Народны рух «Вольная Беларусь»

posted Mar 19, 2017, 5:01 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 19, 2017, 5:02 PM ]
Становішча, у якім апынуўся працоўны Беларускі народ пасьля 22-х з паловай гадоў хамскай прамаскоўскай улады Лукашэнкі, прыніжальнае для беларускай народнай годнасьці.

У краіне штучна спынена эканамічнае і гуманітарнае разьвіцьцё беларускай нацыі. Адсталая дзяржаўна-эканамічная сістэма і кантроль шкоднікаў ад улады спарадзілі хранічны недахоп працы, а людзей, якія ня маюць працы, антынародны рэжым абклаў падаткамі за беспрацоўе. Гэта зьдзек над народам, нахабнае рабаўніцтва людзей.

Лукашэнка і яго асяроддзе ўзурпавалі ўладу і 22 з паловай гады існуюць пры падтрымцы Масквы, прадаючы беларускія нацыянальныя інтарэсы, душачы ўсё жывое і беларускае ў краіне. Ва ўгоду Маскве зачыненыя беларускія школы, нацыянальнае радыё і тэлебачаньне, разбурана сістэма беларускай нацыянальнай адукацыі. Наша прыгожая Беларусь ператворана ў краіну, дзе цяжка жыць працоўнаму чалавеку, дзе асоба несвабодная, растаптаныя правы і ідэалы, і моладзь уцякае адсюль за мяжу. Над усім – усясільле, беспакаранасьць чыноўнікаў, міліцыі, КГБ, несправядлівых судоў, якія не паважаюць народ і адносяцца да яго як да акупаванага насельніцтва.

Так не павінна быць. Трэба змагацца за сьветлую, вольную Беларусь, за вольную краіну, якой павінна быць Беларусь дзеля дабра і шчасьця людзей.

Наш Народны беларускі рух – гэта «Вольная Беларусь». Стварайма «Вольную Беларусь». Стварайма групы падтрымкі руху.

                            Першачарговыя задачы народнага Руху «Вольная Беларусь»:

-- Адмена Дэкрэту №3;

-- Адстаўка кіраўніка выканаўчай улады Аляксандра Лукашэнкі;

-- Адстаўка старшыні Ураду Кабякова;

-- Адстаўка старшыні ЦВК Ярмошынай;

-- Ліквідацыя інстытута ідэолагаў у арганізацыях, ва ўстановах і на прадпрыемствах;

Адмена нявольніцкай і несправядлівай кантрактнай сістэмы;

Правядзеньне рэформы пэнсійнай сістэмы ў інтарэсах людзей, каб працоўны чалавек мог прыстойна жыць за сваю запрацаваную пэнсію;

-- Стварэньне новай Цэнтральнай Выбарчай Камісіі па выбарах і рэфэрэндумах;

-- Вяртаньне Канстытуцыі 1994 года і правядзеньне выбараў у парлямант, паводле патрабаваньняў гэтай Канстытуцыі;

-- Вяртаньне Беларускага дзяржаўнага Бел-Чырвона-Белага Сьцягу і дзяржаўнага гэрбу Пагоня;

-- Правядзеньне эканамічнай рэформы дзеля забесьпячэньня магчымасьцяў лепшага жыцьця і працы людзям ды дзеля няўхільнага разьвіцьця грамадзтва;

-- Вяртаньне беларускага радыё і нацыянальнага тэлебачаньня;

-- Вяртаньне беларускай нацыянальнай школы і беларускай сістэмы адукацыі;

-- Стварэньне ўмоваў для вяртаньня беларусаў з-за мяжы, што выехалі зь Беларусі за часы антынароднага рэжыму.

                                                                    * * *

-- Пытаньні замежнай палітыкі будзе вырашаць абраны народам Парлямант і законны Урад.

Адзначым, што першачарговай задачай для вольнай Беларускай дзяржавы

будзе дыверсіфікацыя (гэта значыць пастаўка энэргарэсурсаў з розных месцаў)

і забесьпячэньне міру (гэта значыць добрае ўладкаваньне дзяржаўнай мяжы, няўдзел у вайсковых саюзах і добрыя дачыненьні з суседзямі).

Ва ўнутранай эканамічнай палітыцы ў сувязі з гэтым важнай задачай (цалкам вырашальнай) стане стварэньне энэргетычнай сістэмы 21 стагоддзя (гэта значыць перш за ўсё аўтаномнай, на прыродных ўзнаўляльных рэсурсах).


12 сакавіка 2017 г.                  Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. («Народная Партыя»)

Старшыня КХП – БНФ Зянон Пазьняк

В.а. Старшыні КХП – БНФ у Беларусі Юры Беленькі

Намесьнік Старшыні КХП – БНФ Сяргей Папкоў