ПА СУТНАСЬЦІ

posted Jun 19, 2020, 4:44 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 19, 2020, 4:45 PM ]

(Ліст сябрам КХП – БНФ)

Самая шызоідная навіна, пра якую сёньня даведаліся беларусы, гэта тое, што ўзурпатар адмовіўся ад крэдыту МВФ у 940 мільёнаў даляраў (амаль мільярд) на барацьбу з эпідэміяй каронавірусу. Маўляў, ніякіх карантынаў, няма ў нас каронавірусу. Словам, памірай сабе далей, «народзец» (пакудава цебя не расстрэлял).

Можна было дапамагчы сем'ям памерлых (іх ўжо больш за 10 тысячаў), купіць лекі, медыцынскія апараты, сродкі засьцярогі, абараніць дзяцей, дапамагчы лекарам. Зрэшты, няма што тут ужо гаварыць, няма сэнсу. Вернемся да выбараў.


Учарашні вулічны пратэст ў Менску (18-06-2020) супраць арыштаў ўдзельнікаў выбарчага працэсу засьведчыў, што людзі салідарызуюцца супраць улады вар'ята. Ня хочуць яго ва ўладзе. Адначасна сітуацыя паказвае, што ініцыятыва пераходзіць да Масквы. Раскручаная альтэрнатыва -- маскоўская (Бабарыка, Цапкала). Людзі, якія на вуліцы пляскалі ў ладкі, гатовыя ісьці галасаваць на псэўдавыбары (прытым за любую кандыдытуру акрамя Лукашэнкі, шмат хто за Бабарыку).

Масавае галасаваньне ёсьць найлепшая сітуацыя для абвяшчэньня "перамогі" Лукашэнкі з неабвержнай фармальнай аргумэнтацыяй (бо тайнае галасаваньне як факт законна адбылося, яўка была забясьпечана, астатняе – рашэньне ЦВК). Наконт 3% – гэта для жартаў. Прапаганда ўжо стварыла іншую сітуацыю. Аб'яўлена, што толькі подпісаў за вылучэньне узурпатар сабраў паўтара мільёны. Масавыя пратэсты тым часам фармальна будуць мець у гэты момант незаконны характар. Тут аргумэнт для ўжываньня сілы.

Падвойная небясьпека:

-- разгром грамадзтва;

-- умяшаньне ("дапамога") Масквы (паколькі пратэсты правакатары арганізуюць за маскоўскую альтэрнатыву).

Наша пазыцыя (накіраваная на непрыход людзей на галасаваньне і калі галасаваць ня прыйдуць) пазбаўляе рэжым фармальных аргумантаў для ўжываньня сілы, дае магчымасьць беларусам законна і масава патрабаваць навых выбараў. (Замест првакацыйных дэманстрацый за маскоўскую альтэрнатыву).

Для посьпеху гэтай беларускай пазыцыі патрэбна масавая нацыянальная беларуская сіла (тыпу БНФ 90-х). Яе няма. Яна, практычна, зьнішчана ў 1999 годзе. Надзея будзе на беларускую салідарнасьць і самаарганізацыю людзей.

Застаюцца вялікія шансы ў Масквы здамінаваць цяперашнія псэўдавыбары ў Беларусі і павярнуць на свой сцэнар.

Аднак (што крыху парадаксальна), гэта шмат будзе залежыць ад рашэньня Лукашэнкі-Ярмошынай наконт газпрам-гэбоўскіх прэтэндэнтаў. Ёсьць прыблізна пяць варыянтаў рашэньня. Памылка ўзурпатара можа паправіць альбо пагоршыць становішча.

19-06-2020 г.                      Зянон Пазьняк