НЯМА АДКАЗУ НА ГАЛОЎНАЕ ПЫТАНЬНЕ

posted Jan 30, 2017, 10:10 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 30, 2017, 10:10 PM ]
Мінула дзесяць дзён прэзыдэнцтва Дональда Трампа. Усе захады, якія ён зрабіў за гэты час, маюць станоўчае значэньне для Амэрыкі, нягледзячы на шалёную прапаганду супраць яго з боку левых і ненавісных. Лямантуюць мексіканцы (што ня хочуць плаціць за сьцяну), але мексіканскі песа пайшоў на дол. Абураюцца лібэралы і эўрапейскія лідары. Але даляр умацоўваецца, Dow Jones ідзе ў верх, а ў Эўропе эканамічны спад ды інфляцыя эўра. Так рэагуе эканоміка, нягледзячы на гістэрычны лямант левакоў.

Беларусы, тыя, якія разьбіраюцца ў палітыцы ( і на якіх ня дзейнічае псіхапатычная прапаганда) падтрымліваюць Трампа. Але... Ёсьць адно "але". Для нас, беларусаў, галоўнае пытаньне -- як Трамп паставіцца да Расеі і да расейскай агрэсіі супраць Украіны, і ці падтрымае Амэрыка Украіну.

Ад гэтага рашэньня залежаць ня толькі справы ва Украіне, але і ў Беларусі і ўвогуле ў Эўропе. Якой будзе пазыцыя Трампа -- невядома. Аднак, калі яна будзе такой, як прагучэла тое ў час выбарчай кампаніі, і калі Амэрыка спасуе перад Масквой ды пойдзе на гешэфт з Пуціным і пакіне Украіну без дапамогі, то ўсё станоўчае, што робіць і зьбіраецца рабіць Трамп у Амэрыцы, ужо ня будзе мець для нас ніякага значэньня.

Што беларусам з таго, чаго набудуе там Трамп, і з таго, што амэрыканцы стануць квітнець, у той час, калі ў Беларусь палезуць маскоўскія акупанты, каб зьнішчыць краіну і забраць нашу волю!?

Лепш бы такога не адбылося. Але калі здарыцца, то беларусы ўздымуцца, будуць змагацца з агрэсарам і перамогуць. Ёсьць каму. Маскалі яшчэ ня ведаюць беларусаў і шмат пра што забыліся, бо самы сабе нахлусілі ў сваёй фальшывай гісторыі.

Магчыма зь немалымі ахвярамі, але Беларусь разам з Украінай перамогуць ворагаў. Тым больш дарагой стане ўсім свабода і воля, свая краіна і свой народ. Разьлічвайма на сябе і да абароны Айчыны -- рыхтуймася. Кожны -- рыхтуйся, каб жыла Беларусь.

31 студзень 2017 г.                 Зянон Пазьняк

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай

Партыі -- БНФ і Беларускага

Народнага Фронту "Адраджэньне"