ПАБРАЦІМЫ

posted Aug 7, 2017, 2:11 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 7, 2017, 2:11 PM ]

(Інфармацыя зь Беларусі)

Вось тэкст прысягі беларускіх патрыётаў, якую яны складаюць перад абліччам Бога, Народу, Айчыны і пабрацімаў.

Прысяга выклікана небясьпекай з Усходу, якая навісла над Беларусяй. У гэтых умовах кожнаму беларусу трэба адчуваць адказнасьць за Радзіму і быць гатовым да яе абароны.

Прысягу можна прымаць у адвольных, але ўрачыстых абставінах у прысутнасьці пабрацімаў.

Слава Айчыне! Жыве Беларусь!

7 жніўня 2017 г. Зянон Пазьняк


                                        ПРЫСЯГА ГРАМАДЗЯНІНА БЕЛАРУСІ

    Я, грамадзянін(ка) Беларусі*  ўрачыста клянуся і сьведчу перад Госпадам  Богам усемагутным  і ўсёбачным, аб адданасьці Беларусі і роднаму Беларускаму Народу, сьведчу, што сьвята трымаюся прынцыпаў  Акту 25 Сакавіка, Ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года, сьвята шаную Дзяржаўную Родную Беларускаю Мову, Дзяржаўны Гэрб “Пагоня”, Дзяржаўны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, Дзяржаўныя Гімны “Ваярскі марш” і “Магутны Божа”, старажытную гісторыю Радзімы ад часоў Полацкай дзяржавы і Вялікага Княства Літоўскага. 

    Сьведчу, што сьвята шаную Кроў Герояў Слуцкага войска  і войска “Зялёны Дуб” Беларускай Народнай Рэспублікі, сьведчу, што сьвята шаную Кроў Пакутнікаў маскоўска-бальшавіцкага тэрору з 1917 па 1956 год,  нямецка-фашыстскага тэрору з 1941 па 1944 год, польска-шавіністычнага тэрору з 1921 па 1946 год. Сьвята шаную Кроў Ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. 

    Сьведчу аб  гатовасьці мужна бараніць Свабоду, Незалежнасьць, Суверэнітэт  і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі. Клянуся сумленна выконваць вайсковы абавязак,  сьвята захоўваць дзяржаўныя тайніцы, добразычліва ставіцца да братоў і сёстраў па зброі і заўсёды ім дапамагаць.

  Клянуся аддаць усе свае сілы, а калі спатрэбіцца, маёмасьць і жыцьцё,  дзеля шчасьця і дабра Беларускага Народа.

  Калі-ж я згублю волю да змаганьня, гонар, годнасьць і  парушу гэтую прысягу, то няхай пакарае мяне Бог і Беларускі народ ганебнай  карай  здрадніка Беларускага Народа.


---------------------------------------

*Прысягу прымаюць усе мужчыны і жанчыны ад 18 гадоў, якія лічаць сябе грамадзянамі Беларусі. Памнажайце і распаўсюджвайце тэкст Прысягі.