Новыя манумэнтальныя крыжы ў Курапатах

posted Nov 4, 2017, 2:22 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 4, 2017, 2:23 PM ]

4 лістапада сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ правялі талаку на тэрыторыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах. Патрыёты ўсталявалі ў дадатак да чатырох існуючых вялікіх крыжоў яшчэ чатыры новыя манумэнтальныя Крыжы ў цэнтры мэмарыялу – на пагорку Кальварыя. Крыжы маюць выяву нашай нацыянальнай сымволікі і надпісы ў памяць нашых пакутнікаў: “Беларускія рабочыя”, “Беларускія пісьменьнікі”, “Беларуская інтэлігенцыя”, “Беларускія службоўцы”. Сямімэтровыя Крыжы выкананы з дуба.

Затым фронтаўцы ўсталявалі на пачатку Народнага мэмарыяла, на пляцоўцы, што насупраць Крыжа Пакутаў, два сямімэтровыя Крыжы-помнікі памяці выдатных дзеячаў, расстраляных расейскімі захопнікамі. Да Крыжа, прысьвечанага выдатнаму паэту Тодару Кляшторнаму прышлі ягоныя нашчадкі: дачка Мая Тодараўна, праўнучка Хрысьціна з мужам Ільлёй і прапраўнук Марат. Мая Тодараўна прысьвяціла ўсё сваё жыцьцё ўшанаваньню памяці расстралянага маскоўскімі акупантамі бацькі і іншых ахвяраў тэрору, уклала і ўкладае шмат сілаў у стварэньне Народнага мэмарыялу ў Курапатах. Падчас цырымоніі адкрыцьця помнікаў яна падзякавала ўсім, хто працуе ў Курапатах, хто стварае Народны мэмарыял. Сп. Валеры Буйвал прачытаў верш Тодара Кляшторнага, які прагучаў як запавет народу:

На зары

На зары іскрыцца снег сыпучы,

І мароз пушысцей на зары...

Калі пройдзены абрывістыя кручы,

Перайдзём дрымучыя бары.

На зары і радасць пунсавее,

Весялее скрыпак пераліў...

Маладосць у казачныя шлеі

Запрагае сонечныя дні...

Перайдзём застыўшыя даліны,

Перастанем верыць міражам,

Будзем знаць сапраўдныя пуціны

К дарагім далёкім маякам.

Застанецца той за рубяжамі,

Хто ў глухіх аснежаных палёх

Вечна жыў сляпымі міражамі

І блудзіў заўсёды без дарог.

На зары іскрыцца снег сыпучы,

І мароз пушысцей на зары...

Калі пройдзены абрывістыя кручы,

Перайдзём дрымучыя бары.

На зары паблёкшыя начніцы

Скрыжавалі вострыя мячы,

Але наша ранне серабрыцца,

Нашым зоркам граюць скрыпачы.

На зары і радасць пунсавее,

Весялее скрыпак пераліў...

Маладосць у казачныя шлеі

Запрагае сонечныя дні.

1926

Перад Крыжом у памяць кіраўніка Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Яна Пазьняка выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ. Ён казаў пра самаахвярнасьць вялікага нацыянальнага дзеяча, які усе сілы, сваю майёмасьць аддаваў справе Беларускага нацыянальнага адраджэньня. Гэта быў сапраўдны лідэр народнага рушаньня ў той драматычны час. І адраджэнская дзейнасьць Яна Пазьняка, і творчасьць Тодара Кляшторнага назаўжды застаюцца з намі ў дзейнасьці і творчасьці новых беларускіх пакаленьняў. Душу гэтых людзей ворагам не ўдалося забіць.

Сп. Валеры Буйвал нагадаў словы Зянона Пазьняка пра свайго дзеда: “Ён узначальваў ня толькі кірунак, ня толькі арганізацыю, але і цэлую плынь у беларускім руху, якая аказалася найбольш жыцьцястойкай. Быў чалавек нешматслоўны, добразычлівы і пазбаўлены славалюбства. Працу ён цягнуў, як вол, быў добрым арганізатарам, тактыкам і прадбачлівым палітыкам”.

Людзі запалілі зьнічкі і сьвечкі, усклалі кветкі да Крыжоў.

На завяршэньне грамада засьпявала беларускі нацыянальны духоўны гімн “Магутны Божа”.

Алесь Хадасевіч