Няпраўда – хісткая база для манумэнтаў

posted Oct 9, 2018, 10:19 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 9, 2018, 10:20 AM ]

Днямі абаронцы Курапацкай сьвятыні ўбачылі невялікую групу мужчын. Маладзейшыя вадзілі паміж крыжоў і магіл Народнага мэмарыяла пажылога чалавека і нешта тлумачылі яму, а таксама фатаграфавалі яго. Аказалася, што гэта польскія наведвальнікі, сярод якіх быў 84-гадовы Тадэвуш Бароўскі з Беластока. Пра падзею паведаміў малавядомы, расейскамоўны рэсурс “Имена” (падобна па ўсім, што ён выдае сваю інфармпрадуцыю з Менску).

У тэксьце распавядаецца пра драму сям’і Т. Бароўскага, якая была выслана ў 1939 годзе ў Казахстан і дакладна ня ведала пра лёс ягонага бацькі, афіцэра Войска Польскага. Меркавалася, што бацьку расстраляў савецкі НКВД разам з тысячамі іншых польскіх ваеннапалонных. Згаданая вышэй дэлегацыя прывяла сп. Бароўскага на тэрыторыю Курапацкай сьвятыні і патлумачыла яму так, што пажылы чалавек заявіў (цытуем публікацыю):

Они хотели уничтожить нас как нацию. Я только через 60 лет узнал правду о моем отце: он был расстрелян в Куропатах”.

Далей у тэксьце пазначаецца:

Историки до сих пор ведут споры, были ли среди расстрелянных в Куропатах польские офицеры. Польские специалисты считают, что в Минске было уничтожено пять тысяч польских офицеров, и называют вероятные места захоронений — Парк Челюскинцев или Куропаты”.

Атрымліваецца наступным чынам. “Историки до сих пор ведут споры”, але “польские специалисты считают”… Лагічная супярэчнасьць, аднак, ня зьбіла з панталыку ні аўтараў публікацыі, ні асобаў, якія запрасілі ў Курапаты пажылога чалавека, ні самога пажылога чалавека. “Считают” – значыць, так яно і ёсьць.

Тут трэба нагадаць, што гісторыя і архэалогія – навукі дакладныя. Не заснаваныя ні на чым “меркаваньні” ня могуць служыць у гістарычнай навуцы абгрунтаваньнем для высноваў і пабудовы закончаных тэорый. Тым больш калі йдзецца пра лёсы людзей, сем’і якіх шукаюць інфармацыі аб іх. У дадзеным выпадку гістарычная навука дзейнічае на тэрыторыі крыміналістыкі (навукі і практыкі абсалютнай дакладнасьці).

За апошнія дзесяцігоддзі, пачынаючы з 1980-х гадоў, Зянон Пазьняк і ягоныя паплечнікі сабралі сьведчаньні людзей, якія пражывалі ў 1937-41 гг. у вёсках вакол Курапатаў. Усе яны сьведчылі аб тым, што расейскія акупанты расстрэльвалі беларусаў. Археалагічныя раскопкі, праведзеныя пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка і іншых археолагаў паказалі, што ўсе без выключэньня ахвяры былі цывільнымі людзьмі. Ніякіх эемэнтаў вайсковых уніформаў якой-кольвечы арміі ў Курапатах знойдзена не было (ніводнага нават гузіка ад мундзіра або шыняля). Усё гэта пацьвердзілі дзяржаўныя экспэртныя камісіі, якія кантралявалі раскопкі. Гэта ж убачылі і абаронцы Курапатаў, калі засыпалі раскапаныя вандаламі расстрэльныя ямы. Вопратка на трупах выключна цывільная. Часам гучаць галасы аб тым, што Курапаты – міжнародны помнік пакутніцтва, кшталту Бухэнвальда або Асьвенцыма, дзе былі зьнішчаны людзі з многіх краін. Гэтаму супярэчыць рэчаіснасьць. Падчас сталінскага тэрору ў Беларусь нікога не прывозілі зь іншых краін для зьнішчэньня. Нават на афіцыйных савецкіх картах ГУЛАГа на тэрыторыі БССР не пазначаны лягяры. Іх не было. Беларусаў арыштоўвалі, вязьнілі ў турмах і -- або зьнішчалі на месцах масавых расстрэлаў (як у Курапатах), або вывозілі ў ГУЛАГ – у Сібір, на Поўнач, у Казахстан і Сярэднюю Азію (вось там і былі шматнацыянальныя лягяры). Паўтараем, у Беларусь нікога не прывозілі, з Беларусі арыштаваных людзей толькі вывозілі. Гэтаму, аднак, пярэчаць згаданыя ў публікацыі “Имён” тав. Кузняцоў і тав. Раманоўскі. Першага зь іх (на самой справе савецкага палітработніка-падпалкоўніка) нават дэмакратычныя расейскія гісторыкі аб’явілі плагіятарам і псэўдагісторыкам. Другі на працягу гадоў фальшыва прадстаўляецца ахвярай ГУЛАГу.

На працягу 30-ці гадоў беларускі народ стварыў у Курапатах велічны Народны мэмарыял, які ўвекавечвае памяць ахвяраў нашага народа. Ёсьць тут і шануемы ўсімі помнік, прысьвечаны ахвярам габрэйскай абшчыны Беларусі, якіх таксама зьнішчылі расейскія акупанты. Ідэя Зянона Пазьняка ўвасобілася ў цэльнай і гарманічнай мастацка-прасторавай кампазыцыі Народнага мэмарыяла, цэнтрамі якой зьяўляюцца манумэнтальныя крыжы, на якіх пазначаны станы беларускага грамадзтва – ахвяры расейскай палітыкі генацыду: беларуская шляхта, беларускія рабочыя, беларускія сяляне, беларускія адраджэнцы і г.д. Зразумела, што антыбеларускі рэжым, кіруемы з Масквы, на працягу ўсіх гэтых гадоў прыкладае ўсе намаганьні для зьнічэньня Народнага мэмарыяла, пахаваньняў (як сьляда маскоўскіх злачынстваў) і памяці пра нашых пакутнікаў. Цяпер пачаўся новы этап рэжымнага наступу на Народны мэмарыял. Лукашызм на загад Масквы будзе ўсталёўваць у самым цэнтры мэмарыяла свой фальшывы і блюзьнерскі “помнік”, які парушыць гаромнію мастацкага вобраза, створанага беларускім народам. Патрыёты ўпэўнены, што гэта толькі першы крок рэжыма, зь якога пачнецца зьнішчэньне магіл і крыжоў у Курапатах.

Менавіта ў гэты момант у Курапаты пачалі прыводзіць пажылых людзей з Польшчы і пэраконваць іх (ня маючы ніякіх на тое доказаў), што тут былі забіты і пахаваны іхнія продкі. Чаму гэтыя міфалагічныя дзеяньні адбываюцца менавіта зараз? Ці не таму, што хтосьці разьлічвае выкарыстаць брутальныя дзеяньні антыбеларускага рэжыму для чарговай спробы ўсталяваньня міфалагічнага “помніка польскім афіцэрам” на тэрыторыі Курапацкай сьвятыні (дзе не знойдзена ніякіх парэшткаў вайсковых людзей)? У сувязі з гэтым трэба нагадаць, што беларускія патрыёты будуць адэкватна кваліфікаваць любыя спробы супрацоўніцтва з антыбеларускім рэжымам у ягоных разбуральных і фальшывых дзеяньнях на тэрыторыі беларускай Народнай сьвятыні. Усё, што будзе зьдзейсьнена кім бы то ні было ў рамках рэжымнага ўварваньня ў Курапаты, будзе кваліфікавацца як гвалт над нашай народнай памяцьцю, гістарычнай праўдай, беларускімі пакутнікамі і нашым нацыянальным гонарам. Будучыні ў такіх дзеяньняў ня будзе. Пасьля падзеньня антыбеларускага рэжыму будуць адкрыты архівы КГБ, раскрыта ўся праўда пра народную драму. Усё, што супярэчыць гэтай праўдзе, не будзе талеравацца на нашай зямлі. На сапраўдных магілах і месцах пакутніцтва польскіх грамадзян будуць усталяваны помнікі, якія возьмуць пад ахову беларуская дзяржава і беларускае грамадзтва.

Адносіны паміж народамі-суседзямі павінны будавацца на ўзаемнай павазе, даверы і гістарычнай праўдзе.

Абаронцы Курапацкай сьвятыні

1 кастрычніка 2018 г.

Менск, Беларусь.


Публікацыя: https://imenamag.by/posts/doktor-borovsky?utm_source=facebook&utm_medium=post_free&utm_campaign=doctor_borovsky.september18