НАШЭСЬЦЕ ГНОМАЎ

posted May 15, 2019, 8:53 PM by Адміністратар Навін   [ updated May 15, 2019, 8:54 PM ]

(Ліст на травеньскі Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ                                                                      і БНФ “Адраджэньне”

Згодна рэкамендацыяў і рашэньняў красавіцкага Сойму мы падрыхтавалі два зьмястоўныя дакуманты: “Мэмарандум да ўрадаў заходніх краін і грамадзтва” і падпісны ліст аб прызнаньні пэрсонай “нон-грата” рускага спэцамбасадара Бабіча. Пачалося зьбіраньне подпісаў, але тут здарыўся рэдкі выпадак – падзеі апярэдзілі нашу ініцыятыву. Маскоўцы адклікалі Бабіча. Маўляў, ён сваю справу зрабіў, мы яму дзякуем і адклікаем.

Бабіч, сапраўды, нарабіў шмат, пашыхтаваў усю расейскую рэзыдэнтуру, накіраваў яе на стварэньне паралельных структураў улады на мясцовым узроўні на выпадак прыходу ў Беларусь маскоўскіх “зялёных чалавечкаў” (акупантаў). Але самае галоўнае, што зрабіў шпіён Бабіч – гэта пачаў рыхтаваць расейскую агентурную змову па адхіленьні Лукашэнкі ад улады. Усё яно рабілася амаль адкрыта, бо вакол свае маскоўскія кадры, расстаўленыя іхным жа “сукіным сынам”. Такі лубянскі кадр у Маскве, як журналіст Дарэнка, адкрыта вяшчаў, што, маўляў, чакайце, наш Бабіч там паламае «яму» клыкі. Італьянская камэдыя: “шпіён жыве на паверх вышэй”.

У гэты ж час Масква арганізоўвае сваю дробную агентуру, каб страшыць і нэрваваць кліента. Выскачыў раптам спадар Лябедзька і пачаў прад’яўляць ультыматумы правіцелю, -- маўляў, альбо адкажы на пытаньні, чаму давёў Беларусь да ручкі, альбо зыходзь. Маўляў, даю 24 гадзіны на прыняцьце рашэньня. Выступаць у ролі паяца яму не ўпершыню, таму паўтарыў свой “ультыматум” яшчэ два разы.

І вось у гэты час нешта пайшло ня так. Пра ўсё даведаўся Правіцель, паехаў да Пуціна і закаціў гістэрыку. У выніку Бабіча адклікалі, а былога начальніка аховы эфэсбіста, маскоўца Вцюрына (ён жа па сумяшчальніцтву выхавацель байструка правіцеля), арыштавалі, нібыта, “за хабар”.

Тым часам іншы кадр у Маскве, той жа вось Дарэнка заявіў, што рыхтуе перадачу ў эфір, дзе раскажа, што насамрэч адбылося ў Менску, наконт змовы. Праз дзень Дарэнка памірае ад разрыву сэрца, едучы на матацыкле. Ягоная дачка тут жа піша ў пракуратуру, каб рассьледвалі, ад чаго ў сапраўднасьці памёр Дарэнка, бо ў яе ёсьць падставы меркаваць, што яго зьвялі. (Праўда, гэта марны занятак ў такіх абставінах у гэбоўскай Расеі. Напішуць, што ўсё ў норме.)

Такія вось козьні рэжымнага двара. Выпадак з Дарэнкам, аднак, паказвае, што ў гэтай злачыннай дзейнасьці замешана некалькі расейскіх груп (якія дрэнна каардынуюцца).

Важна не забывацца, што тут не суперніцтва палітычных сьветапоглядаў і палітычных фармаваньняў, дзе ўлічваюцца законы, субардынацыя, папулярнасьць, электарат, «эстэблішмэнт» і т.п. Тут крымінальныя разборкі злачынцаў, зладзеяў, якія апанавалі краіны, смокчуць іх, як упыры, і пагражаюць апанаваць увесь сьвет, прытым ужо без ідэалёгіі (бо камунізм ляснуў), а так сабе – па паняцьцях.

Я пішу пра ўсё гэта зь іроніяй, успамінаючы свае ранейшыя словы, што калі маскалі палезуць у Беларусь, як на Украіну, то знойдуць тут сваю магілу.

Сітуацыя ў Беларусі даўно склалася як крытычная. Разбураныя і вынішчаюцца асновы існаваньня нацыі, эканоміка, адукацыя, сацыяльныя магчымасьці, грамадзянская супольнасьць, разбурана вёска, адбываецца дэмаграфічная катастрофа, прыніжэньне асобы, уведзены кантроль за кожным чалавекам, які павялічваецца. Пры гэтым створаны такія дачыненьні, што народ адхілены ад фармаваньня ўлады і назіраньня за ёй (замест выбараў прафанацыя, адміністрацыйны кантроль рэжыму). Ліквідаваныя ўсе магчымасьці канстытуцыйнай зьмены ўлады. Поўны тупік. Антыбеларуская ўлада праводзіць антынародную акупацыйную палітыку, і грамадзтва нічога ня можа зрабіць, толькі назіраць, як нішчацца правы людзей і прадаецца сувэрэнітэт краіны. Нацыя становіцца пасіўным сьведкам нацыянальнага забойства, закладнікам здрады.

Тут ёсьць некалькі варыянтаў падзей. Першы. Грамадзтва будзе даведзена да поўнай дэградацыі, краіна ліквідавана, тэрыторыя аддадзена ў расейскае рабства. Другі варыянт – рэвалюцыя, паўстаньне, сілавое зьвяржэньне рэжыму.

Але гэтага варыянту можа ня быць. Ніхто не захоча паўставаць. Масавая згода на рабства. Такіх прыкладаў дастаткова (Куба, Паўночная Карэя і інш.). І тады застаецца трэці варыянт, пра які некалі выказваўся адзін салдат-дэсідэнт Вэрмахта за часы нямецкай акупацыі: “Калі б у сваім часе забілі Сталіна і Гітлера, то і вайны не было б”. І гэта, дарэчы, ёсьць лапідарная бандыцкая праўда.

Вось гэты лапідарны варыянт і хацелі скарыстаць Бабіч, Вцюрын і іншая масква ў сваіх інтарэсах. Антынародная дыктатура сама вызначае характар зьмены сваёй улады.

Нажаль, ён не прыдатны для беларусаў, бо мала што зьменіць па сутнасьці. Корань зла, вока спрута крыецца ў крамлёўскага гнома. І не выпадкова, што якраз гном хацеў скарыстацца крымінальным варыянтам, каб павялічыць свае акупацыйныя магчымасьці (якія і так бязьмежныя). Змаганьне зь метастазамі ня вылечыць анкалагічнай хваробы ў Менску, калі пухліна стварылася ў Маскве.

Я не выпадкова пачаў гэтую гаворку, бо зьявіўся рэальны прэцэдэнт, і ў грамадзтве даўно ўжо ня толькі правакатары, але нават цалкам рэспэктабэльныя людзі пачынаюць у голас казаць, што краіна гіне, можа страціць незалежнасьць, што поўны тупік і адзіны выхад – забіць драня, бо іншых выхадаў не існуе.

Дарэчы, усё правільна. У гэтым характэрнасьць дыктатарскай улады. Зьмясьціць Гітлера не было іншай магчымасьці, акрамя яго фізычнага зьнішчэньня. І немцы паспрабавалі зьмяніць гісторыю такім чынам. Але гісторыя, відаць, мусіла дайсьці да свайго выніку, не спыняючыся на паўстанках.

Асаблівасьць палітычных дачыненьняў у Беларусі выклікае непакой, бо няма адзінага рацыянальнага разуменьня прычыны і выніку становішча. Антыпатыя і непрыняцьце ўзурпатара вырастае да масавага маштабу, але шмат хто (нават не распрапагандаваная большасьць) не разумее, што корань зла ў Крамлі, у яго імпэрскай агрэсіўнай палітыцы, у крамлёўскіх гномах, якія маніпулююць залежным ад іх калгасным сатрапам і праз яго вядуць сваю антыбеларускую палітыку. Зьмена сатрапаў ня зьменіць антыбеларускай палітыкі, калі ня будзе агульнанацыянальнага супраціву Маскве.

Тлумачу рэальнае становішча. Беларусы, якія думаюць уратаваць краіну і зьнішчыць цмока, на самой справе зробяць гэтым паслугу Вцюрыну-Бабічу, пазбавяць іх ад неабходнасьці выканаць тое самае. У краіне пры дапамозе “іхняга сукінага сына” створана акупацыйная сістэма ўлады. Увесь Савет бясьпекі краіны (акрамя адной прадажнай асобы) складзены з расейцаў, выхадцаў з Расеі і рускай агентуры. Міністэрства ўнутраных спраў (і ўсе ўнутраныя сілавыя структуры) знаходзяцца пад начальствам расейца кагэбіста-эфэсбіста з Луганшчыны, які навіду ўсіх ходзіць у форме злачыннага савецкага НКВД. Кіраўніцтва войска, генэралітэт складаецца з выпускнікоў расейскай вайсковай акадэміі і агентуры; ключавыя міністэрствы (адукацыі, культуры, інфармацыі і інш.) займаюць расесйкія агенты, камуністы, не грамадзяне Беларусі. Камітэтам Дзяржбясьпекі Беларусі кіруе расеяц і расейскі агент, не кажучы ўжо пра тое, што КГБ і рускае ФСБ цяпер, фактычна, адно ведамства, якое наладзіла ў Беларусі цэнтралізаваную сістэму відэаназіраньня за грамадзянамі краіны (500 тысячаў відэакамэр). Уся ахова сатрапа (дзьве тысячы ахоўнікаў) таксама складаецца з расейцаў тыпу Вцюрына. Беларусаў там няма. І ўсё гэта стваралася на вачах народа, паплёўваючы беларусам у твар, з дапамогай “іхняга сукінага сына”, які хоча быць вечным начальнікам над гэтым балотам. І быў бы, калі не ўзьніклі праблемы ўлады ў крамлёўскага гнома, дзе трэба сьпяшацца.

Маскоўскі план быў просты. Зьмяняюць наравістага «сукінага сына» на іншага сукінага сына – і ўсё. Больш нічога ня трэба рабіць, толькі прымаць рашэньні. Акупацыя, лічыце, адбылася, бо акупацыйная сістэма ўжо існуе. Ніхто нават не заўважыць, што краіны няма.

(Тут зноў нагадаю, што Захад на сёньняшні дзень бяссільны перад гібрыднай вайной, тэхналёгія супроцьдзеяньня ня створана. Там ня ведаюць, што рабіць).

Першая спроба маскоўцам не ўдалася. Але план застаўся. Цяпер мы бачым, што антыканстытуцыйнае прысьпешваньне псэўдавыбараў у Беларусі патрэбна Маскве. Намеры празрыстыя – захапіць “палатку” і наладзіць дэмарш (улічваючы, што Цэнтральнай выбарчай камісіяй кіруе ФСБ).

Што тут могуць беларусы? Могуць шмат што. Практычна, -- усё. Але для гэтага трэба стаць беларусамі, людзьмі, годнымі сваёй нацыі.

Цмок сядзіць у Крамлі. У Менску – сатрап. Для суду над ім павінен быць як найхутчэй створаны Народны трыбунал. Любое рашэньне Народнага трыбунала, пагрунтаванае на Канстытуцыі і законах, будзе ў гэтых абставінах легітымным і падлягае выкананьню. Рашэньні трыбунала паспрыяюць правядзеньню законных выбараў і прыпыняць крамлёўскія авантуры “Вцюрыных-Бабічаў”. Але пра шмат што мы тут ня кажам, разумеючы нязначнасьць слоў там, дзе патрабуецца справа.

12 траўня 2019 г.                                                                                  Зянон ПАЗЬНЯК



Пост скрыптум

.Бадай нішто так фігуральна не характарызуе і не выяўляе ідэалягічна-мэнтальную сутнасьць рэжыму крамлёўскіх гномаў, як ваенны псіхоз, які накрыў цяпер расейскае грамадзтва. Тое, што мы назіраем, -- гэта ў поўным сэнсе ваенізаваная чартоўшчына інфантыльнага кшталту, вар'ятня, дзе расейскіх дзетак, пачынаючы ад ясельнага ўзросту, убіраюць у савецкую ваенную форму, абвешваюць чорна-карычневымі стужкамі, чырвонымі зоркамі, эмблемамі сярпа з молатам і водзяць на дэманстрацыі з партрэтамі Сталіна і іншых забойцаў 2-й Сусьветнай вайны.

На 9-га траўня (савецкі дзень сканчэньня вайны ў Эўропе і Афрыцы) гэтая ваен-чартоўшчына дабралася і да Беларусі. У Менск (як некалі ў Данбас) наехала шмат расейскіх "турыстаў" у форме НКВД, якія бадзяліся і галёкалі маскоўскія лёзунгі, кшталту "спасибо деду за победу". Цяперашняму рускаму ватняму грамадзтву крамлёўскія гномы ўклалі ў мазгі, што гэта толькі Расея, а не антыгітлераўская кааліцыя, начале з Вялікабрытаніяй і Амэрыкай (якія кіравалі стратэгіяй вайны), перамаглі нямецкі нацыянал-сацыялізм.

Дзякуючы, перш за ўсё, Вялікабрытаніі і Амэрыцы, сусьветная бойня, разьвязаная Сталіным-Гітлерам і іхным злачынным сацыялізмам, была спынена і асуджана. Дзень яе завяршэньня ў Эўропе -- гэта дзень страшлівай балючай памяці і жалобы. Загінулі дзясяткі мільёнаў людзей, сталі ахвярай антычалавечай камуна-нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі.

Асабліва трагічная гэтая памяць для нас беларусаў, у якіх акупанты з усходу і захаду забілі асмаль трэць насельніцтва, разбурылі гарады, спалілі тысячы вёсак, зьнявечылі зямлю.

Потым, ужо у канцы 1960-х гадоў, савецкія акупанты, прыватызавалі сабе перамогу над гітлераўскай Нямеччынай і ператварылі 9 травень у пампезнае "сьвята перамогі", у прыладу прпаганды, фальсіфікацыі гісторыі і абалваньваньня людзей, ськідваньне віны з сябе за разьвязваньне антычалавечай вайны толькі на Гітлера і Нямеччыну.

Але нават тады, пры Брэжневе, не было такога дзікага шызафрэнічнага маразму, такой вар'яцкай ваеннай чартоўшчыны, як цяпер пад рэжымам Пуціна. Ідзе паталагічная прапаганда вайны. Пра яе ўжо мроіць тупое пакаленьне, што ўзьнікла за часы Пуціна і наглядзелася пуцінскага кінематографа.

Злачынная гісторыя расейскіх войнаў паказвае, што калі расейскае скопішча жадае і хоча вайны, то вайна будзе, калі не здарыцца, аднак, выпадку ў гісторыі і Сталін з Гітлерам прападуць.

12.05.2019