ПРАЦЯГВАЕЦЦА САМАРАСКРЫЦЬЦЁ

posted Sep 7, 2020, 3:37 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 7, 2020, 3:37 PM ]
(Ліст для сяброў КХП – БНФ)

Газпрамаўская група працягвае раскрывацца. Пра прычыны -- тут не кажу, факты сьведчаць самы за сябе. Аб'явілі, што будуць ствараць партыю і прадэманстравалі відэа-запіс банкіра Бабарыкі, дзе ён пра тое кажа і паведамляе, што выбары яны прайгралі. Запіс зроблены ў траўні-чэрвені (гэта значыць было сказана наперад, і стварэньне прамаскоўскай партыі было задумана перад выбарамі, каб выкарыстаць выбарчую кампанію).

Каардынатар выбарчай групы М. Калесьнікава апошнім часам дала некалькі інтэрв'ю рускім журналістам. Слухаючы гэтыя інтэрв'ю, успамінаеш прапісаную праўду, што некаторым асобам трэба толькі даць пагаварыць, і яны ўсё скажуць. Вось што сказала спадарыня.

Пра беларусаў:

-- "Беларусы ў прынцыпе супраць люстрацыі";

-- "У Беларусі любяць расейцаў".

Пра Лукашэнку:

--"Чалавек 26 гадоў прысьвяціў свайго жыцьця краіне, і мы ня будзем камэнтаваць, дрэнна ці добра, але ўсё такі ён рабіў гэта для вялікай колькасьці людзей, быў вельмі важным чалавекам, да апошняга часу -- за яго галасавала большасьць. Цяпер гэты чалавек можа спакойна выйсьці на пэнсію. Ён заслужыў сабе годны адпачынак. Ён жа ні ў чым не вінаваты! Гэта воля беларускага народу была, каб ён вось тут знаходзіўся".

Пра Пуціна:

-- "Пуцін -- чалавек, у чыёй чэснасьці мы ня можам сумнявацца."

Пра "саюзную дзяржаву":

-- "Гэта дадзенасьць, і гэта працуе".

Можна цытаваць і болей, але дастаткова. Сёньня гэту спадарыню затрымалі. У сітуацыі шматбаковага канфлікту і барацьбы за "трон" ніякае словаблудзтва не дапамаге. Тое як прафэсіянал з гэтай групы зразумеў толькі Цапкала і ад'ехаў у сваю палітычную метраполію.



Для сяброў нашай Партыі адмыслова паўтараю пра сутнасьць канфлікту. Бабарыка, Цапкала і ягоная група (Калесьнікава, Знак і інш.) -- гэта ёсьць запасны план Масквы супраць Лукашэнкі за ўладу ў Беларусі. (Першасны план -- сам Лукашэнка). Канфлікт паміж імі працягваецца. Таму, негледзячы на агентурную прыналежнасьць адэпты альтэрнатыўнага боку могуць патрапіць і пад імітацыі рэпрэсій, і пад рэпрэсіі.

Гэтая ж самая маскоўская "запасная альтэрнатыва", выступаючы супраць рэжыму Лукашэнкі, неўспрымае беларускі нацыянальна-вызвольны рух і незалежную беларускую Беларусь. Яны ўспрымаюць антыбеларускую палітыку «статус-кво» і арыентуюцца на "дружбу" з Масквой.

Пэрспэктыва перамогі маскоўскай "запасной альтэрнатывы"-- гэта страта незалежнасьці Беларусі", плюс поўная страта нацыянальнай уласнасьці. Планы камбінатарам папсаваў Беларускі народ. Ні Лукашэнка, ні Пуцін са "штабістамі" не чакалі, што пачнецца Беларускі Нацыянальны пратэстны рух (у Крамлі на той час разгубіліся).

Справа, якую запачаткаваў і сцьвердзіў у 80-х і 90-х гадах Беларускі Народны Фронт і якую ўвесь час працягвалі мы, наша Партыя, гэтая справа не загінула, але буйна ўзышла. Вось як важна сеяць зерні нацыянальнай праўды. Яны прарастаюць. Але гэта яшчэ толькі рунь.

Такім чынам існуе трохкутнік трох узаемна варожых сіл, якія маюць часовыя агульныя тактычныя інтарэсы. Але думаць трэба стратэгічна (гэта значыць пра тое, што мы павінны мець у выніку і ў канцы). Інакш -- страта.

Рашаючае значэньне ў характары падзей будзе мець нацыянальнае самаусьведамленьне беларусаў. Яно дае розум у палітыцы, выхад з інфантыльных блуканьняў.

7 верасень 2020 г.             Зянон ПАЗЬНЯК


Крыніцы:

https://www.youtube.com/watch?app=desktop&feature=youtu.be&v=tAg8sjphhfQ&fbclid=IwAR3XoKbK-R-tcrfJOT7NQS7yaDzzFEb2aLi5qWji7ij5SZMW2NXuxksEY2k

https://www.youtube.com/watch?v=rV91f3t-ahU&fbclid=IwAR2ljJnUia_WfJV8cFBVPq1EhXlKwIn-qtv9hV2S01gr-2bs-hMFWCaRkro