Попел Чарнобыля стукае ў сэрца

posted Apr 28, 2017, 2:18 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 28, 2017, 2:18 AM ]

Паважаныя землякі, паважаныя беларусы! Сёньня мы гаворым пра 31 гадавіну Чарнобыльскай катастрофы і ўжо разумеем, што чарнобыльская трагедыя стала вечнай тэмай нашага народа і вечнай бядой.

Фактычна, Чарнобыльскай катастрофай скончылася для беларусаў савецкая акупацыя. Людзі зразумелі, што так жыць, як да Чарноюыля, ўжо немагчыма. Савецкі Саюз яшчэ існаваў, але час яго быў палічаны. Камуністы, якія валодалі абсалютным манаполем на ўладу і на сродкі масавай інфармацыі, схавалі ад беларусаў маштабы і вынікі чарнобыльскай катастрофы.

А яны былі жахлівыя і разбуральныя. Камуністычную сакрэтнасьць і хлусьню пра Чарнобыль пратараніў тады Беларускі Народны Фронт і людзі даведаліся пра ўсё. Антынародная сутнасьць акупанцкай палітыкі і кіроўнай камуністычнай улады агалілася ва ўсім сваім цынічным, ілжывым і варожым выглядзе.

У пачатку 90-х пад націскам Народнага Фронту Вярхоўны Савет прыняў Чарнобыльскае заканадаўства, дзе была прадугледжана абарона людзей і ўсёй нацыі ад вынікаў Чарнобыльскай катастрофы.

І вось адбыўся 1994 год. Масква прывяла да ўлады ў Беларусі суб’екта, які зганьбіў Беларускі народ, ліквідаваў народныя дэмакратычныя прынцыпы ўлады, прынізіў людзей, стварыў рэжым уціску народа і штодзённага кіроўнага хамства.

Чарнобыльскія законы 90-х, якія абаранялі людзей ад вынікаў радыяцыі, адменены; пачалі разворваць радыяцыйна-забруджаныя землі, вырошчваць на іх сельгаскультуры, вырабляць радыяцыйна забруджаныя прадукты і пастаўляць іх на ўнутраны беларускі рынак для спажываньня беларусам. Тым часам прадукты, вырашчаныя ў чыстых зонах, пастаўляюцца ў Расею на расейскі рынак расейцам.

Тут сьведамае заплянаванае атручваньне Беларускай нацыі, бо вядома, што калі чыстыя прадукты зьмешваюцца з радыяцыйна забруджанымі прадуктамі і спажываюцца людзмі, то гэтым самым павялічваецца калектыўная доза радыяцыі для ўсёй нацыі, і народ пачынае губляць здароўе, усё больш і больш беларусаў стане хварэць на розныя хваробы, асабліва на анкалагічныя, усё больш стане нараджацца хворых дзяцей з прыроджанымі недахопамі здароўя.

Тое што зрабіў і робіць цяперашні кіруючы рэжым з вынікамі Чарнобыля, ёсць злачынства супраць Беларускага народа. Гэта заплянаваная доўгатэрміновая дэградацыя Беларускай нацыі, удар па існаваньню і здароўі народа. Нездарма гэты рэжым улады называюць “антыбеларускім рэжымам”.

І вось гэты рэжым разам з Масквой рыхтуе для Беларусі другі “чарнобыль” – насуперак волі людзей будуе атамную электрастанцыю, там, дзе яе катэгарычна нельга будаваць па прыродных уласьцівасьцях тэрыторыі. Будуе з грубымі тэхналягічнымі адхіленьнямі, нягледзячы на тое, што ні з эканамічнага, ні з энэргэтычнага боку будаўніцтва Астравецкай АЭС не апраўдана і прынясе толькі страты для Рэспублікі Беларусі.

Зьвярніце ўвагу. Атамная станцыя пад Астраўцом будуецца на расейскі крэдыт, будзе працаваць на расейскіх радыёактыўных рэсурсах (якія ў Расеі, дарэчы, ужо заканчваюцца), будзе абслугоўвацца расейскім пэрсаналам ( які ў колькасьці больш 2000 асобаў , плюс іхныя сем’і, будзе прысланы ў Беларусь з Расеі). Пры гэтым палову электраэнэргіі АЭС заплянавана аддаваць Расеі, гэтак жа як і ўвесь крэдыт, на які расейцы ( у выніку, практычна, задарма) будуюць пад Астраўцом, фактычна, сваю атамную электрастанцыю. Увесь цяжар гэтай жахлівай і цынічнай зьдзелкі лажыцца на Беларускі народ.

Месца, на якім будуюць Астравецкую АЭС, даўно акадэмічна дасьледавана і адзначана як тэрыторыя, на якой нельга будаваць электрастанцыю, бо тут ёсьць разлом – мяжа сутыкненьня геалагічных пліт. Землятрус у такім месцы паўтараецца з пэрыядам прыблізна 150 гадоў. Апошні землятрус тут быў у 1907 годзе і дасягаў велічыні больш чым 7 балаў. Гэта даўно было вядома і адпаведным уладам і праектантам. Тым ня менш з усіх магчымых пляцовак выбралі менавіта Астравецкую.

Каб зразумець такі выбар, трэба ведаць антычалавечую сутнасьць расейскага імпэрыялізма, для якога зьнішчэньне цэлых нацыяў і народаў было і ёсьць звычайнай маскоўскай палітыкай.

Выглядае, што пад Астраўцом Масква з удзелам свайго гістарычна злачыннага НКВД–ФСБ і генштаба рыхтуе для Беларусі атамную міну запаволенага дзеяньня, страшнейшую за дзесяць чарнобыляў. Гэтая міна альбо сама выбухне, альбо яе падарвуць і тады ўжа будзе для нас, беларусаў, Апакаліпсіс, пасьля якога, магчыма, наўрад ці выжыве і падымецца Беларускі народ. Таму – змагаймася! Змагаймася супраць прывіда Астравецкага чарнобыля!

Тое што творыцца з будаўніцтвам Астравецкай АЭС паказвае на наяўнасьць фінансавай афёры, дзе задзейнічаны ўладныя тузы і сродкі ў асабліва буйных памерах.

Толькі народная ўлада новай вольнай Беларусі здольная будзе спыніць гэтае будаўніцтва і гэтае злачынства антынароднага рэжыму. І таму – мой заклік: падтрымлівайце народную праграму “Вольная Беларусь”! Стварайце групы падтрымкі руху “Вольная Беларусь”. Арганізуйцеся і яднайцеся між сабой за волю і свабоду нашай дарагой Айчыны.

Жыве Беларусь!                                                          Зянон ПАЗЬНЯК

26.04.2017 г.