ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ АБ ПРАВАКАЦЫІ

posted Apr 5, 2019, 7:24 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 5, 2019, 7:24 PM ]

Зьвяртаю ўвагу на дзеяньні агентуры і правакатараў у сувязі з абаронай Курапатаў. Яны пачалі клікаць людзей (якіх зьбіраецца яшчэ няшмат) на плошчу Свабоды, каб маліцца там, бо там, як яны кажуць, "будзе больш людзей і Бог лепш пачуе, чым тут, у Курапатах". Гэта блюзьнерства. Пільнаваць Курапаты трэба ў Курапатах, а не ў цэнтры Менску, дзе рэжым будзе мець падставы разагнаць і арыштаваць людзей. Нельга паддавацца на правакацыі запісных "гапонаў".

Тут праглядаецца, паўтораная шматкроць, мэтадалёгія зьнішчэньня грамадзкага руху ў самым пачатку. Задача правакатараў вывесьці людзей з тэматычнай зоны – Курапатаў (дзе маральная сітуацыя на баку грамадзкасьці) у іншае тэрытарыяльна не зьвязанае з курапацкай тэматыкай месца і падставіць пад рэпрэсіі рэжыму, дзе пазыцыі улады мацнейшыя. Так было ўжо ня раз. Не паддавайцеся на гапонаўшчыну.

Зьбіраймася ў Курапатах. Будзьма салідарныя. Нас шмат. Гуртуйма сілы сьвятла. Д'ябал мусіць быць пакананы. Будучыня -- для Беларусі.

5 красавіка 2019 г.                  Зянон Пазьняк