаганьне за яе дапаможа скансалідаваць наш народ у барацьбе за сваю памяць, культуру, за свабоду і незалежнасьць.

З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту. Ён (а таксама сябра КХП-БНФ, дэпутат Незалежнасьці сп. Сяргей Антончык) распавялі пра падрыхтоўку, правядзеньне і вынікі Сходу дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў, які адбыўся 9 лютага 2019 г. Практычна ўсе дэпутаты Незалежнасьці выступілі ў абарону дзяржаўнага сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, заклікалі да згрутаваньня беларускага народа ў працы і змаганьні на карысьць нашай незалежнай і дэмакратычнай Бацькаўшчыны. Адбылася важная падзея ў працэсе кансалідацыі нашага грамадзтва ва ўмовах пагрозы з боку расейскага імпэрыялізма і здрадніцкай палітыкі існуючага рэжыма.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. У сувязі з апошнімі падзеямі ў Курапатах – дзеяньнямі вандалаў і правакацыямі з боку ўладаў – сябры запрапанавалі зьвярнуць асноўную ўвагу партыйцаў і ўсяго грамадзтва на асноўную тэрыторыю Народнага Мэмарыяла, дзе неабходна ахоўваць і бараніць магілы пакутнікаў і крыжы памяці.

Было паведамлена, што паглыбляецца крызіс у раённых гарадах, дзе адно за адным зачыняюцца прадпрыемствы, дзясяткі тысячаў людзей застаюцца на вуліцы, а іхнія сем’і бяз сродкаў на існаваньне. Такія ж зьявы назіраюцца ў Гомелі, другім па велічыні горадзе краіны. Апошнім часам там ідзе працэс банкруцтва вялікіх прадпрыемстваў: тлушчавага камбіната і фанэрна-запалкавага камбіната (створаных яшчэ да 1917 года). Людзі праклінаюць мясцовы рэжым і яго галоўнага начальніка, многія перажываюць стрэс і крызіс безвыходнасьці. Людзей раздражняе і зьневажае кампанія супраць “дармаедаў”, выклікаюць нянавісьць новыя паборы і акупанцкія па стылю і сутнасьці дзеяньні ўладаў. Патрыётам неабходна працаваць з людзьмі, каб яны пазбавіліся ад адчаю. Грамадзтва павінна бачыць пэрспэктыву разьвіцьця і нармалізацыі менавіта праз нацыянальную салідарнасьць у супрацьстаяньні з акупанцкімі структурамі. Трэба давесьці ўсім, што беларусы ёсьць гаспадарамі на сваёй зямлі, і мы не дапусьцім, каб вораг зьнішчаў нас і нашу Беларусь.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 

 і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

10 лютага 2019 г.