НАБЛІЖАЙМА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ

posted Jun 19, 2017, 3:49 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 19, 2017, 3:50 PM ]

(ДАКЛАД ПРА ПАЛІТЫКУ ПАРТЫІ на ХІ ЗЬЕЗЬДЗЕ КХП – БНФ)

Паважаныя спадарыні і спадары, вітаю Вас на ХІ Зьезьдзе нашай народнай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ і Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне".

Аб Партыі

Мінула тры гады пасьля Х-га Зьезду Партыі -- гады цяжкага існаваньня нашага народу і няпростай дзейнасьці нашай Партыі ў гэтых умовах. Але, нягледзячы на цяжкасьці, ёсьць добрыя справы і добрыя вынікі, хоць можа (улічваючы ўмовы) і не пра ўсё я тут павінен буду казаць.

Галоўныя накірункі нашай дзейнасьці: нацыянальна-вызвольная асьвета, стварэньне альтэрнатыўнага да ўладнага рэжыму вольнага грамадзтва, генэрацыя вызвольных і стваральных ідэй, мэмарыялізацыя сакральных месцаў, падзеяў, асобаў і датаў, крытыка існуючага антыбеларускага рэжыму. Адзначу тут яшчэ канцэпцыю байкоту фальшывых рэжымных выбараў, распрацаваную намі ў пачатку 2000 гадоў і пазьней успрынятай і падтрыманай грамадзтвам (пачынаючы з 2008 года). Таксама адзначу пастаянную заангажаванасьць нашай партыі ў праблемы наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і пагрозы ядзернай катастрофы ў выніку пабудовы Астравецкай АЭС.

У пэрспэктыве мы бачым Беларусь вольнай, моцнай, незалежнай краінай з уладай клясычнай дэмакратыі, дзе чалавек і яго сям'я ёсьць галоўным праўным і гуманітарным суб'ектам і клопатам дзяржавы.

У міжнародным плане мы падтрымліваем вольную Украіну і яе змаганьне з расейскай агрэсіяй, працягваем сцьвярджаць канцэпцыю Балта-Чарнаморскай Супольнасьці і асобнай асацыяванай з Эўразьвязам Усходняй Эўропы, выказваем падтрымку прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу і яго ідэям адрадзіць веліч і моц вольнай Амэрыкі. Гісторыя паказала, што вольная моцная дэмакратычная Амэрыка ёсьць апорай і гарантыяй цяперашняй Атлантычнай (заходняй) цывілізацыі.

Важныя справы

Найбольш пасьпяховыя дзеяньні за справаздачны пэрыяд – гэта грамадзкае сцьверджаньне Народнага Мэмарыялу Курапаты і ўдзел сяброў нашай Партыі ў падрыхтоўцы Народнай праграмы “Вольная Беларусь”.

У гэтым годзе Народны Мэмарыял Курапаты (стварэньне якога арганізоўвае і курыруе наша Партыя) падвергся новым нападкам і новай тактыцы зьнішчэньня. Ініцыятыва пайшла ад Лукашэнкі. Правіцель (і зьнішчальнік Курапатаў) нечакана загадаў паставіць там мэмарыяльны знак – помнік па ўсіх загінулых у выглядзе капліцы. Прытым высьветлілася, што гэта ня мусіць быць помнік расстраляным у выніку генацыду беларусам, а для ўсіх загінулых (і для катаў НКВД таксама: каты і ахвяры – у адно). Усю авантуру патрабавалі зрабіць за некалькі тыдняў. Гэта нерэальна і поўнае прафанства, але задумка і ідэалёгія ініцыятывы сьведчыць аб тым, што рэжым спрабуе зьнішчыць Народны Мэмарыял знутры пад выглядам прыхільнага стаўленьня да Курапатаў і стварэньня там свайго, адпаведным чынам інтэрпрэтаванага, помніка.

Прытым усе прыхільнікі авантуры сталі рабіць выгляд, што ў Курапатах нічога няма, што пра Народны Мэмарыял яны нічога ня ведаюць і вось яны раптам там усё зробяць, «як трэба», паставіўшы свой помнік усім загінулым (хоць там насамрэч ніхто не «загінуў», людзі былі расстраляныя расейскімі энкавэдзістамі стрэламі ў патыліцу).

Зноў узьнік канфлікт з рэжымам вакол Курапатаў. І што істотна, бальшыня людзей падтрымала пазыцыю нашай Партыі, што ніякага чужога помніка у Курапатах ставіць ня трэба і шкодна. Там існуе ўжо Народны Мэмарыял, створана сваістая мэмарыяльная атмасфэра гэтага месца, там сапраўдны народны помнік. Рэжым і яго праваднікі, відаць, адчулі, што тут нахрапам у іх ужо нічога не атрымаецца. Беларусы будуць бараніць Народны Мэмарыял сьцяной і не саступяць нікому. Авантура загамавалася і згубіла імпэт.

Адначасна адбылося рэальнае сцьверджаньне Народнага Мэмарыялу, пашырылася інфармацыя і ўзрасла колькасьць прыхільнікаў. Выразна вызначана наша пазыцыя: вярнуць ліквідаваную чыноўнікамі ахоўную зону вакол Курапатаў глыбінёй у 300 мэтраў. У гэтай ахоўнай зоне з боку Баравой і Лагойскага тракту трэба пабудаваць Сьцяну памяці, на якой будзе напісана прозьвішча кожнага расстралянага і замучанага саветамі беларуса і грамадзяніна Беларусі. Дарэчы, тут жа каля сьцяны магла б быць уладкавана пляцоўка для малітвы (без рэлігійнай сымволікі), каб кожны, хто пажадае, мог памаліцца па-свойму. Сымвалам будзе Сьцяна памяці. Астатняе – у душы.

Тут нагадаю, што Народны Мэмарыял задуманы і заснаваны як вечны помнік на прынцыпе выяўленьня свабоднай волі людзей. Беларусы ў памяць савецкага генацыду і забітых продкаў нясуць і ставяць крыжы, габрэі, даведаўшыся прозьвішчы расстраляных тут двух сваіх радакоў, паставілі каменны абэліск, палякі – крыж, прэзыдэнт ЗША Клінтан – гранітную лавачку. І для людзей нерэлігійных, сьвецкіх, якія, аднак, шануюць памяць, ёсьць тут магчымасьць прыстойна яе адзначыць (напрыклад, так, як зрабіў прэзыдэнт Клінтан) альбо пасадзіць памятную бярозу, альбо ўсталяваць скульптуру па расстраляным чалавеку і г. д. Народны Мэмарыял – гэта трансцэндэнтны, вечны і ўнівэрсальны помнік, знак памяці пра генацыд беларускага народа. Ніхто не забыты і нішто ня будзе забыта. Галоўнае – усталяваць традыцыю памяці і каб яна ўвайшла ў сьведамасьць пакаленьняў. Гэтым якраз ад пачатку займаюцца сябры нашай Партыі і іншыя энтузіясты, колькасьць якіх павялічваецца.

У гэтым годзе на базе нашай Партыі і Хрысьціянскай Злучнасьці Курапаты была створана Грамадзкая Дырэкцыя Народнага Мэмарыяла Курапаты. Само жыцьцё ўжо прапануе нам удасканальваць і паляпшаць высакародную працу па абароне народнай памяці пра генацыд.

Мы гаворым увесь час пра абарону нацыі ад разбуральнай дзейнасьці рэжыму і кажам пра альтэрнатыўнае жыцьцё, дзейнасьць і сьведамасьць грамадзтва. Ня трэба бяз справы лямантаваць у паветра. Стварайма свой альтэрнатыўны антынароднаму рэжыму сьвет спачатку ў нашых галовах, потым у душах ды сэрцах, а потым у дзейнасьці і жыцьці. І тады, калі прыйдзецца выйсьці на вуліцы, -- хопіць аднаго разу. Нельга даваць магчымасьць ворагам чалавецтва, каб яны сістэматычна вынішчалі ды нэўтралізавалі вольных людзей патрошкі, паадзіночку, і не давалі б грамадзтву падняцца ды ўзрасьці. Заўважце, што на гэты сістэмны пакос працуе цэлая катэгорыя правакатараў. Цікава, што алгарытм правакацыяў і рэпрэсіяў аднолькавы ці то ў Расеі, ці то ў Беларусі. Рулюе Лубянка і КГБ. Але доўга так ня будзе. Людзі паступова набіраюцца вопыту і разумеюць, што трэба рабіць.

Змаганьне за Курапаты якраз і сталася той альтэрнатывай рэжыму, якая мае станоўчыя народныя вынікі. Трэба іх абараняць.

Тут, як старшыня Партыі і неабыякавы чалавек да справы Курапатаў, хацеў бы падзячыць і адзначыць супрацу ўсіх сяброў Партыі. Асабліва спадара Алеся Чахольскага – кіраўніка Мэмарыяльнай Камісіі КХП-БНФ і цяпер кіраўніка (дырэктара) Грамадзкай Дырэкцыі Народнага Мэмарыялу. Праца яго тут сапраўды самаадданая, ахвярная і выніковая. Абуральна, што рэжым судова карае сп. Чахольскага за яго добрую працу, імкнецца засадзіць за краты ды абкласьці непамерным неабгрунтаваным штрафам. Брыдка і ганебна. Але такая ёсьць гэтая антыбеларуская ўлада.

Мэнтальныя вынікі рэжыму ўнутранай акупацыі

Антынарордны рэжым ужо цягнецца 23 гады. Мы заўсёды з трывогай падсумоўваем вынікі яго антынацыянальнай дзейнасьці, пастаянна адзначаем дэградацыю сацыяльна-эканамічнай сістэмы, няздольнасьць да рэфармаваньня і разьвіцьця, упадак навукі, страты ў тэхналёгіях і ў людзкіх рэсурсах (найперш страты інтэлектуальныя), упадак адукацыйнай сістэмы, дзе ўладарыць валюнтарызм аднаго малаадукаванага і некультурнага чалавека. Перавод пачатку заняткаў у беларускай школе з 8-й на 9-ю гадзіну толькі з-за таго, што одпрыск начальніка рэжыму любіць паспаць, здавалася б, прарве плаціну нявольніцкага маўчаньня настаўнікаў і бацькоў. Але гэтага ня сталася.

У зьмесьце беларускіх традыцыяў грамадзтва пад антынацыянальным рэжымам адбыліся больш цяжкія і адмоўныя перамены, чым правал савецкай рэжымнай эканомікі і дэградацыя палітычнай сістэмы.

Цэлае пакаленьне беларусаў вырасла пад антыбеларускім рэжымам. У масе сваёй, незалежна ад адносінаў да ўлады, атрымаўся ў асноўным гібрыд саўка з заходнім прагматыкам і кансумэнтам (як гэта ня дзіўна). Характэрнасьць новага лукашысцкага чалавека ў тым, што ён разумее сэнс існаваньня толькі як дзейнасьць у сваіх інтарэсах. Усё астатняе на другім плане, а нацыянальныя інтарэсы, дзейнасьць дзеля грамадзтва, практычна, адсутнічаюць. Атрымалася горшая мадыфікацыя тых саўковых беларусаў, для якіх сэнс добрага жыцьця заключаецца ў дабрабыце.

Такіх прыбылых зь Беларусі лукашыстаў я спатыкаю на Захадзе дзясяткамі (калі ня сотнямі). І гэтая іх пазыцыя ёсьць ужо мэнтальнай праблемай нацыі.

І сацыяльная сістэма, і цывілізацыйная эпоха, і грамадзкая ідэалёгія вызначаюцца найперш тым, які тып асобы яны спараджаюць. Тып лукашыста ўнівэрсальны. Гэта ня толькі той (і ў большасьці ня той) чалавек, які лямантуе ў абарону хамскага рэжыму і ягонага дырэктара, але і той, які гаворыць супраць рэжыму, які будзе казаць нават пра свабоду ды дэмакратыю, ды пра што заўгодна, ды яшчэ, скончыўшы заходні ўнівэрсітэт. Але гэтыя людзі, ізноў жа, здольныя рабіць толькі ў сваіх інтарэсах, прабівацца толькі дзеля сябе. Іх абсалютна немагчыма арганізаваць дзеля нейкай агульнай нацыянальнай ці грамадзкай, ці сацыяльна-культурнай справы, якая вымагае ахвяраваньня часткай уласнага часу (і да таго ж ня будзе аплочана).

Я амаль не спаткаў лукашыстаў, якія, скончыўшы заходніцкі ўнівэрсітэт, былі б здольныя працаваць дзеля беларускай вызвольнай нацыянальнай справы. (Зрэшты, дзеля справядлівасьці, аднаго спаткаў. Але прозьвішча не называю.) Беларусы, якія трапілі пад расейскую тэлевізійную зомбі-прапаганду, перастаюць адэкватна ўспрымаць рэчаіснасьць, паколькі рэальнасьць у іх заменена на карцінку іншай, уяўнай рэальнасьці. Аднак структура думаньня і сістэма ўтварэньня каштоўнасьцяў у іх застаецца ранейшая. У іншай сытуацыі, пазбаўлены замбуючай падтрымкі, такі беларус здольны будзе адумацца і зноў адэкватна ўспрымаць рэальную рэчаіснасьць. Лукашыст жа, які прайшоў праз які-небудзь перакручаны ЕГУ ці які-небудзь іншы нямецкі лібэральна-лявацкі ўнівэрсітэт, -- выходзіць адтуль страчаны для Беларусі. У яго ўжо закладзена не падмена карціны сьвету ў галаве, а цалкам паламаныя мазгі, якімі ён ужо ня ў стане асэнсаваць нацыянальную рэальнасьць, і тым больш – трагедыю беларускай нацыі, і тым больш зразумець адметнасьць і каштоўнасьць беларускага народа, свае магчымасьці і абавязкі перад гэтым народам.

Узьнікла праблема, якой ніхто не спадзяваўся і ніхто не чакаў. Але яна ёсьць, і нельга яе не заўважаць. Яна вельмі сур'ёзная, бо гэта незварот, выніковая страта нацыянальнага інтэлекту (што, дарэчы доўжылася на працягу ўсёй нашай акупацыйнай гісторыі).

Праблема эліты

Зьяўленьне Народнай Праграмы “Вольная Беларусь” і надзвычайная папулярнасьць гэтай падзеі засьведчыла тое, што разумелі яе стваральнікі. Беларускае грамадзтва занепакоенае будучыняй Беларусі і зьвязвае яе будучыню, з паляпшэньнем сваёй краіны, зь лепшай дзяржавай, зь лепшым жыцьцём і зь лепшымі дачыненьнямі ў грамадзтве (якія, дарэчы, па традыцыі думаньня, нехта гэтаму грамадзтву нібыта павінен зрабіць). У Народнай Праграме людзі шукалі свае надзеі на добрую прышласьць Айчыны.

Гэта добрая навіна, якая сьведчыць аб калектыўных схільнасьцях беларусаў, аб стане іхных розумаў і надзей, якая паказвае, што антыбеларускі рэжым ня мае нават прапагандысцкай будучыні і існуе як разбуральны баласт. Адначасна з гэтым сьвежым інтарэсам, што ўсяляе надзеі, я вымушаны канстатаваць рэальнасьць і грамадзкі вынік 23-гадовага вісеньня рэжыму, які выявіла часткова публічнае абмеркаваньне Праграмы. Мы амаль страцілі нацыянальную эліту Беларускай нацыі. Дваццаць тры гады рэжымнага хамства, невуцтва, уціску нацыянальнай культуры, мовы, свабоды не прайшлі бяссьледна. Інтэлектуальны ўзровень і разуменьне задач ніжэйшае, чым у 90-х гадах. Мала хто па-сапраўднаму разумее, як і чым жыве беларуская нацыянальная супольнасьць, якая мэнтальнасьць і традыцыі беларускіх людзей і якая рэчаіснасьць можа адпавядаць гэтай супольнасьці. Думаньне ў асноўным сацыяльна-электаральнае са схаластычнымі, не прывязанымі да беларускай рэальнасьці разважаньнямі. Бо сама беларуская рэальнасьць, сам Беларускі народ у масе сваёй ім незразумелы. І галоўнае – ён ім абыякавы. І гэта праўда.

Агульны стан цяпершчыны

Цяпер з пункту гледжаньня нашых партыйных задач падсумуем агульны стан беларускага грамадзтва за 23 гады палітыкі ўнутранай акупацыі.

Эканоміка неканкурэнтназдольная з адсталымі тэхналёгіямі і састарэлай тэхнікай. 86% эканамічных прадпрыемстваў належыць дзяржаўнаму сэктару.

Зямля не прыватызаваная. Адсутнічае прыватная ўласнасьць на зямлю. Сельскія людзі і ўвесь народ адлучаны ад уласнасьці на зямлю. У сельскай гаспадарцы засталіся калгасы. Адлучанасьць ад уласнасьці на зямлю прывяло да выміраньня вёскі і дэградацыі сялянства. Гэты працэс трэба разглядаць як нацыянальную катастрофу, падрыхтоўку здачы зямлі ўласьнікам чужой краіны.

Прадпрыймальніцтва не разьвілося, паколькі арганізавана па мафійнай схеме: адлічэньні ў кішэнь начальніка рэжыму (10%), КГБ, мясцоваму начальству і бюракратыі. Гэтая схема выклікала шматлікія пасадкі ў турму сумленных прадпрымальнікаў, якія адмовіліся абслугоўваць рэжымную мафію.

Энэргетыка штучна прывязана да рэсурсаў чужой дзяржавы і ўключана ў мафійна-стратэгічныя схемы Расеі (будаўніцтва Астравецкай АЭС).

Войска фінансуецца па астаткаваму прынцыпу, скарочана да непрыймальнага мінімуму, знаходзіцца ў стане небаяздольнасьці і развалу, узалежнена ад уплыву расейскага генштабу.

Адбылася катастрофа беларускай нацыянальнай школы. Масава пазачыняныя школы ў сельскай мясцовасьці. Агульная колькасьць беларускіх школ нават у параўнаньні з самымі змрочнымі часамі камуністычнага сатрапа Машэрава скарочана ў два разы і дасягае цяпер ледзве што 13%.

Беларуская вышэйшая ўнівэрсітэцкая адукацыя за гады антынароднага рэжыму цалкам зрусіфікаваная.

Нацыянальная культура з прычыны абмежаваньняў і неспрыяльнасьці рэжымных умоваў знаходзіцца ў стадыі выжываньня, творчыя саюзы дыскрэдытаваныя і загнаныя ў цяжкія ўмовы існаваньня. Нацыянальны друк, практычна, ліквідаваны, зачынена нават тое, што было пад савецкай акупацыяй.

У надзвычай цяжкім стане апынулася гуманітарная і фундамэнтальная навука з прычыны сьведамага яе разбурэньня антынацыянальным рэжымам.

І, нарэшце, самае галоўнае, што павінна зьяўляцца зарукай будучыні: існуе несвабоднае грамадзтва і несвабодны чалавек.

Зьмены, якія тут адбыліся і адбываюцца, носяць складаны і нават супярэчлівы характар найперш з прычыны пэрманэнтнай анталагічнай вайны, якую вядзе Расея супраць Беларусі. І тым ня менш мы назіраем і канстатуем працэс умацаваньня беларускай нацыі насуперак антынароднай палітыцы рэжыму. Гэта выяўляецца ў пашырэньні дзяржаўнай і нацыянальнай сьведамасьці сярод людзей. Гераічнае супраціўленьне ўкраінскага народа супраць расейскай агрэсіі дапамагло шмат якім беларусам усьвядоміць варожую, антыбеларускую ролю Расеі ў міжнароднай палітыцы. Усьведамленьне рэальнага ворага – вельмі важны момант у нацыянальным разьвіцьці. Беларусы, нягледзячы на антынацыянальную палітыку рэжыму, захавалі і нават павялічылі прыхільнасьць да сваёй Айчыны, гісторыі і культуры, у цэлым зьбераглі павагу да роднай мовы, што вельмі важна ў справе яе грамадзкага адраджэньня.

Тым часам варожая расейская прапаганда, асабліва праз тэлевізар, шляхам інфармацыйнай вайны (найперш супраць Украіны) робіць надзвычай шкодны замбуючы ўплыў на вялікія масы беларусаў, якія гэтае тэлебачаньне аглядаюць. З гэтым трэба лічыцца, бо такія людзі выпадаюць з нацыянальнага кантэксту існаваньня народа. Гэта вельмі шкодная дыверсія супраць беларусаў, бо падрывае салідарнае адзінства грамадзтва.

Цікавая зьява. Страта даверу да антынароднай улады і выступы супраць зьняважлівага дэкрэту №3 вывелі на вуліцу ў асноўным былы савецкі электарат Лукашэнкі, значыцца тых распрапагандаваных раней рэжымам беларусаў, якія, аднак, захавалі здаровую структуру думаньня ў галаве і зрабілі свой новы рэальны і цалкам адэкватны выбар. Акрамя гэтых людзей ёсьць даволі шматлікая колькасьць маладых асобаў, што ўспрынялі ідэі Адраджэньня і нацыянальнай дэмакратыі; за імі йдзе шырокая разрозьненная маса лукашыстаў – новых саўкоў, пра якіх я казаў у пачатку.

Становішча паказвае, што вельмі важна, каб адбылася хутчэйшая зьмена ўлады ў Беларусі, пакуль грамадзкае і палітычнае становішча і пасады ў дзяржаве не занялі генетычна новыя саўкі – лукашысты. Цяпер ім у сярэднім 30 гадоў. Калі зыйдзе пакаленьне 90-х, тых, хто глытнулі сьвежага паветра свабоды, і заступіць новае саўкова-лукашысцкае пакаленьне абмежаваных людзей, становішча можа згоршыцца ў разы, і пэрспэктыва краіны змалее.

Палітычныя задачы і абавязкі

Ведаючы абставіны, мы павінны дбаць аб нашай Партыі і плянаваць адпаведную, патрэбную нашым нацыянальным інтарэсам палітыку.

Нягледзячы на нашую працу і добрыя вынікі на асобных накірунках, становішча, у якое нас загнаў правячы рэжым, не магло не адбіцца на жыцьці Партыі. Нам няпроста. Ні адна партыя ў Беларусі не існуе ў такіх цяжкіх умовах, як наша. Нам пагражае стагнацыя, якая ўжо пачынаецца. Гэта вынік найперш агульнага страху грамадзтва перад палітыкай і ўздзеяньне рэпрэсіяў рэжыму супраць актыўных людзей.

Мы павінны ўвесь час памятаць і разумець, што ў сёньняшнім грамадзтве мы ёсьць адзіная беларуская партыя, якая стаіць на Беларускай Нацыянальнай ідэі і выяўляе беларускія нацыянальныя дэмакратычныя інтарэсы. Мы праводзім такую палітыку і сцьвярджаем такія ідэі, якія прадугледжваюць вольную нацыянальную і дэмакратычную будучыню Беларусі. Іншыя партыі, асабліва партыі лукашысцкай псэўдаапазыцыі, стаяць на сацыяльна-электаральных пазыцыях, не выяўляюць нацыянальных інтарэсаў і не абараняюць нацыянальную ідэю. Гэтыя партыі існуюць дзеля імітацыі апазыцыі і апазыцыйнай палітыкі. Пазыцыя імітацыі аплочвалася зьнешнімі сіламі.

Нам, беларускім адраджэнцам, вельмі важна ня толькі захаваць нашу Партыю, але і пашырыць, павялічыць яе, падрыхтаваць зьмену пакаленьняў.

Дзеля гэтага я прапаную будучаму Сойму Партыі запрашаць на паседжаньні Сойму іншых сяброў Партыі, у тым ліку актыўную прыхільную Беларусі моладзь, каб яны ўдзельнічалі ў абмеркаваньні пытаньняў, мелі б дарадчы голас. Некалі мы мелі такую практыку ў 90-х гадах у БНФ, рыхтавалі зьмену і абнаўленьні Сойму.

Акрамя таго, улічваючы баязьлівасьць людзей перад палітыкай (галоўным чынам з-за рэпрэсіяў рэжыму), трэба ўвесьці (і гэта рашэньнем Зьезду) статус афіляванага (асацыятыўнага) сябра Партыі. Гэта значыць, што чалавек уводзіцца ў структуру Партыі (альбо застаецца сам па сабе) як афіляваны сябра Партыі, які рэальна ўдзельнічае ў працы Партыі і ў яе структурах, але афіцыйным сябрам Партыі ня лічыцца і ня можа быць выбраны дэлегатам на Зьезд КХП-БНФ. Гэтакі падыход зьберажэ такую асобу ад рэпрэсіяў (паколькі прозьвішча ягонае не існуе ў афіцыйным сьпісе) і адначасна дасьць яму магчымасьць удзельнічаць у партыйнай працы. У любы час такі чалавек можа уступіць афіцыйна ў Партыю згодна Статуту.

Увядзеньне статуса афіяванага сябра Партыі дасьць магчымасьць таксама павялічыць абсяг партыі за мяжой па ўсім сьвеце, паколькі прадугледжвае індывідуальную асацыяцыю з Партыяй.

Важнейшай справай у пашырэньні Партыі ёсьць рэзідэнцыя (сядзіба). Але нездарма акупацыйны рэжым пазбавіў нас усіх офісаў. Тут ён у труну ляжа, але сядзібу нам заблякуе на сьмерць. Усе нашыя спробы аднавіць сядзібы былі марнымі. Трэба шукаць тут іншыя мэтады працы. І мы іх знойдзем.

У сытуацыі, якую мы назіраем, важнейшымі накірункамі нашай палітыкі павінны быць:

1. Нацыянальная асьвета і інфармацыя (абавязковая прысутнасьць у папяровым варыянце).

2. Падрыхтоўка канкрэтных праграмаў і праектаў будучыні. Беларускае грамадзтва мусіць мець яснасьць у разьвіцьці пэрспэктывы.

3. Спрыяць стварэньню кансалідаванага салідарнага руху “Вольная Беларусь”.

4. Разьвіваць і ўмацоўваць Народны Мэмарыял Курапаты.

5. Падтрымліваць сакральныя месцы і даты беларускай гісторыі і культуры.

6. Спрыяць стварэньню альтэрнатыўных каштоўнасьцяў і альтэрнатыўнага грамадзтва насуперак дзейнасьці і ўціску антыбеларускага рэжыму.

Небясьпека з Усходу

У заключэньне хачу зьвярнуць увагу сяброў Зьезду на рэальную небясьпеку для суверэнітэту і незалежнасьці нашай краіны – гэта плян правядзеньня расейцамі сваіх вайсковых вучэньняў “Захад-2017” на тэрыторыі Беларусі. Сімптаматычна, што Масква зрэагавала пасьля шэрагу нашых выступаў, і асабліва пасьля майго закліку ў Нью-Ёрку 28 траўня, дзе была сказана, каб беларусы рыхтаваліся да супраціўленьня і адпору агрэсару, бо нікога тут ужо маскоўцы не ашукаюць і, калі сунуцца, то іх спаткаюць належным чынам -- як акупантаў. Праз тыдзень зьявілася вельмі характэрная для маскоўска-гэбоўскай хлусьні заява расейскага амбасадара ў Беларусі спадара Сурыкава. Ён раптам пачаў сцьвярджаць, што з боку Расеі прышлюць толькі тры тысячы жаўнераў на вучэньні і што гэтыя жаўнеры пасьля вучэньняў адразу пакінуць тэрыторыю Беларусі, а ўсе заявы экспэртаў наконт іншага сцэнару – гэта не адпавядае сапраўднасьці.

Увогуле, зважаючы на стыль і грунтуючыся на вопыце і веданьні маскоўскай палітыкі, можна зрабіць выснову, што гэта ёсьць тыповая ілжывая заява маскоўцаў перад вайной. Праўда, зыходзячы з франтальных паразаў цяперашняй пуцінскай палітыкі і дыпляматыі, цалкам магчыма, што маскоўцы ў гэтых абставінах засумняваліся ў сваіх плянах. Тым больш, што супраціўленьне беларусаў ня выключана.

Тым ня менш, беларусы цяпер мусяць быць вельмі чуйныя і ўважліва сачыць, што адбываецца на мяжы з Расеяй. Гістарычна расейцы пацьвердзілі тысячу разоў, што іхным словам і словам іхных палітыкаў ня можна давяраць. Сам факт плянаваньня інвазіі супраць Беларусі, тым больш трымаючы тут свайго залежнага сатрапа, сам факт такой падрыхтоўкі выглядае дзікунскім сярэднявеччам, і шмат якія людзі ў Беларусі нават ня могуць такое ўявіць. Але агрэсія супраць Украіны паказала, што да ўсялякіх рухаў, перадыслякацыяў, заяваў ды плянаў Масквы трэба адносіцца ўважліва і сур’ёзна.

Як бы складана ні адбываліся цяпер у нас працэсы адраджэньня нацыі, але яны рухаюцца, і ў нас, беларусаў, заўсёды ёсьць шанец на свабоду і волю. Умацоўвайма гэты шанец і набліжайма будучыню.

Слава Айчыне! Жыве Беларусь!

18. 06. 2017                                                           Зянон ПАЗЬНЯК


П.С.

Выстаўляючы пасьля Зьезду ў друк гэты свой даклад, я, як звычайна, пасьля важнай падзеі нацыянальнага значэньня, пацікавіўся рэакцыяй у Сеціве на ХІ Зьезд КХП – БНФ з боку троляў, бесаў, драняў і іншай нечысьці. Такім чынам найлепш правяраецца пазыцыя Масквы і антабеларускай агентуры (калі ўмець яе счытываць).Тут, аднак, амаль нічога новага вось ужо 30 гадоў, пачынаючы ад камуністаў («паліцічэскій труп» і т.п.).

Але знайшлося якраз характэрнае пацьвярджэньне таго, пра што гаворыцца ў дакладзе, – пра тыпалогію новага лукашысцкага саўка, які ўсяму сьвету прад'яўляе прэтэнзіі і (ужо, якраз як расейцы) жыве нянавісьцю. Некаторыя нават быццам бы ёсьць «асьвечаныя» беларусы, але абазваць, нагадзіць на фронтаўскую Партыю не пагнушаліся. Ніхто зь іх не спарадзіў ў сябе нават элемэнтарнага слова салідарнасьці і падтрымкі да ахвярнай беларускай Партыі, якая ўжо трэць стагоддзя праграмуе і бароніць ідэі Беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Лукашысцкі савок сапраўды ёсьць. Нажаль ён «адбыўся». Ён ужо існуе.