ПЛАН ГРУПОЎКІ ГАЗПРАМА

posted Jul 21, 2020, 7:20 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 21, 2020, 7:20 PM ]

Масква (якая, у адрозьненьне ад 2010 года, цяпер дзейнічае схавана на выбарах у Беларусі) правяла эфэктную маніпуляцыю, і становішча кардынальна перамянілася. Сьвятлану Ціханоўскую і яе групу аб'ядналі з групамі банкіра Бабарыкі і гэбіста Валеры Цапкалы і рэальна засьведчылі агульную пазыцыю групоўкі Газпрама. На першым этапе галоўнае ў тым, што Ціханоўская адмовілася ад байкоту фальшывых выбараў і стала заклікаць людзей на масавае галасаваньне.

20-га ліпеня Сьвятлана Ціханоўская ў запланаваным выступе па радыё агучыла праграмныя палажэньні групоўкі Газпрама і свае пажаданьні. Чытаньне і аналіз праграмнага выступу паказвае, што калі б, напрыклад, яна перамагла на гэтых фальшывых выбарах, то дзеяньні яе былі б наступныя:

1. На пачатку (мінімум на паўгода) застанецца дзейнічаць канстытуцыя дыктатуры 1996 года (а значыцца парызнаюцца вынікі лістападаўскага дзяржаўнага перавароту 1996 года).

2. Застаецца ўся адміністрацыя і чыноўнікі лукашысцкай сістэмы (вертыкаль).

3. У гэтай сітуацыі Ціханоўская будзе валодаць усімі паўнамоцтвамі заканадаўства лукашысцкай дыктатуры. Без групы падтрымкі такое валоданьне ўладай ажыцьцявіць няпроста. Каманда ў яе чужая (дакладней газпрамаўска-маскоўская).

4. На працягу шасьці месяцаў, валодаючы неабмежаванымі паўнамоцтвамі, Ціханоўская і група вакол яе (якая будзе ўсё вызначаць) рыхтуюць новыя выбары прэзідэнта згодна з Канстытуцыяй дыктатуры 1996 года (!) і адначасна разам з выбарамі праводзяць рэфэрэндум па вяртаньні і прэпарацыі Канстытуцыі 1994 года (якую незаконна ліквідаваў Лукашэнка).

Я ня ўпэўнены, ці разумее Ціханоўская, што яна агучыла, але гэта ёсьць сфастрыгаваны белымі ніткамі чарговы маскоўскі план легальнага захопу ўлады ў Беларусі нібыта дэмакратычным чынам (з магчымасьцямі для банкіра Бабарыкі, гэбіста Цапкалы і іншых, якія ўзьнікнуць).

Аб канстытуцыі і ўладзе

Найперш паўтару элемэнтарнае. Пасьля зьмены ўлады (калі зыходзіць з логікі палітычнай справядлівасьці і нацыянальных інтарэсаў) мусяць быць ліквідаваныя вынікі лістападаўскага антыпраўнага дзяржаўнага перавароту 1996 года. Канстытуцыя 1994 года вяртаецца аўтаматычна рашэньнем Канстытуцыйнага, ці Вярхоўнага суда, Ураду, Прэзыдэнта ці парляманту (калі б ён быў). Рэфэрэндум тут не патрэбны і не законны.

Па плану групоўкі Газпрама, нікаму непатрэбны рэфэрэндум яны яшчэ хацелі б сумясьціць (як гэта рабіў Лукашэнка) разам з выбарамі прэзыдэнта (паўтараю, па лукашысцкай канстытуцыі), каб дадаткова ўплываць на вынікі рэфэрэндума. Так робяць пры дыктатарскіх рэжымах. Гэта маніпулятыўны мэтад.

У сапраўднасьці адразу пасьля аўтаматычнага вяртаньня Канстытуцыі-94 прэзыдээнт ўжо павінен дзейнічаць пад яе юрысдыкцыяй. Па Канстытуцыі-94 і выбарчым законе заснаваным на гэтай Канстытуцыі напачатку прызначаюцца выбары ў парлямант, а ўжо потым пасьля парляманцкіх паправак Канстытуцыі аб паўнамоцтвах прэзыдэнта, адбываюцца выбары гэтага прэзыдэнта. Такім мусіў бы быць шлях да дэмакратыі і парлямантарызму.

Аб чыноўніках і адміністрацыі

Калі пасьля зьмены ўлады не ліквідаваць сістэму ўладнай вертыкалі, не зьмяніць адміністрацыю і ключавых чыноўнікаў і не правесьці элемэнтарную люстрацыю (нават самую мяккую), -- пераменаў не адбудзецца. Старая сістэма працуе па-старому. Беларусь такое праходзіла ў 90-х, калі пасьля здабыцьця незалежнасьці засталася ўся савецкая каланіяльная намэнклятура і структура ўлады.

Перад намі пакуль што нерэальны план Масквы-Газпрама (кажу "нерэальны", бо залежыць ад Лукашэнкі і Ярмошынай), выкананьне якога пастаўлена на Ціханоўскую.

Паліттэхнолаг, які рыхтаваў тэкст выступу Ціханоўскай, альбо прафан ў дзяржаўным будаўніцтве, альбо цынік, які лічыць прафанскім ўсё беларускае грамадзтва. Тым ня менш выступ Сьвятланы аформлены прыгожымі словамі і добрымі пажаданьнямі, у якіх, праўда, няма думак і прапаноў па адраджэньні Беларускай нацыі пасьля 26 гадоў рэпрэсіўнай русіфікацыі, нішчэньня беларускай мовы, школы, нацыянальнай асьветы, культуры, пасьля пэрманэнтнага разгрому фундамэнтальнай навукі, нацыянальнай адукацыі, літаратуры, мастацтва, беларускіх сродкаў масавай інфармацыі і журналістыкі.

Нам гэта зразумела. Магчыма толькі Сьвятлане нябачна і незразумела, хто хацеў бы выехаць на яе плячах, каб у чарговы раз захапіць ўладу ў Беларусі. Гэтым разам, мяркую, авантура не атрымаецца. Але задума нядобрая. Нядобрая, бо можа мець шкодны працяг.

21 ліпень 2020 г.                      Зянон Пазьняк