НЕКАЛЬКІ ЗАЦЕМАК ПА ГРАФІЦЫ І ГРАМАТЫЦЫ

posted Feb 8, 2018, 6:45 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 8, 2018, 6:45 PM ]

(З цыклу «Зацемкі для добрых сяброў»)

У 2005 годзе разам са спробай мадэрнізацыі клясычнага правапісу групай філолагаў-энтузіястаў было прпапанавана адлюстраваць наглядна ў граматыцы і графіцы беларускага шрыфту (альфабэту) ўзрыўны гук «Г». Практычна, тут нічога ня трэба было прыдумваць, але вярнуцца да старабеларускага «КГ».

Філолагі, аднак, для абазначэньня цьвёрдага ўзрыўнога «Г» прапанавалі крэскаванае «Ґ» (як ва ўкраінскім альфабэце). Такіх слоў з узрыўным «Г» ня шмат. Можа быць і прапанаваны варыянт. Графічна літара выглядае прыймальна.

Магчыма, варта графічна адлюстраваць ётаванае «і» пасьля разьдзяляльных знакаў (напрыклад, у словах «вераб'і», «Ільінскі» і інш.), а таксама пасьля галосных літар а, о, у, ы, э, е, я – напрыклад «заіка», «воі», «Уільям, Уімблдонскі» (турнір), «Марыінская» (гімназія), (у) «Карэі», «завеі» (на «асамблеі»), (рака) «Яік», «каляіны» і т. п.). Дыякрытычны надрадкоўны знак (калі зыходзіць з правілаў палеаграфіі) тут найлепш падыходзіць «трэма» ці «умляут» (двукропак) альбо (што графічна прыгажэй) – верхняе «колца», як ў чэшскім, славацкім, скандынаўскіх альфабэтах. Тонкасьці фанэтыкі пажадана адлюстроўваць у альфабэце. Графічнае выяўленьне мовы павінна быць жывым, адпаведным, літары «сьпяваць».

У беларускім кірылічным шрыфце ёсьць некалькі графічна не дасканалых літар. Але выяўленчыя праблемы зь імі ўсё ж вырашальныя, акрамя адной. Гэта вялікая (загалоўная) літара «Д» (складанасьць для мастакоў у афармленьні тэкстаў). Гэтая грувасткая (вялікая) літара модульна выбіваецца ў бальшыні распаўсюджаных кірылічных шрыфтоў. Гарманізаваць яе з астатнімі літарамі выяўленчага раду (загалоўку) – часам праблема для мастака.

Як на мой погляд, увесь вялікі шэраг літар – «маюскул» – у кірылічным альфабэце недасканала дапасаваны і модульна кепска стыкуецца.

Тым часам у пісьмовым (прапісным) варыянце ўсё згарманізавана. Літара пішацца так: «D, Д , Д, Д». Праблему можна вырашыць, увёўшы ў друкаваны шрыфт (у вялікі шэраг) прапісную форму літары, мадэрнізаваўшы яе пад друкаваны варыянт. Калі заменім загалоўную (вялікую) літару «Д» на вялікую адаптаваную прапісную «D», тады модульная карціна шрыфту палепшыцца. Гэта, якраз арганічны і лёгкі для ўспрыняцьця падыход, бо зьмена не кардынальная, літара пазнавальная (яна ёсьць ў курсыве альфабэту). Прытым існуючую вялікую літару «Д» выкідаць з шрыфту ня трэба. Два друкаваныя варыянты «Д» і «D» могуць існаваць побач, бо два варыянты напісаньня літары з рознымі выноснымі элемэнтамі існуюць таксама ў прапісным пісьмед» і « g »).

У кнізе паэзіі і фатаграфіі «Dарога» (2007 г.) я так і зрабіў, надрукаваўшы загаловак з адаптаванай прапісной «D». І што цікава, гэтай акалічнасьці, фактычна, ніхто не заўважыў. Хаця, з майго боку – тут самавольны факультатыў ў графіку беларускага шрыфта. Самаісна такога як бы нельга і рабіць (але можа за адзін раз мне прабачаць). Выходзіць, аднак, што мадэрнізаваная прапісная «D» і графічна, і псіхалагічна лёгка ўжываецца ў друкаваны беларускі «вялікі» шрыфт.

Вядома, гэта справа адказная і вымагае адпаведнай згоды і высокага рашэньня. Яна таксама быццам бы і не першачарговая. Жыве беларускі альфабэт у сваёй сістэме, і дзякуй Богу. Усё там проста і рацыянальна. Тым часам, варта задумацца аб графічнай дасканаласьці нашага беларускага кірылічнага шрыфта, і дзе магчыма – выявіць яе, нічога ў прынцыпе не разбураючы. Мяркую, што пасьля ліквідвцыі антыбеларускага рэжыму ўсё так і станецца.

29 верасьня 2017 г.                     Зянон ПАЗЬНЯК