Не інтэграцыі з Расеяй

posted Dec 15, 2019, 6:54 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 15, 2019, 6:55 PM ]

Дарагія суайчыньнікі!

Незалежнасьць і суверэнітэт Беларусі ў небяспецы. У Расеі за зачыненымі дзвярыма паміж уладамі Пуціна і Лукашэнкі працягваюцца схаваныя перамовы і незаконная падрыхтоўка дакумантаў аб інтэграцыі Беларусі ў Расею, што на самай справе ёсьць расейскім плянам анэксіі і паглынаньня нашай краіны Расеяй.

Такія дзеяньні з боку існуючай улады ў Беларусі ёсьць антыканстытуцыйныя і незаконныя, супярэчаць нацыянальным інтарэсам нашага народа.

Антыканстытуцыйныя перамовы не павінны быць. Яны мусяць быць спыненыя. Усялякія рашэньні такіх перамоваў ня будуць мець юрыдычнай моцы і кваліфікуюцца як антыканстытуцыйная змова.

Але палітычны чыньнік незаконнага пакту (як паказала гісторыя) будзе несьці вялікую небясьпеку для дзяржаўнага існаваньня Беларусі, стане нагодай для разгортваньня захопніцкай палітыкі Пуціна супраць нашай краіны.

Усьведамляючы гэта, патрыёты Беларусі 7 і 8-га сьнежня гэтага года правялі публічныя акцыі пратэсту ў Менску супраць маскоўскай авантуры інтэграцыі Беларусі ў Расею – распачалася агульная народная мабілізацыя на абарону Айчыны.

Заклікаем падтрымаць гэты працэс. Няхай усіх беларусаў аб’ядноўвае цяпер адна ідэя – абараніць незалежнасьць краіны. Няхай яднае адна пазыцыя – недапусьціць захопу Беларусі Расеяй. Мы ня хочам інтэграцыі з Расеяй. Тут выбар як на вайне: альбо абарона, альбо капітуляцыя.

Прапануем падтрымаць ініцыятыву ўдзельнікаў акцый пратэсту 7 і 8 сьнежня — правесьці сумесную ўсебеларускую акцыю пратэсту супраць змовы афіцыйных кіруючых колаў Расеі і Беларусі аб інтэграцыі Беларусі ў Расею –агульнаграмадзкі мітынг-сход на Цэнтралькай (Кастрычніцкай) плошчы 20 сьнежня аб 18-й гдзіне.

Прапануем правесьці агульны вялікі мітынг-сход на Цэнтральнай (Кастрычніцкай) плошчы Менска ў суботу 21-га сьнежня а 14-й гадзіне. Лёзунг нашага пратэсту: “Не інтэграцыі з Расеяй”.

Заклікаем прыняць удзел у Сходзе і зьвяртаемся да кіраўніцтва і калектываў грамадскіх арганізацыяў, прафсаюзаў, прадпрыемстваў, палітычных партыяў, палітычных асобаў, шырокай грамадзянскай супольнасьці.

Дэпутаты незалежнасьці: дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня, людзі якія 25 жніўня 1991 года сьцьвердзілі Незалежнасьць нашай краіны:,
Зянон Пазьняк, кіраўнік дэпутатскай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня
Юрый Беленькі,
Сяргей Антончык
Сяргей Папкоў
Пётра Садоўскі
Лявон Баршчэўскі
Мікола Крыжаноўскі
Анатоль Лябедзька

Палітычныя асобы, грамадзкія актывісты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці:
Станіслаў Багданкевіч, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня
Аляксандр Дабравольскі, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня
Аляксей Марачкін, мастак, суполка “Пагоня”
Аляксей Янукевіч, ПБНФ, намесьнік старшыні
Яраслаў Навуменка, Рух “За Свабоду”
Ігар Барысаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, старшыня
Віталь Рымашэўскі, Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя, сустаршыня
Павал Севярынец, Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя, сустаршыня
Ігар Рынкевіч, Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай, каардынатар
Алесь Арастовіч, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя
Вячаслаў Сіўчык, Беларускі нацыянальны кангрэс
Дзяніс Урбановіч, Малады Фронт, старшыня
Алена Талстая, Рух салідарнасьці “Разам”, сустаршыня
Дзьмітрый Кучук, Беларуская партыя зялёных, намесьнік старшыні

11 сьнежня 2019 г.