НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ

posted Jul 26, 2018, 11:28 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 26, 2018, 11:29 AM ]

Народны Мэмарыял Курапаты -- гэта вялікі магільнік камуністычнага генацыду беларускага насельніцтва. Тут масавыя магілы людзей, расстраляных савецкім НКВД у 1937-- 23 чэрвень 1941 гг.

Мэмарыял пачаўся стварацца на Дзяды 29 кастрычніка 1989 года ўсталяваньнем сямімэтровага Крыжа Пакуты. Ён быў прынесены людзьмі на руках у масавым шэсьці на працягу васьмі кілёмэтраў шляху. Крыж Пакуты быў асьвечаны ў той дзень сьвятарамі ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў Беларусі.

Цяпер, у выніку народнай ініцыятывы, пад апекай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ у Курапатах пастаўлена больш за тысячу крыжоў ад людзей, арганізацыяў, вёсак і гарадоў, амбасадаў, вядомых людзей, звычайных грамадзян. Гэта традыцыйнае для Беларусі народнае рушэньне стварыла традыцыйны ў нашай культуры Народны помнік вечнай памяці. Вечнай -- таму што кожны чалавек і кожнае пакаленьне людзей, асабліва на Радаўніцу і Дзяды, нясуць сюды свае крыжы памяці аб забітых продках. Гэты Мэмарыял такім чынам вечна абнаўляецца і вечна жыве.

Народны Мэмарыял Курапаты валодае асаблівай сакральнай атмасфэрай, якую трэба шанаваць. Ненавісьнікі памяці ў асобе кіруючага рэжыму імкнуцца зьнішчыць Народны Мэмарыял і яго сакральны дух шляхам устаноўкі тут, у яго мастацка-вобразнай структуры, свайго прыдуманага афіцыйнага помніка, які, зразумела, будзе тут разбуральны, нестасоўны і лішні ў любой дзяжурнай іпастасі.

Унутры Народнага Мэмарыялу ня трэба рабіць ніякіх афіцыйных манумэнтальных канструкцыяў і помнікаў.

Улічваючы гэта, прапаную далейшую мэмарыялізацыю Курапатаў з удзелам афіцыйных установаў працягваць у 300-мэтровай ахоўнай зоне з усходняга боку ляснога масіву Курапаты. Дзеля гэтага трэба вярнуць і замацаваць у гэтым месцы статус ахоўнай зоны.

Тут, на гэтай плошчы перад Курапатамі, можа быць:

1. Сьцяна Памяці, на якой будуць таблічкі з прозьвішчамі ўсіх расстраляных, забітых, замардаваных за часы генацыду і рэпрэсіяў 1920-50-х гадоў. Колькасьць таблічак будзе павялічвацца па меры дакумэнтальных адкрыцьцяў.

2. Плошча (мейсца) для малітваў і літургіяў. (Могуць быць сымвалы хрысьціянскія, габрэйскія, татарскія.)

3. Будынак музея генацыду беларускага народа.

4. Месца для паркоўкі аўтамабіляў.

5. Спраектаваць і пабудаваць агарожу з брамай вакол Курапатаў.

Такі падыход лічу аптымальным і рэалістычным. Ён адпавядаў бы працягу разумнай мэмарыялізацыі Курапатаў.


26 ліпень 2018 г.                          Зянон ПАЗЬНЯК