Напамін аб чужой прапагандзе

posted Mar 7, 2021, 4:25 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 7, 2021, 4:25 AM ]

(Зацемка для сяброў КХП-БНФ)

Расейская прапаганда нянавісьці супраць Беларускага Адраджэньня і маёй асобы працягваецца ўжо 32 гады з дня ў дзень. У час змаганьня з рускім камунізмам лічылася, што подлы ўзровень -- гэта характэрнасьць камуністычнай антымаралі і ідэалёгіі. Наступны час паказаў, што камунізм тут мала значыў. У аснове антыбеларускай прапаганды была і ёсьць руская імпэрская нянавісьць да ўсіх народаў, але да беларусаў, украінцаў, палякаў -- асасабліва як да непасрэдных і цывілізацыйна вышэйшых сьведкаў маскоўскай агрэсіўнай тыраніі ды нізкага становішча грамадзтва.

З прыходам КГБ да ўлады ў Расеі стварыліся і працуюць на пашырэньне ілжы цэлыя арганізацыі на дзяржаўным бюджэтным забесьпячэньні. Актыўнасьць рускай нянавісьці ідзе хвалямі, але ніколі не спыняецца.

Мэтады маскоўскай прапаганды ілжы добра вядомыя: выдумкі, зьнявагі, прыніжэньне, хлусьня, падлог, дыскрэдытацыя, фабрыкацыя фактаў, фалсіфікацыя падзей, стварэньне скрыўленага вобразу і г. д.

Сярод агентуры ў друку, каб схаваць сутнасьць напісанага аўтарам, які падвяргаецца нападкам, распаўсюджаны спосаб вылучэньня з тэксту пабочнай прахадной тэмы (сказаў, абзацаў) і стварэньня інфармацыйнага вэрхалу ахайваньня аўтара, падмяняючы і замоўчваючы зьмест працы. Такі мэтад распаўсюджаны ня толькі сярод троляў і журналістаў. Таму я раіў бы людзям, якія «ня ў тэме», старацца прачытаць арыгінал тэксту.

Цяпер якраз назіраецца чарговая хваля нянавісьці супраць Беларускага Адраджэньня. Прычыны яе вядомыя. Мы, адраджэнцы, не даем маскоўскім палітыканам ашукаць беларусаў. Праўда выплывае наверх, падступныя планы выяўляюцца, схаванае робіцца відавочным. І пачынаецца ў адказ чарговы ўсплеск прапаганды ілжы. Ацэнка яе грамадзтвам і абвяржэньне павінны быць. Але нагадваю: самая моцная зброя праўды супраць ілжы і паклёпаў – гэта выніковая станоўчая праца і пазітыўнае вырашэньне задач.

Жыве Беларусь!

27 люты 2021 г.                  Зянон Пазьняк