«ПРАДКАЗАЛЬНІКІ» НА СЛУЖБЕ ПРАПАГАНДЫ

posted Oct 14, 2017, 5:48 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 14, 2017, 5:49 AM ]

А мы апошнім часам жылі і думалі, што пасьля ліквідацыі “Незалежнага інстытута Манаева” (у народзе – “Інстытут Манілава”) сацыялагічная прастора ў Беларусі ачысьцілася ды стала празрыстай. Ажно не, ёсьць яшчэ порах у грантаўскіх парахаўніцах! Пасьпяшаліся мы з высновамі, а тут і “навуковыя вынікі” падасьпелі. Бо ліквідацыя не закранула яшчэ адну даволі вядомую ўнівэрсальную (як аказалася) кантору пад рамантычна-нефармальным назовам “Беларуская аналітычная майстэрня”.

Прарабам над майстрамі-аналітыкамі тут служыць даволі прыкметная асоба, даўно заўважаная ў хваткасьці, дастойнай Фігара, – ён і тут, ён і там. Раней мы публікавалі афіцыйныя паведамленьні пра плённую працу тав. А. Вардамацкага (пра яго вядзецца гаворка) у рэжымных структурах, дзе ягоныя здольнасьці высока цэняць. І ў той жа самы час наш сацыялагічны цырульнік пасьпявае і ў структурцы, якая па вызначэньню зьяўляецца альтэрнатывай рэжымнаму афіцыёзу. У яго расклад дзейнасьці, мабыць, разьбіты на “цотны-няцотны дзень”. І вось, што выдалі нядаўна майстры-аналітыкі. Цытуем:

“За саюз з Эўразьвязам выказваюцца 14% апытаных. Вялікая колькасьць беларусаў лічаць, што наша краіна павінна быць незалежнай дзяржавай, але паміж саюзам з ЭЗ і РФ выбіраюць Расею.

Большасьць беларусаў лічаць, што наша краіна павінна быць незалежнай дзяржавай, але, выбіраючы паміж саюзам з Эўразьвязам і Расеяй, аддаюць перавагу Расеі. Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, якія перадаў БелаПАН кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэй Вардамацкі.

Апытаньне праводзілася з 28 сакавіка па 13 красавіка па ўсёй Беларусі, у ім узялі ўдзел 1063 чалавекі па рэпрэзэнтатыўнай выбарцы”.

Крыніца: https://www.svaboda.org/a/28501688.html

Пытаньні, як бачым, былі пастаўлены хітранька. Не, каб спытаць: “Вы за выбар эўрапейскага шляху разьвіцьця або за тое, каб наша краіна заставалася з Расеяй?” У сапраўднасьці пытаньні, зразумела, былі “рэдакцыйным заданьнем”. Каб ніхто не здагадаўся, што Беларусь можа быць сапраўды нэўтральнай краінай і адначасова трымацца падалей ад пэрманэнтна крызіснай Расеі. Што можна жыць і “без саюзаў”. А тут адна тысяча зь нечым грамадзянаў амаль пагалоўна хочуць статус-кво ў стылі “русского мира”.

Уяўляем, як цяпер пачне катацца-куляцца гэтая “сэнсацыя” па замежных СМІ. Тамашнія пісакі зноў будуць абзываць беларусаў ды на поўным сур’ёзе даваць парады НАТО падсунуць як мага больш палкоў да межаў з тымі, хто рвецца “жить и умирать за Москву”.

Практыка паказала, што пасьля такой вардамацкай дэпэшы бессэнсоўна апэляваць да заходнікаў з прапановай адумацца і ня верыць спрэпараванаму жульніцтву. Важна, каб беларусы (асабліва беларуская моладзь!) ня верылі ў казачкі пра самых сябе.

Хаця калі падумаць, то можна ўспомніць, як нешта падобнае выдавалі ў прастору на працягу гадоў, напрыклад, грантаўскія спэцы-унівэрсалы і ва Украіне. Усё ішло гладка да лістапада 2013 года. А потым пачалося нешта зусім не прадугледжанае і не прадказанае кіеўскімі вардамацкімі і манілавымі.

Алесь Хадасевіч