“Народы шануюць змагарных, а не спакойных, што схіляюцца перад агрэсарам“

posted Jun 26, 2017, 7:17 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 26, 2017, 7:18 PM ]

Пачаў дзейнічаць “безвіз” на заходняй мяжы Украіны. Цяпер украінцы свабодна едуць у эўрапейскія краіны, падарожнічаюць, працуюць, вучацца, адпачываюць, сустракаюцца з сябрамі. У шэрагу месцаў з нагоды падзеі адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы і нават сьвяточныя імпрэзы. Так, у будынку сталічнага аэрапорта “Барыспаль” былі песьні і танцы. У некаторых аэрапортах заходніх гарадоў першых украінскіх падарожнікаў сустракалі са сьцягамі Украіны і павітаньнямі. Абваліўся яшчэ адзін саўдэпаўскі атавізм. Дарэчы, Україна рыхтуецца да адэкватнага кроку -- увядзеньня візавага рэжыму з дзікай і п’янай гэбоўскай Расеяй.

А беларусы працягваюць стаяць у чэргах і тоўпіцца ў чужых кансулятах, чакаць, плаціць і хвалявацца. Ды культываваць улюбёную рыторыку: “И почему же это нам не дают безвиз?! Ведь белорусы такие спокойные, никому вреда не делают. Ай-ай!..

Пара скеміць, што тых, хто ў масе сваёй не шануе родную мову і культуру, хто прыняў акупанцкае і чужое як сваё, у сьвеце ня будуць шанаваць па вызначэньню. Народы шануюць змагарных, а ня тых, хто “спакойны і ня робіць шкоды агрэсару”. А тут яшчэ Кіеў аб’явіў, што зьбіраецца ўводзіць візавы рэжым з Беларусьсю і Казахстанам, бо гэтыя краіны ў шчыльным хаўрусе з Масквой і не кантралююць свае межы.

Так што сапраўдная татальная ізаляцыя ад цывілізаванага сьвету яшчэ наперадзе. Праз шлагбаўмы і загароджы мясцовыя абывацелі будуць казаць народам, якія яны “спакойныя і бясшкодныя”. Ды ніхто іх ня будзе слухаць…

Алесь Хадасевіч