ПЕРАКУЛЕНЫ СЬВЕТ. САЦЫЯЛЬНАЯ ПАРАНОЙЯ. ЦЁМНАЕ ЦАРСТВА

posted Apr 29, 2021, 4:28 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 29, 2021, 4:28 AM ]
Азіраючыся на гісторыю, заўважаем, што пры абсалютным кіраваньні ўладай, грамадзтва пераймае рысы і паводзіны кіроўнай асобы абсалютызму. Гэта заўважылі і пра тое пісалі нават некаторыя расейскія інтэлігенты-заходнікі яшчэ ў ХІХ-м стагоддзі, ацэньваючы ўладу цароў. Грамадзтва дэградуе, падладжваецца пад мадэль паводзінаў, учынкаў і словаблудзтва ўзурпатара.
Найгоршае становішча, калі на вяршыні абсалютнай улады апынецца вар'ят. Тады грамадзтва пачынае зьмяняцца разам з вар'ятам.
Бліжэйшыя да нашага часу паўвар'яты, якія загарнулі поўную ўладу над народам, -- гэта Ленін, Гітлер, Сталін. Былі забітыя дзясяткі мільёнаў людзей. Але самы жудасны вынік -- расчалавечваньне грамадзтва, дэградацыя гуманных каштоўнасьцяў, упадак душы. 
Часам, трывожна глядзець на нашу краіну. Сацыяльная паранойя цэлых пластоў грамадзтва стала адбіткам клінічнай паранойі Лукашэнкі. Няма механізму, каб яго адхіліць ад улады. Разумныя людзі з жахам глядзяць на антынародны патоп. 
У 2006 годзе ўзурпатар публічна выдаў запаветнае -- сказаў аб сваёй мары зрабіць у Беларусі так, "каб нічога ўжо нельга было вярнуць назад". Толькі тыя, хто зблізку ведаў яго, разумелі, пра што ён казаў. 
Мэта вар'ята -- ліквідаваць беларускую нацыю і беларускую мову. Гэта было ня раз публічна аб'яўлена. Тут цёмная пасія яго нянавісьці. Яна амбівалентная, бо завязана на ўладу, якую хочацца яму захаваць. 
Сёньня, калі хворага варвара напалохалі народныя пратэсты і працягвае палохаць Масква, выдумваючы пра расстрэлы і змовы, ён апантана паўтарае сваё цёмнае запаветнае, канкрэтызуючы ў планах. Маўляў, калі яго ня стане, то ўладу ён завяшчае Радзе бясьпекі. Ня важна, што гэта ёсьць з гледзішча права поўная ерунда. Законаў тут ужо не існуе. Важна тое, што закладзена бомба пад разбурэньне дзяржавы, краіны і незалежнасьці. Вар'ят сам набліжае сабе канец. Сатанінскія дзеі точацца ў нашай краіне. Таму ўсімі спосабамі будзьма гатовымі бараніць Беларусь.
Асновай тыраніі зьяўляецца паталогія. Але першапрычыны розныя. Як правіла гэта ўлада (жаданьне ўладарыць) і ідэалогія. У выпадку лукашызму першапрычына адна і вырашальная. Гэта імпэрская палітыка Расеі (імпэрская паталогія). Лукашэнка тут скарыстаны як палітычная прылада, як маскоўскі мэдыюм разбурэньня Беларусі, уплыву і русіфікацыі.
Змаганьне з прыладай не эфэктыўнае, нават калі гэта вар'ят, бо пульт мэханізму ў Маскве. Ліквідацыя прылады не вырашае праблемы. Сутнасьць яе апасродкаваная. Таму пасьпяхова супрацьстаяць Расеі можна тут умацаваньнем беларускай дзяржаўнасьці, нацыянальным яднаньнем, нацыянальнай салідарнасьцю, дэрусіфікацыяй і беларускай мовай. Па адмаўленьні гэтых пазыцыяў ідзе маскоўскае разбурэньне Беларускай нацыі праз Лукашэнку. Па гэтых пазыцыях ідзе барацьба беларускіх адраджэнцаў з паранойяй цёмнага царства.

28 красавік 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК