Працягваецца праца зьвязаная з усталяваньнем у Менску памятнага каменя прысьвечанага 100-гадоваму юбілею абвяшчэньня незалежнасьці БНР

posted Mar 7, 2018, 11:08 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 7, 2018, 11:09 AM ]

Зянон Пазьняк ініціяваў ідэю ўсталяваньня па ўсёй Беларусі і за яе межамі (там, дзе жывуць беларусы) памятнага каменя ў гонар 100-гадовага юбілею абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. На камені прапанавана адзначыць падзею – «сто гадоў БНР» і сутнасьць (дэвіз, мотта) падзеі: «Беларусь – навечна». Гэта асацыятыўны працяг гістарычнай зьявы так званых «Барысавых камянёў» – вечных знакаў. У Менску прапануецца ўсталяваць такі памятны камень у скверы каля тэатра імя Янкі Купалы – гістарычным будынку, дзе ў сьнежні 1917 года адбыўся Усебеларускі Нацыянальны Кангрэс.,

Вядомым мастаком Аляксеем Марачкіным зроблены эскіз выявы, якая мусіць быць выбітая на прыродным камені. Гэты эскіз прадстаўлены грамадзтву ў сеціве. Адгукнуліся на прапанову аб працы над праектам скульптар і архітэктар.

Каб ажыцьцявіць гэтую ідэю і выканаць патрабаваньні дзеючага заканадаўства, якое патрабуе афіцыйнага пацьверджаньня важнасьці падзеі з боку дзяржаўнай установы, Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя—БНФ зьвярнулася ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук з просьбай пацьвердзіць важнасьць для гісторыі Беларусі ўтварэньня БНР.

Нядаўна Партыя, атрымала адказ за подпісам дырэктара Інстытута гісторыі НАН спадара Вячаслава Даніловіча,, які пацьвяржае важнасьць падзеі. У прыватнасьці, у пісьме гаворыцца: “ Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі з’яўляецца важнай падзеяй у гісторыі Беларусі. Нягледзячы на тое, што БНР як дзяржава не адбылася, упершыню была ня толькі сфармулявана ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці, але і зроблены практычныя крокі па яе рэалізацыі.”

Такім чынам, маючы пацьверджаньне важнасьці абвяшчэньня незалежнасьці БНР з боку дзяржаўнай навуковай установы, у адпаведнасці з п.4 Палажэньня “Аб парадку стварэньня (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манумэнтальнага і манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, Партыя зьвярнулася зь лістом у Менгарвыканкам з просьбай даслаць у Міністэрства культуры пісьмо-зварот “з мэтаю атрымання заключэньня аб неабходнасьці ўстаноўкі памятнага камяня прысьвечанага абвяшчэнню незалежнасьці БНР ў Мінску, у скверы каля будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе праводзіўся Першы Усебеларускі з’езд, у выніку якога быў сфармаваны Выканаўчы камітэт, які пазней ініцыяваў абвяшчэньне незалежнасьці БНР.”

Інфармацыйная камісія КХП-БНФ