ПАГРОЗА ВАЙНЫ

posted Dec 20, 2016, 9:40 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 20, 2016, 9:40 PM ]

Вывучаючы матэрыялы аб белароуска-польскіх паўстаньнях супраць Масквы, я зьвярнуў увагу на адну акалічнасьць, якая паўтаралася ўвесь час. Пасьля пачатку паўстаньня ці то ў Вільні, ці то ў Варшаве, першымі, каго адразу вешалі і забівалі, -- гэта былі здраднікі, вырабленыя халуі на службе акупацыйнага рэжыму. У маладосьці, "гартаючы гісторыю", мне такая тактыка здавалася неразумнай. "Галоўнае -- ліквідаваць акупантаў", -- думаў я. Цяпер я прыходжу да высновы, што праўда была ў паўстанцаў, яны ведалі, што рабілі: здрада прыносіць вельмі вялікую шкоду для нацыі.

Усё, што цяпер адбываецца і прадвяшчае фатальныя падзеі, ёсьць вынікам апошніх спатканьняў і перамоваў начальніка рэжыму з Пуціным і з высокімі візіцёрамі ад ураду і сэйму Рэспублікі Польшчы. Мадэль паводзінаў вусатага правіцеля вядома нам даўно. Яна не мяняецца. Дзеля сваёй скуры і ўлады над людзьмі ён, калі яго прыцісьне, здасьць усё і кожнага беларуса да апошняга чалавека.

Зараз праяўляецца маштабны план гібрыднай акупацыі Беларусі з боку Масквы:

-- падрыхтоўка ўводу войска ў Беларусь пад выглядам сумесных вайсковых вучэньняў. Запланавана задзейнічаць цэлую армію (больш 30-ці тысячаў жаўнераў) з тэхнікай і рыштункам. Армію намерваюцца перакінуць па чыгунцы праз адчыненую мяжу ў Беларусь, скарыстаўшы дзеля гэтага больш за чатыры тысячы чыгуначных вагонаў;

-- адначасна ў Расейскай Думе разглядаецца закон, які дазваляе расейскім вайскоўцам і вайскоўцам запасу ўдзельнічаць у ваенных (нібы та "антытэрарыстычных") дзеяньнях за мяжой у іншых краінах. Гэта значыць адбываецца легалізацыя наёмніцтва як вынік дзяржаўнай палітыкі;

-- у гэты ж час начальнік антыбеларускага рэжыму рыхтуе ўказ, згодна якога войска (спэцназ) і спэцслужбы (ФСБ) Расеі могуць ажыцьцяўляць нібыта "антытэрарыстычныя апэрацыі" у Беларусі і вольна дзейнічаць па сваіх планах на беларускай тэрыторыі. (Адзначу, што гэтыя дзеяньні правіцеля антызаконныя і ў маральна-палітычным сэнсе зьяўляюцца здрадай Беларусі.)

Адразу ж выступіў дыспетчар маскоўскай разьведкі ў Беларусі расейскі амбасадар Суркоў і пахваліў Лукашэнку, выказаў спадзяваньне, што з пастаўкамі расейскай нафты ўсё наладзіцца.

Па сваім палітычным значэньні такія намеры (увод чужых войскаў і спэцслужбаў) зьяўляюцца поўным зьлепкам з тэхналёгіі акупацыі прыбалтыйскіх краінаў у 1939-40-х гадах. Па падобнай мэтодзе і з выкарыстаньнем спэслужбаў і спэцназу маскоўцы захоплівалі Крым ва Ўкраіне ў 2014 годзе.

Гэтых дзеяньняў -- увядзеньне ў краіну чужога войска і разьведкі (якія, праўда, яшчэ фармальна не замацаваныя), дастаткова, каб аб'явіць Лукашэнку па-за законам з усімі высновамі, якія з таго вынікаюць;

-- наступныя дзеяньні рэжыму у гэтым рэчышчы -- зьмена кадраў і новыя кадравыя прызначэньні ва ўрадзе пад ціскам Масквы;

-- прызначэньне на ключавую пасаду міністрам адукацыі камуніста-расейца і агентурную асобу з антыбеларускімі поглядамі. Функцыя гэтай асобы на пасадзе міністра адукацыі зразумелая: поўнае вынішчэньне рэшткаў беларускай адукацыі і акупацыйная русіфікацыя.

Нагадаю: з усіх вынішчальных дзеяньняў расейскай палітыкі генэральным, галоўным, першасным і найважнейшым для Масквы пытаньнем ёсьць зьнішчэньне беларускай мовы і перасьлед яе сьвядомых носьбітаў. Кадравае прызначэньне русіфікатара на міністра адукацыі было запатрабаванае ад Лукашэнкі ў Маскве. Ён яго выканаў.

Бачачы актыўнасьць Крамля, у Менск зачасьцілі высокапастаўленыя асобы цяперашняга польскага ўраду. Нечакана яны прызналі нелегітымны квазіпарлямант Лукашэнкі ("палатку"), напляваўшы на ўсё беларускае змаганьне за законнасьць і дэмакратыю. (АБСЭ тым часам не прызнала сёлетніх выбараў у "палату" за законныя і сапраўдныя: "не было яўкі -- не было выбараў"). Польскія візіцёры мелі, аднак, свае інтарэсы, якія былі пачутыя рэжымам.

Галоўнае пытаньне для антыбеларускага рэжыму на польскім накірунку (для Масквы і Лукашэнкі) -- спыніць дзейнасьць Белсату альбо ў інтарэсах "рускага сьвету" перавесьці яго вяшчаньне на расейскую мову. Гэта ў каторы раз было выказана польскім візіцёрам і выглядае (Ізноў жа, як ня дзіўна) знашло там разуменьне.

Расейская акупацыя Беларусі на парозе. Яна паўзе павольным ходам. Складваецца ўражаньне, што ў Эўразьвязе ўжо пачалі думаць аб чарговым падзеле Вялікага Княства Літоўскага.

Будучыня, як заўсёды, залежыць ад нас, беларусаў. Але беларускі нацыянальны палітычны клас за 22 гады ўнутранай акупацыі моцна разбураны і загнаны ў падзем'е. Гэта ўскладняе змаганьне. Тым ня менш іншай альтэрнатывы, як змагацца супраць маскоўскай агрэсіі, -- няма. І прыступаць, рыхтавацца да барацьбы трэба цяпер, тэрмінова і неадкладна.

Хто будзе змагацца за Беларусь? Хто будзе яе абараняць? Перш за ўсё -- патрыёты, людзі, якім дарагая Бацькаўшчына і свабода. Такія людзі ёсьць. Іх шмат.

Галоўная задача:

-- сабраць сродкі супраціўленьня і абароны; прыняць рашэньне аб барацьбе;

--пачынаць дзейнічаць індывідуальна і двойкамі асобаў. Потым гэта прывядзе да арганізацыі руху;

-- падрыхтавацца да валанцёрскай дзейнасьці ў Беларусі і за мяжой на эміграцыі;

-- любымі спосабамі наладзіць любое беларускае апавяшчэньне аб падзеях у Беларусі і ў сьвеце;

-- любымі спосабамі блакаваць расейскую прапаганду і дэзінфармацыю, яе сродкі трансляцыі і пераказу;

-- не дапусьціць перакідкі варожых войскаў у Беларусь па чыгунцы. Любымі спосабамі заблакаваць чыгунку і магчымасьць варожага руху па беларускай чыгунцы;

-- асьцерагацца любых кантактаў з псэўдаапазыцыяй рэжыму (статкевічамі, мілінкевічамі, лябедзькамі і г. д.). Інакш -- тупік і правал усяго;

-- зразумець, што гібрыдная агрэсія з боку Расеі ўжо ідзе. Яе актыўная фаза -- пытаньне часу. Для беларусаў важна падрыхтавацца і прыняць контрамеры, не страціць час. Пераможа Беларусь. Слава Айчыне!

18 сьнежня 2016 г.                         Зянон ПАЗЬНЯК