Праца для Беларусі

posted Sep 4, 2018, 4:54 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 4, 2018, 4:54 PM ]

(Верасьнёўскі Сойм 2018 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

    2 верасьня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўца зрабіў агляд падзей апошняга часу. Забарона ўладаў на правядзеньне шэрагу мерапрыемстваў нашай Партыі сьведчыць аб тым, што Масква баіцца нават лакальных мірных выступаў беларускіх патрыётаў, баіцца нашага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, беларускага Слова і вольнага беларускага духу. Значыць, ня ўсё так добра ў вялікай імпэрыі, пыхлівай і агрэсіўнай. Гэтай гістэрыцы беларускія патрыёты павінны супрацьпаставіць ахвярную штодзённую палітычную і асьветніцкую працу, салідарнасьць усяго грамадзтва ў абароне нашай культуры, мовы і незалежнай дзяржавы.

Сойм абмеркаваў пытаньні абароны Курапацкай сьвятыні. Сябры падкрэсьлілі важнасьць падтрыманьня чысьціні і парадку, правядзеньня талокаў на тэрыторыі Народнага мэмарыяла. У сувязі з наведваньнем Курапат вялікай колькасьцю беларускіх і замежных грамадзян патрыёты павінны быць на месцы, каб распавесьці людзям праўду пра стварэньне мэмарыяла, яго канцэпцыю, змаганьне за яго захаваньне і небясьпеку яго пашкоджаньня і зьнішчэньня.

        Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

2 верасьня 2018 г.