ПАМЯЦЬ І СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ

posted Sep 11, 2020, 11:38 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 11, 2020, 11:39 AM ]

Вярнуся да тэмы, пра якую неаднаразова пісаў, з прычыны яе важнасьці. Гэта тэма пра ахвяры, памяць і свабоду.

Свабода не даецца лёгка, у адначасьсі і дарма. Бывае, што за свабоду змагаюцца і кладуць галовы цэлыя пакаленьні, і памяць пра ахвяры робіцца апірышчам духа для барацьбы. Так ёсьць у Беларусі, дзе пра наш народ вялікі паэт ХVI-га стагоддзя Мікола Гусоўскі пісаў: "Мы на самым краі Хрысьціянства". Перад намі была Арда.

Найвялікшай ахвярай за Беларусь быў Кастусь Каліноўскі, які стаў змагарным сімвалам нацыі, потым -- пакутнікі БНР і дзеячы Беларускага каталіцкага хрысьціянства, якіх замучылі ў ГУЛАГу, і потым -- забітыя ў Курапатах, дзясяткі Курапатаў, у якіх палеглі амаль два мільёны людзей толькі за тое, што былі народам -- людзьмі гэтага краю.

І вось жа цяпер -- наша мірная рэвалюцыя з кветкамі, песьнямі і сьцягамі. Але што зрабілі з нашым народам гэтыя варвары, гэтыя нутраныя акупанты пад крылом кагэбоўскай Масквы! Расстралялі нашых людзей з пальнай зброі, закідалі гранатамі, атруцілі газам, пазабівалі, пахапалі. Больш за восем тысячаў беларусаў кінулі за краты і на працягу трох дзён (з 9-га па 12-га жніўня) білі, катавалі, зьдзекваліся дзень і ноч, не давалі спаць, не давалі вады, пакалечылі, зрабілі інвалідамі соткі людзей.

Чаму так? А таму што беларусы для варвараў ёсьць падакупацыйным насельніцтвам. Таму, што людзі сталі вольнымі беларусамі, таму што заступіліся за свой гонар і годнасьць перад акупанцкім дзікунствам, таму што паднялі свой прыгожы нацыянальны сьцяг і веліч сваю, і культуру сваю панесьлі на сьвет цэлы. Варвары чужыя

Цяпер ведаем імёны шасьцёх забітых дзікім антыбеларускім рэжымам. Гэта Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў, Арцём Парукаў, Канстанцін Шышмакоў, Мікіта Крыўцоў.

Шмат людзей прапала бязь вестак, але народ даведаецца пра іхны лёс. Не забудзем і не даруем бандытам. Яны будуць асуджаныя, а забойцы і тыя, што загадвалі забіваць мірных людзей, будуць вырачыныя да вышэйшай кары па суду.

Памяць пра гераічна і нявінна загінулых за свабоду Беларусі павінна быць увасоблена ў памятных рэчах, у рукатворных стварэньнях і зьявах. Праспэкт расейскага паэта-імпэрыяліста А. Пушкіна трэба перайменаваць у праспэкт Аляксандра Тарайкоўскага, дзе ён быў наўпрост расстраляны бандытамі АМОНа. Ужо цяпер трэба так называць гэтае месца.

Тое ж і ў Берасьці мусіць быць вуліца Генадзя Шутава, які быў расстраляны бандытамі АМОНа.

Імёнамі загінулых могуць быць названыя ня толькі вуліцы і памятныя месцы, але і грамадзкія аб'екты, і зьявы. (Напрыклад, заўзятарскі клюб імя Мікіты Крыўцова.)

Памяць пра ахвяры за Беларусь мусіць жыць у розуме і душах людзей. Ахвяры за свабоду не бываюць дарэмныя. Свабода жыве тады, калі за яе кладуць свае жыцьці тыя, хто яе любіў. Так яно ёсьць на гэтым прыўкрасным і трагічным сьвеце.

11 верасень 2020 г.             Зянон ПАЗЬНЯК