ПРА ЭКАНАМІЧНЫЯ САНКЦЫІ І ПАЛІТЫКУ ВАКОЛ БЕЛАРУСІ

posted Oct 1, 2020, 10:39 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 1, 2020, 10:40 AM ]

Калі пасьля фальшывых выбараў (як, напрыклад, у 2011 годзе) рэжым праводзіць рэпрэсіі помсты, а грамадзтва маўчыць, тады эканамічныя санкцыі Захаду будуць на шкоду народу. Рэжыму яны не пашкодзяць. Наадварот, прапаганда пакажа, ад чаго церпіць народ і што Захад ёсьць ворагам Беларусі. Гэта спрацуе. А Расея тым часам дасьць чарговы крэдыт рэжыму, доўг зь якога рэжым зьдзярэ з народу.

Але ў сітуацыі, калі ў краіне пратэстная рэвалюцыя і народ змагаецца, эканамічныя санкцыі якраз патрэбныя, каб даціснуць рэжым. Народ, які заклікае да ўсеагульнага страйку, тое зразумее. Эканамічныя санкцыі могуць мець эфэкт.

Але, ізноў жа, -- толькі тады, калі сітуацыя складваецца ў традыцыйнай (клясычнай) незалежнай дзяржаве, катэгорыямі якой думае і кіруецца Захад, чакаючы на прывычны вынік.

"Клясычнага" выніку, аднак, ня будзе, бо сітуацыя не клясычная. Рашысцкая ўлада ў Беларусі ня ёсьць нацыянальнай уладай. Яна праводзіць акупацыйную палітыку ў карысьць Масквы. Эканамічныя санкцыі ў рэвалюцыйнай сітуацыі прымусяць рэжым глыбей апусьціцца ў маскоўскую кабалу. Такая рэальнасьць.

Паўтараю праўду, пацьверджаную гісторыяй: умяшальніцтва Захаду ў справы Беларусі заўсёды было і будзе на шкоду Беларусі і, у канечным выніку, прывядзе да супольных дзеяньняў Захаду і Расеі аб падзеле ўплыву на Беларусь.

Гэтую палітыку падзелу ўплываў мы якраз назіраем цяпер, калі лібэральная Эўропа радасна заглынула нажыўку Масквы (С. Ціханоўскую*) і павяла размову пра "дыялог" з рашысцкім рэжымам, Расеяй і Эўропай аб лёсе Беларусі. Фіналам прывычнай зьдзелкі можа стаць дамова Эўропы з Масквой аб зыходзе Лукашэнкі з пасады (праз выбары ці іншым чынам) узамен за тое, што Беларусь застанецца ў сфэры ўплыву Расеі пры ўмове пэўных гарантыяў для Захаду (дух Чэмбэрлена непераможны).

"Сфэра ўплыву" Расеі будзе пашырацца да поўнай ліквідацыі Беларусі, а гарантыяў Масква ніколі не трымалася.

Прычына такога стану дачыненьняў у тым, што пасьля разбурэньня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" (супольнымі высілкамі КГБ і немцаў) у Беларусі цяпер адсутнічае беларуская нацыянальная палітычная сіла, нацыянальная арганізацыя, якая ўзяла б на сябе адказнасьць за палітычны працэс і будучыню беларускай улады. Лёс Беларусі цяпер імкнуцца вырашаць не беларускія нацыянальныя сілы (якія на маргінэсе, у турме альбо ў падпольлі) а сілы прамаскоўскія і пад уплывам Масквы.

Але выхад ёсьць. Ён наперадзе. Гэта рух Вольная Беларусь, калі ён стане, калі ён уздымецца -- Беларусь пераможа.

1 кастрычнік 2020 г.                     Зянон ПАЗЬНЯК

-----------------------------------------

*ЗАЎВАГА. Настае час сказаць больш пра Сьвятлану Ціханоўскую. Лёсу гэтай жанчыны не пазайздросьціш. Яе авантура набыла злавеснае адценьне, калі ў працэсе выбарчай кампаніі яна дабраахвотна трапіла пад уплыў прамаскоўскай групы Газпрама-ФСБ і аддала сябе пад кіраўніцтва двух канторшчыц з гэтай групы, якія скарысталі яе ў інтарэсах пуцінскага праекта (гэта значыць -- замены Лукашэнкі і прывядзеньне да ўлады маскоўскіх крэатур Бабарыкі, Цапкалы).

Была спроба гэтай групы асядлаць пратэстную рэвалюцыю ў Беларусі. Але тое ім не ўдалося. Рэвалюцыя пайшла беларускім шляхам пад беларускімі лёзунгамі і сімваламі.

У барацьбе за ўладу з групай Газпрама-ФСБ ініцыятыва, практычна, увесь час была на баку Лукашэнкі і КГБ. У самым пачатку пратэстаў КГБ правёў пасьпяховую для сябе апэрацыю. Ціханоўскую заманілі ў будынак Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, дзе М. Калесьнікава і М. Знак адкрыта здалі яе ў лапы КГБ.

Допыт і апрацоўка працягваліся тры гадзіны. Вынікам апрацоўкі стаў упадніцкі відэа-зварот Ціханоўскай і высылка яе зь Беларусі ў Вільню. Дэпартацыя Ціханоўскай у сітуацыі, калі яе муж ёсьць закладнікам у турме, была магчымая толькі пры ўмове вярбоўкі і падпісаньня папер. Знаходжаньне Сьвятланы ў Вільні шчыльна кантралюецца спэцслужбамі Летувы, агентурай КГБ (праз АГП) і інш.

Захад уключыў Ціханоўскую ў сваю гульню, магчыма, не разумеючы (не зьдзіўляйцеся), што гэтая гульня ёсьць гульнёй крамлёўскіх "мудрацоў". Задача тая ж: дыялог, адыход Лукашэнкі ад улады, новыя выбары, на якіх Масква спадзяецца правесьці сваю крэатуру ў паслухмяныя дыктатары (ня выключана -- Бабарыку; ім патрэбны разьмеркавальнік уласнасьці і фінансаў).

Што датычыць асобы Ціханоўскай -- з жалем назіраем, што цяпер Сьвятлана адпрацоўвае план Масквы-Эўропы з непасрэднасьцю папугая. Нядаўна заявіла: «Было б добра, калі б прэзыдэнт Макрон пераканаў прэзыдэнта Пуціна ўзяць удзел у гэтых перамовах у якасьці пасярэдніка». А гэты Пуцін па яе словах "мудры палітык".

Спачатку авантура ісьці на выбары тлумачылася "из-за любви к мужу". Цяпер сітуацыя складваецца так, што "из-за любви к мужу" прыдзецца хадзіць на страту сумленьня.

Гэта асоба далёкая ад гістарычнай нацыянальнай трагедыі Беларусі, ад элемэнтарнага паняцьця, што такое нацыя і што ёсьць каштоўнасьцю нацыі. Але па-чалавечы гэтай жанчыне можна паспачуваць. Калі яна паддалася адзін раз, то прыдзецца ўжо паддавацца ўвесь час, бо муж -- у закладніках. Яна, магчыма, ня ведала, што такое КГБ і што такое Масква.