НЕБЯСЬПЕКА БЯСПРАЎЯ

posted Jul 12, 2020, 7:15 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 12, 2020, 7:16 PM ]

Ідэі радыкальнага перарабленьня чалавецтва выйшлі з маргіналізму паўвыр'ятаў, аднабока адукаваных і закамплексаваных людзей Эўропы ХУІІІ стагоддзя. Глабальна і крымінальна ўсё пачалося пазьней ад расейскіх сацыял-дэмакратаў, эсэраў і бальшавікоў. Крымінальныя эсэраўска-бальшавіцкія банды займаліся тэрорам, рабавалі банкі і цягнікі, здабывалі грошы для партыі РСДРП на новыя забойствы і рэвалюцыю. Крымінальны аўтарытэт Соса Джугашвілі па майстэрску абрабаваў Тыфліскі банк, "замачыўшы" дзясяткі "буржуяў", потым кіраваў "першай краінай сацыялізму", стаўся найвялікшым злачынцам сьвету.

Але гэта яшчэ не мяжа. Тэрор і вынішчэньне чалавецтва закладзеныя ў прыродзе сацыялізму. Гітлер і Сталін усяго толькі гісторыя. Самыя вялікія апакаліптычныя злачынствы сацыялізму, відаць, будуць наперадзе.

* * *

Цяперашні лявацкі нэамарксізм, што ўзьнік у балоце лібэралізму, зноў стварыў свае крымінальныя "ўдарныя сілы" супраць цывілізацыі. "Чырвоныя брыгады", што арудвалі ў Эўропе ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, зьмянілі крымінальныя "чорныя банды" ў Амэрыцы. Неабальшавіцкія групоўкі арудуюць на грунце чорнага расізму, які быццам бы змагаецца зь белым расізмам (але якога рэальна ў Амэрыцы не існуе). Таму групоўкі выступаюць супраць усяго белага насельніцтва, якое паводле самых крайніх думак чорных расістаў ёсьць памылкай прыроды і павінна быць сьцерта з твару Зямлі разам з сусьветнай "культурай белых людзей". У 70-х гадах тэрорам кіраваў СССР. Цяпер, акрамя ўплыву камуністычных краін і Расеі, тут вырасьлі ўжо і ўнутраныя марксісцкія левыя сілы.

Амэрыканская ўлада ня ў стане спыніць разбой, бо падзеленая на дзьве часткі. Адна зь іх (так званыя "дэмакраты") адкрыта падтрымлівае банды крыміналу і сама зьвязаная з новым бальшавізмам.

Ня выключана, што пры бязьдзейнасьці дэмакратычных ўладаў, якія спрыяюць крымінальнікам, абмяжоўваюць і дэзарганізуюць паліцыю, амэрыканская здаровая частка грамадзтва ўрэшце самаарганізуецца і, калі спатрэбіцца, ліквідуе крымінальныя зграі. Тым больш што зброя ў людзей ёсьць.

Першымі пачалі гуртавацца габрэі Нью-Ёрка, выхадцы з Адэсы. (Тут іх называюць "рускія".) Гэта матацыклісты і людзі паўкрымінальнага сьвету (клуб "Братва"). (Глядзі відэа: https://www.youtube.com/watch?v=IjJ6my6Aefc&feature=youtu.be )

* * *

Але я хачу сказаць не пра Амэрыку, а пра Беларусь, дзе банды левакоў яшчэ наперадзе (тым больш, што злачынства людабойства бальшавікоў не асуджана і новым пакаленьнем нават не асэнсаванае; адносіны да Курапатаў, рэстаран на касьцях ахвяраў генацыду -- тэст на страчанае пакаленьне).

У нацыянальным соцыюме няма лішніх людзей. Крыміналітэт -- гэта аб'ектыўная сацыяльная зьява. Ён ёсьць і, на жаль, пакуль што будзе. Шкоднасьць яго залежыць ад месца, якое яму вызначыць дзяржава і грамадзтва.

Крыміналітэт ёсьць антыграмадзкая зьява, агрэсіўная мэнтальнасьць індывідыума без абавязкаў перад нацыяй, грамадзтвам і людзьмі. Але грамадзтва мусіць быць зацікаўлена ня толькі ў тым, каб "злодзей сядзеў у турме", але і ў тым, каб злодзей і разбойнік хоць нейкім бокам адчуваў сябе прыналежным да грамадзтва, прызнаваў пэўныя каштоўнасьці, напрыклад, сям'ю, абавязак перад дзецьмі, паважаў нацыянальную супольнасьць і г. д. (Дарэчы, тут таксама шлях да выхаду з крымінальнасьці.) Словам, крымінальны чалавек мусіў бы адчуваць сябе прыналежным да нацыі, насуперак расхожаму савецкаму: «уголовнік не імеет національнасті».

* * *

У 1993 годзе я выступаў з такімі ідэалістычнымі меркаваньнямі ў Доме літаратара перад беларускай інтэлігенцыяй. Мае ідэі, як я зразумеў, нікога не ўзварушылі.

Але праўда такая, што калі не прызнаваць крыміналітэт часткай нацыі і не спрыяць яго грамадзкаму ўсьведамленьню, то людзі, якія аб'ектыўна ёсьць варожыя закону і грамадзтву, могуць стаць таксама варожымі нацыі. Іх будуць выкарыстоўваць супраць беларусаў антыбеларускія сілы. Антынародная ўлада гэтым і займаецца. Яна штурхае крымінальнікаў (асабліва ў турме) супраць палітычных змагароў.

Амэрыканская левізна дэманструе свае прыклады барацьбы з чалавецтвам на ўсіх узроўнях, а антынародны рэжым у Беларусі на ўсіх узроўнях дэманструе ўласныя прыёмы барацьбы зь беларускай нацыяй. І, як на мой погляд, гэтыя прыёмы ня менш дзікія і брутальныя.

Зьвесткі з лукашысцкай турмы ўвесь час аднолькавыя: КГБ, міліцыя, адміністрацыя, "вертухаі" і т. п. -- усе стараюцца настроіць крымінальнікаў супраць беларускіх патрыётаў, якіх вар'ят кінуў за краты. Крымінальнікі, міліцыя і турэмная адміністрацыя выступаюць тут як адна сістэма. Не гнушаюцца нічым. Сяргея Ціханоўскага ўвесь час катавалі і мучылі карцарам, а пасьля карцару самы ж мучыцелі нагаварылі на яго крымінальным сукамернікам кучу небыліц, каб прынізіць годнасьць, выклікаць абструкцыю і паніжэньне.

Подлы турэмны перакручаны сьвет паступова больш і больш уваходзіць у грамадзкае жыцьцё акупаванай падонкамі краіны (тое, што даўно адбылося ў Расеі).

Першае, што трэба зрабіць чалавеку -- гэта стаць гатовым спыніць вакханалію зла, якое апаноўвае сьвет. Вось тут і амэрыканцы, і беларусы яшчэ стаяць на парозе рашэньняў.

12 ліпень 2020 г.             Зянон ПАЗЬНЯК