НАША ГІСТОРЫЯ

posted Sep 25, 2019, 3:02 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 25, 2019, 3:02 PM ]

Сярод чужых войнаў, зьдзерства ворагаў, падзелу Беларусі і акупацыяў дзень17 верасьня 1939 года стаў выпадкам, калі гісторыя на імгненьне павярнулася да нас тварам. Гэтая падзея ад нас не залежыла, але рэальна яна аб'яднала нацыю і ўратавала адзінства краіны, хоць, як і ўсё дагэтуль, каштавала нам вялікай ахвярнай крыві і тысячаў ахвярных жыцьцяў.

У гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя самай чорнай падзеяй быў Рыжскі падзел 1921 года, калі аслабленая краіна была ліквідавана, падзелена і нацыю мэтанакіравана нішчылі з абодвух бакоў. Калі б не вайна -- пэрспэктывы нацыянальна выжыць і аднавіць дзяржаўную незалежнасьць у беларусаў ужо амаль не было б.

З гледзішча гістарычнага адзінства краіны акт савецкай акупацыі аб'ектыўна стаўся чыньнікам аб'яднаньня Беларусі і фактам аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці, зьнішчанай ў 1921 годзе. Так гэта трэба ўспрымаць, бо так гэта было. Аб'яднаньне пад савецкай акупацыяй каштавала нашаму народу пакутаў і страт, бо, як і падзел, сталася вынікам чужой вайны, але яно дало беларусам усьведамленьне адзінства, намінальна захавала краіну, тым самым адчыніла надзею дзяржаўнай незалежнасьці і адраджэньня.

Такая ёсьць наша беларуская гісторыя.

17 верасьня 2019 г.                             Зянон Пазьняк