Незаконныя дзеяньні і рэпрэсіі супраць беларусаў не ўратуюць антынародны рэжым

posted Apr 18, 2017, 12:56 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 18, 2017, 12:57 PM ]

                                                                        Заява

25 сакавіка 2017 г. уладныя, сілавыя структуры рэжыму Лукашэнкі правялі брутальную акцыю супраць беларусаў, якія выйшлі на вуліцы Менску і населеных пунктаў Беларусі адзначыць Дзень Волі – 99-ю гадавіну аб’яўленьня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Баевікі ОМОНу і ўнутраных войскаў (а іх была вялікая ўзброеная маса) зьбілі і ў жорсткай форме затрымалі сотні людзей. Супраць затрыманых прымянялі катаваньні. Многім схопленым удзельнікам сьвяткаваньня і грамадзянам, што выпадкова апынуліся на вуліцах, на якіх рэжым праводзіў брутальную акцыю, рэжымныя суды безпадстаўна прысуджалі адміністрацыйны арышт і штрафы.

Мэтанакіравана затрымлівалі журналістаў. Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца па сёньняшні дзень: фабрыкуюць крымінальныя справы па надуманых, не існуючых падставах, працягваюць перасьлед незалежных СМІ.

Уладныя структуры груба парушылі заканадаўства ў адносінах да грамадзян і арганізацый, якія выступалі заяўнікамі на мерапрыемствы запланаваныя на Дзень Волі. Насуперак зьместу актыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” Менскі гарвыканкам не прадаставіў заяўнікам ніякага рашэньня, ня даў ніякага адказу ў вызначаны законам тэрмін на пададзеныя заявы па правядзенні 25.03.2017 г. урачыстых мерапрыемстваў.

Такім чынам у дзеяньнях службовых асобаў Менгарвыканкама ёсьць прыкметы грубага парушэньня закона, якія падпадаюць пад дзеянне артыкула 196 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Стварэньне перашкодаў правядзенню схода, мітынга, дэманстрацыі, шэсця, пікетаваньня ці ўдзелу ў іх)

У сувязі з гэтым парушэньнем закона ў Генэральную пракурутуру Рэспублікі Беларусь накіравана адпаведная заява ад кіраўніцтва КХП – БНФ.

Антызаконныя дзеяньні Менгарвыканкаму напярэдадні Дня Волі, брутальныя дзеяньні ОМОНу і ўнутраных войскаў 25 сакавіка сёлета, сьведчаць пра тое, што была ажыцьцёўленая сведамая правакацыя ўладных структур.

Прамаскоўскі рэжым у Беларусі ўжо больш за 22 гады мэтанакіравана праводзіць антыбеларускую палітыку, адмыслова пераследуе людзей, якія стаяць на беларускіх патрыятычных пазыцыях.

Мы зьвяртаем увагу службовых асобаў уладнага рэжыму на тое, што пры аднаўленьні законнасьці ў краіне, усім незаконным дзеяньням будзе дадзена праўная ацэнка, на падставе якой будуць прыняты асабовыя рашэньні.

Зьвяртаем увагу беларусаў на тое, што ў сытуацыі, якая створана ў краіне антынародным рэжымам, неабходна быць і стаяць на беларускіх пазыцыях, не падтрымліваць незаконныя дзеяньні рэжыму, супрацьстаяць русіфікацыі, падтрымліваць і шанаваць беларускую мову, адукацыю, культуру. Трэба рыхтавацца да зьдзяйсьненьня пераменаў -- вяртаньня законнасьці у краіне, усталяваньня дэмакратычнага беларускага ладу.

Цяпер беларусам трэба накапіць сілы, арганізавацца, рыхтавацца да ўсеагульнага страйку, ствараць групы падтрымкі руху «Вольная Беларусь» і не паддавацца на правакацыі агентуры і розных ашуканцаў. Салідарны арганізаваны і моцны народ пераможа здраду і цёмныя сілы. Беларусь будзе вольнай, беларускай і шчасьлівай краінай.

9 красавік 2017 г.

г. Менск.                                              Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі—БНФ