НЕАБХОДНАСЬЦЬ БАЙКОТУ Ў ЧАС ЭЙФАРЫІ

posted Jul 27, 2020, 2:38 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 27, 2020, 2:38 PM ]

Верагодна, што Ціханоўскую могуць зьняць з выбараў, каб ня мець лішніх клопатаў для рэжыма. Агітацыю людзей на фальшывае галасаваньне пад уплывам групоўкі Газпрама-Цапкалы яна ўжо зрабіла. Прытым гэтая групоўка правяла нават прэвентыўную прапаганду за прыход на фальшывае галасаваньне (галасаваць супроць ўсіх) у выпадку, калі Ціханоўскую сапраўды здымуць з выбарчага спаборніцтва. Вельмі паказальная пазыцыя.

Навошта гнаць людзей на фальшывае галасаваньне супраць ўсіх, калі там галасоў ня лічаць? Лагічна якраз праігнараваць такое галасаваньне, зафіксаваць няяўку, падаць дакуманты ў ЦВК і Пракуратуру ды законна запатрабаваць новыя выбары з новымі кандыдатамі. Навошта так упарта пры любых абставінах хочуць загнаць людзей галасаваць? Вынік жа такога галасаваньня вядомы -- трыюмф Лукашэнкі.

Тут можна ўгледзіць хіба што правакацыйную мэту. Людзі па закліку масава прыходзяць галасаваць супраць ўсіх з адной ўзбуджанай думкай -- "Абы ня Лукашэнка!" І раптам яны даведваюцца, што Лукашэнка набраў 76,2 адсоткі галасоў. У сьвядомасьці наіўнага і ўзлаванага электарату адбываецца тое, што ў псіхалогіі называецца "шок".

Дастаткова любой првакацыйнай ініцыятывы, каб узьніклі неабдуманыя пратэстныя дзеяньні -- да якіх рэжым падрыхтаваны -- і пачаўся б запланаваны разгром беларускага грамадзтва, яшчэ не гатовага да жорсткай барацьбы. Для Крамля гэта мара -- зьнішчыць беларускія нацыянальна-дэмакратычныя парасткі рукамі рэжыму Лукашэнкі. Пры аказіі Масква Лукашэнку і дапамагчы магла б.

Усё гэта беларусы праходзілі ў 2010-м. Цяпер трэба арганізавацца і дзейнічаць разумна. Лукашэнка ўжо доўга не ўтрымаецца. Але трэба не падставіцца пад разгром.

Узбуджаная маса без арганізацыі, бяз разумных палітыкаў, без уяўленьня праграмы барацьбы, без разуменьня рэальнай мэты і рэалізацыі задач, урэшце бяз ідэалаў, паднятая на адной нянавісьці да ўзурпатара і з лёзунгам «Абы ня Лукашэнка», такая маса здольная толькі на бунт, які хутка канчаецца, з дрэннымі вынікамі для грамадзтва. Такі цяпер стан нашай беларускай супольнасьці. Пратэстны настрой павярхоўны. Прытым адукаваныя аўтарытэтныя людзі, якія не былі ў палітыцы, нічога ня бачаць, нібы сьляпыя, і гавораць, як дзеці. Крэмль тое разумее і хоча мець сваю выгаду.

БАЙКОТ -- ГЭТА САМЫ ПРОСТЫ І НАДЗЕЙНЫ СПОСАБ ЗАВАЛІЦЬ ФАЛЬШЫВЫЯ ВЫБАРЫ. Непрыход на галасаваньне паддаецца відавочнаму падліку і дакумэнтаваньню. Дзеяньне зразумелае кожнаму.

Некаторыя прапануюць фатаграфаваць бюлетэні і адсылаць здымкі ў Сеціва. Потым зборку бюлетэняў будуць параўноўваць з афіцыйным галасаваньнем і рабіць высновы. Гэты мэтад нават тэарэтычна грувасткі, працаёмкі, доўгатэрміновы і, практычна, неажыцьцявімы. Спробы фатаграфаваньня могуць быць спынены рашэньнем ЦВК альбо дзеяньнямі камісіяў (з прыцягненьнем міліцыі). Прытым можа быць адключаны Інтэрнэт, заблакаваныя асобныя функцыі сувязі і т. п. Тут ёсьць шмат магчымасьцяў супроцьдзеяньня для рэжыму.

Адкідайма ўсё гэтае "рацыяналізатарства" і бярэмся за байкот фальшывага галасаваньня.

Ня йдзем на выбары і фіксуем непрыход на ўчасткі!

26 ліпень 2020 г.              Зянон Пазьняк