Назіраньне: "аб'ект" прыцягвае расейцаў і маральна збочаных

posted Jul 29, 2018, 9:34 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 29, 2018, 9:35 PM ]

29 ліпеня 2018 г. прайшла чарговая варта ля “Бульбаш-Холу (Поедем-поедим)” разам з сябрамі КХП-БНФ.

Нягледзячы на неверагодную сьпёку людзі адстаялі цэлы дзень. Прыйшлі выключна на покліч свайго сумленьня, прынцыпаў, бараніць беларускую годнасьць і гонар. У гэтым нашая найвялікшая маральная перавага перад тымі асобамі, якія штодня ахоўваюць гэты злачынны аб’ект за сумніўны заробак, па загадзе.

Пратэсты людзей ля “Бульбаш-холу” узьнялі вялікую інфармацыйную хвалю ў беларускім грамадстве. Усё больш людзей даведваецца праўду пра Курапаты, пра змаганьне за іх, пра Народны Мэмарыял. Штораз падыходзяць людзі, якія ўпершыню наведваюць Курапаты. Гэтым разам прыйшла маладая пара, якая першы раз наведала Курапаты ды папрасіла распавесьці пра гэтае месца. Удзельнікі варты распавялі пра гісторыю Курапатаў, сітуацыю вакол незаконнага “Бульбаш-холу”, пра 30-ці гадовае стварэньне Народнага Мэмарыялу беларусамі.

Было шмат машын, што прыяжджалі выказаць сваю падтрымку. Людзі везлі ваду, ежу. Дзячылі. Адчувалася сапраўдная салідарнасьць беларусаў. Курапаты яднаюць.

Было і некалькі машынаў, што, па ня вельмі зразумелых прычынах, вырашылі наведаць гэты “рэстаран”. У тым ліку, з расейскімі нумарамі, георгіеўскімі стужкамі ў салоне. Зьдзіўляе тое, яшчэ ніводны з падобных наведнікаў не сказаў, што ня ведае, што тут за месца. Усе як завядзённыя паўтаралі адну і тую ж прапагандысцкую тэзу пра тое, што “весь Минск на костях стоит, так что, теперь дома все снести”. Выглядае так, быццам іх усіх апрацавалі аднымі і тымі ж інструкцыямі, навучылі, што казаць.

Уразіла маладая жанчына, што ішла ў рэстарацыю з маленькім дзіцём за руку. Пры гэтым загаддзя паставіўшы аўтамабіль здалёк (відаць, ужо не першы раз тут). На пытаньне, ці ведае яна, што тут за месца, адказана сходу і з усьмешкай: “Да, знаю, что тут людей расстреливали”... Ствараецца ўражаньне, што гэтую “рэстарацыю” наведваюць выключна маральна дэградаваныя асобы. А што, рэжым жа дазваляе, “всё же законно”.

Яшчэ адзін прапагандысцкі аргумант, які часта выкарыстоўваюць наведвальнікі і “ахоўнікі”: “Тут же немцы евреев расстреливали во время войны”. Па іх логіцы атрымліваецца, што на магілах габрэяў, растраляных немцамі, можна радасна ладзіць скокі, п’янкі ды гулянкі. “Поедем-поедим” ператвараецца ў месца нейкага прыцягненьня маральных пачвараў пад пільнай аховай спэцслужбаў.

Вось чаму ля Курапатаў катэгарычна не можа існаваць ніякага забаўляльнага комплексу. Гэта дае нагоду амаральным асобам ды адкрытым ворагам беларушчыны зьневажаць нашую памяць, беларускіх пакутнікаў, закатаваных НКВД.

Упэўнены, што “Поедем-поедим” рана ці позна будзе зачынены і зьнесены. Злачынцы будуць пакараныя. Бо, як казаў Васіль Быкаў, “на нашым баку — ісціна. Праўда, з якой выстаім!".

Таму, змагаймася, і -- пераможам! Жыве Беларусь!

                                                                                                                            Ігар Шчэмелеў