ПЛАН "Б"

posted Sep 3, 2020, 8:20 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 3, 2020, 8:20 AM ]

Прамаскоўская сутнасьць банкіра Бабарыкі і гэбіста Цапкалы зь іхнымі "штабамі" была відавочнай адразу, у самым пачатку выбарчай кампаніі. Цяпер маскоўскія экспэрты, аналітыкі, палітолагі ўжо нічога не хаваюць, адкрываюць планы Масквы, расказваюць, якая стаўка была зроблена на Бабарыку з Цапкалам і г. д. Словам, усё тое, што ў нас у Беларусі было бачна, як на далоні.

Нечаканым сталася, аднак, так званае "аб'яднаньне штабоў" Цапкалы, Бабарыкі і Ціханоўскай, дзе мы ўбачылі, як дзьве вырабленыя канторшчыцы абкруцілі Ціханоўскую і ўрэшце яе дружна здалі ў КГБ на выдаленьне зь Беларусі. (Чаму КГБ яе выдаліў за мяжу -- зразумела, каб ня мець тут асобы грамадзкага прыцягненьня, якую вымушаны былі б, згодна рэжымнай логікі, пасадзіць за краты.)

Сітуацыя з выбарамі склалася такая, што беларусы выбралі б любую асобу, якая была б альтэрнатывай Лукашэнку. (Асноўнае масавае пачуцьцё -- "абы не Лукашэнка".) Ціханоўская была адзінай альтэрнатывай, і ёй ня трэба было ні з кім "аб'ядноўвацца". Але сталася так, як сталася. Яе ўцягнулі ў маскоўскі гэбоўскі праект. Ён не ажыцьцявіўся. Ад Ціханоўскай штабісты пакуль што адчапіліся, але сувязі не абарвалі (пакуль Ціханоўская, магчыма, не зразумее, як яны ёй пакарысталіся).

Цяпер штабісты (вядома, пры адмашцы Масквы) выступілі з ініцыятывай стварэньня партыі пад дзіўнай назвай "вместе". (Беларусы жартуюць: а чаму толькі ў месьце, а ня ў вёсцы?)

Трэба аддаць належнае нашым людзям: беларускае грамадзтва за гэты час вырасла і адразу адмоўна ацаніла гэты крок штабістаў як спробу адвесьці падзеі ўбок і загамаваць пратэстны рух.

А ўвогуле ў Масквы задача тут стратэгічная -- стварыць у Беларусі прамаскоўскую апазыцыю. (Гэта тыповая маскоўская тактыка -- свой сатрап і свая апазыцыя)

Яшчэ ў самым пачатку выбарчай кампаніі я меў інфармацыю (якую не выкарыстоўваў з-за адсутнасьці доказаў), што банкір Бабарыка хоча стварыць партыю. А паколькі гэта справа працаёмкая і вымагае шмат часу, то ўзьнікла прапанова купіць АГП. (Нават суму называлі. Газпрам багаты.) Выбар зразумелы. АГП адразу стваралася як партыя пад уплывам агентуры, павернутая да Масквы.

Цяпер складваецца ўражаньне, што зьдзелка адбылася. Справа толькі ў спосабе яе афармленьня.

З самага пачатку выбарчай кампаніі Ціханоўская была ў акружэньні канторскіх функцыянераў з АГП. Яны да яе нікога не падпускалі. І нават цяпер знаходзяцца каля яе ў Вільні.

Намер аб стварэньні партыі (план "Б") агучыла каардынатар штаба банкіра Бабарыкі М. Калесьнікава, якую цяпер узмоцнена рэклямуюць для нейкай ролі. Па маіх назіраньнях, гэта асоба абмежаваная, але з прэтэнзіямі і па канторску вырабленая (можа нават з пагонамі).

Шчыра кажучы, так ужо надакучыла гэтая маскоўская агентурная пена ў нашым жыцьці і ў гэтай іхнай гібрыднай вайне, што ня хочацца нават падбіраць словы. Ды й навошта тое, калі мы маем справу з палітыкай гэбізму і з краінай, дзе ўсю ўладу вось ўжо дваццаць гадоў забраў і трымае КГБ. Кожная зьява мае свой назоў.

Наша задача цяпер дапамагчы стварыцца новай беларускай народнай альтэрнатыве. Рух Вольная Беларусь зь яго лёзунгам "Прэч, Лукашэнка!" і новыя выбары па законнай Канстытуцыі 1994 года -- можа ўсіх аб'яднаць.

3 верасень 2020 г.                      Зянон ПАЗЬНЯК