ПРА ЛУКАШЭНКУ, АД ЯКОГА ТРЭБА ПАЗБАВІЦЦА

posted Aug 23, 2020, 9:39 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 23, 2020, 10:50 PM ]

Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі ёсьць зьява тыпалагічная, якая, практычна, усім зразумелая. З другога боку, сітуацыя арыгінальная, незразумелая бальшыні людзей.

Мне не прыходзілася спатыкаць больш подлага і злачыннага суб'екта, чым Лукашэнка. На ім зьнешне -- усё напісана. Усё відаць.

У Вярхоўным Савеце дэпутаты Апазыцыі БНФ ставілі пытаньне аб накіраваньні яго на медыцынскую псіхіятрычную экспэртызу, але камуністы за гэта не прагаласавалі.

У краінах, дзе разбураныя інстытуты дэмакратыі, на выбарах адбываюцца неверагодныя рэчы. Могуць прагаласаваць за камэдыянта, за хатнюю гаспадыню і нават за вар'ята.

Менавіта такі выпадак адбыўся з Лукашэнкам, хоць, паўтараю, на ім усё відаць, асабліва калі гаворыць. І тым ня менш, 26 гадоў беларускае грамадзтва гэтага як бы ня бачыла. Людзям здавалася нешта іншае. Гэты фэнамэн мяне найбольш уражваў -- масавая ўнутраная сьлепата. Нарэшце, людзі нібыта прачнуліся. І тут падсьцерагае другі масавы фэнамэн -- неразуменьне логікі і матывацыяў пацыента ва ўладзе. Людзі думаюць стэрыатыпамі, а пацыент -- індывідуальны.

Псіхічны дыягназ Лукашэнкі найбольш поўна апісаў Дзімітры Шчыгельскі. Пісалі таксама іншыя медыкі. Тут я зыходжу з існуючых медычных прафэсійных ацэнак і сваіх назіраньняў. Псіхічная паталогія Лукашэнкі (мазаічная псіхапатыя) зьяўляецца прычынай закаранелай адсутнасьці эмпатыі (разуменьне чужога болю, спачуваньне) і выяўленьня пэрманэнтнай хлусьні, у якую ён верыць з моманту апавяданьня. Хлусьня ідзе ў яго як плынь сьвядомасьці і заварожвае наіўных людзей. Небясьпечнай праявай яго псіхічнага стану зьяўляецца адчуваньне сябе ў акружэньні ворагаў. Таксама назіраецца незьнікальная злапомнасьць, прага ўсіх перамагчы, адпомсьціць крыўдзіцелям. 

Але самае фэнамэнальнае, трансцэндэнтнае і пастаяннае -- гэта паталягічная прага ўлады. Улада над усімі і ўсім -- гэта тое, што ўзбуджае і спальвае ўвесь яго арганізм, канцэнтруе волю, кідае на "подзьвігі" любой цаной. Мяркую, што тут таксама вынік адхіленьня псіхікі.

Гэты дыягназ, засьведчаны медыкамі, небясьпечна карэлюецца з сацыяльнай асобай і ідэалёгіяй Лукашэнкі, зь яго мэнтальным узроўнем і станам асобы. У сваім духоўным кшталце гэты чалавек ёсьць тыповы мамэлюк, янычар, які прайшоў праз савецкую сярэднюю школу, савецкае ідэалягічнае выхаваньне, савецкую армію, камуністычную прапаганду і стаўся зацятым ненавісьнікам сваёй нацыі (тут яшчэ і сіндром цяжкага дзяцінства), сваёй нацыянальнай мовы, нацыянальнай ідэалёгіі і культуры. Нянавісьць да беларусаў, да беларускай мовы і беларускай волі ў яго ўсёпаглынальная. Яна спальвае яго арганізм, ён ня можа стрымлівацца, яго перакручвае ад нянавісьці да свайго. (Як папулярна кажацца, самы страшны вораг чалавека -- гэта ракавая клетка, якая перарадзілася.)

Сумяшчэньне дыягназу і збочанага сацыяльнага вобразу ў разьвіцьці яго асобы стварыла тую фатальную псіхалагічную мяшанку, якую беларусы назіралі 26 гадоў і толькі цяпер убачылі.

Ведаючы псіхічныя і сацыяльныя складнікі характару Лукашэнкі можна, практычна, цалкам дакладна ацэньваць яго дзеяньні і прадбачыць паводзіны.

У аднясеньні да сёньняшняга дня, беларусам трэба ўлічваць, што сам Лукашэнка ад улады не адмовіцца ні пры якіх абставінах і будзе змагацца за яе любымі мэтадамі і сродкамі. Калі дзеля захаваньня сваёй улады трэба будзе страляць у людзей, то загад стане без прамаруджваньня і сумненьняў. Калі дзеля захаваньня ўлады трэба пакласьці палову нацыі (а то і ўвесь народ) пад кулямётамі, то (нават не сумнявайцеся) -- загад прагучыць без ваганьняў. Тут -- паталагічны сіндром улады плюс нянавісьць да "сьвядомых". Праблема толькі ў тым, каму прыдзецца страляць. Але пры патрэбе правакатары знойдуцца (з Масквы прыедуць).

Не хацеў бы, каб мірныя і наіўныя людзі ўспрынялі тое, што я тут кажу, зь лёгкасьцю ў думках. За 26 гадоў нешта можна б было і зразумець.

Цяпер ужо ідзе адкрытая вайна. Вайна ўзурпатара і групы сілы (сілавікоў) супраць беларускага народа. Ёсьць загінулыя, пралілася нявінная кроў. І з таго часу, як гэтая кроў пралілася, наш беларускі сьвет зьмяніўся. Назад дарогі няма. Ідзе вайна. Лукашэнка прэч! Трыбунал!

Наша зброя пакуль што -- гэта мірная масавасьць людзей, нашая шматлікасьць, салідарнасьць і голыя рукі. Рэжым (Лукашэнка) зьвярнуўся да Пуціна дзеля садзеяньня, рыхтуе рэпрэсіі, страшыць, шукае зачэпак, прыдумвае пагрозы, адчайна хапаецца за ўладу.

Масква прыслала ў Беларусь сваіх прапагандыстаў-тэлежурналістаў -- ворагаў Беларусі, сваіх вайскавікоў і плойму паліттэхнолагаў, якія раяць Лукашэнку зьбіраць "свае" мітынгі падтрымкі зь бюджэтнікаў, палохаць грамадзтва лакаўтамі, зачыненьнем прадпрыемстваў, рэпрэсіямі і г. д. Руская агентура пачала працаваць над дыскрэдытацыяй беларускіх нацыянальных сімвалаў (адзін з прыёмаў -- злучыць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг беларускай рэвалюцыі з зялёна-чырвоным савецкім сьцягам крывавага злачыннага рэжыму). У Сеціве пайшлі нерастам рускія тролі, імкнуцца пасварыць беларусаў з украінцамі, гадзяць на беларусаў і г. д.


Можна прадбачыць некалькі сцэнароў самапаратунку ўзурпатара. Назаву толькі самы дрэнны. Увядзеньне ваеннага стану па прыкладу гэнэрала Ярузэльскага ў Польшчы часоў "Салідарнасьці". Дзеля гэтага якраз ствараецца ілюзорная рэальнасьць аб быццам бы падрыхтоўцы нападу на Беларусь краінаў НАТО -- амэрыканцаў, Польшчы, краінаў Прыбалтыкі і Нідэрляндаў. На захад Беларусі перакідваюць войскі з усходу (тым самым агаляюць небясьпечную ўсходнюю мяжу), Лукашэнка выступае ў Гародні і кажа аб падрыхтоўцы "вторжения" і што ён іх усіх (гэтых заходнікаў) раскусіў і гатовы адстаяць цэласнасьць і незалежнасьць радзімы.

Людзі сьмяюцца, бо калгасны стратэг адстаў ад жыцьця гадоў на трыццаць. У век інтэрнэту казаць такое -- гэта поўны "аўт".

Тым ня менш, усё разыгрываецца з дэбільнай сур'ёзнасьцю. Міністар абароны заяўляе, што гатовы выканаць любы загад і страляць па ворагах знутры ды спатыкаць танкі НАТО.

У нядзелю (23-08-2020) абгарадзілі чамусьці стэлу "Менск горад-герой" калючым дротам і выставілі армію -- два рады жаўнераў аховы з аўтаматамі, каб не прарваліся "фашысты" пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам.

Гэтага не камэнтую. Сьведчу толькі, што дурні са зброяй вельмі небясьпечныя.

Робіцца гэты фантасмагарычны спэктакаль па некалькіх прычынах: запалохваньне людзей; антураж для аб'яўленьня ваеннага стану альбо пасьля магчымай самаправакацыі на захадзе Беларусі, каб паклікаць у краіну расейскія войскі з АДКБ, быццам бы на дапамогу.

Аб тым, што Лукашэнка можа пачаць рэпрэсіі супраць людзей і ўвесьці ваеннае становішча, сьведчаць і яго неадэкватныя паводзіны сёньня (23. 08. 2020) пасьля Маршу новай Беларусі. Ён узбуджана хадзіў з аўтаматам у руках па двары свайго палацу, ціснуў далоні амонаўцам, казаў "спасиба" і пагражаў, што "с ними (гэта значыць, з народам) мы разберомся". (Навошта яму быў аўтамат? Можа ён, як Чэрчыль у час вайны, хоча стварыць сабе вобраз рашучага хлопца ў барацьбе з народам? Ці можа ў пацыента ад напружаньня проста зусім «паехаў дах»?)

Абсалютна неадэкватныя паводзіны. Ва ўяўленьнях сваёй галавы ён знаходзіцца як бы на вайне, кіруе ваеннымі дзеяньнямі. Гэта ёсьць небясьпечны прыступ страха, якім, магчыма, нават звонку кіруюць (дзіўна, што гэтае відэа імгненна зьмясьцілі ў Інтэрнэце.)

Калі за ноч узурпатар не супакоіцца, то неўзабаве ён можа сапраўды чаго-небудзь натварыць.

Ізноў жа адзначаю, што ў гэтых абставінах нават самае дурное і тупое можа пачацца. Тым больш, што генэралы і "генералісімус" інтэлектам не ўражваюць (а маскоўскія паліттэхнолагі працуюць).


Важна ведаць людзям, што рабіць далей. Стратэгічна трэба нарошчваць нацыянальную сілу, салідарнасьць і самаарганізацыю. Гэта ёсьць наша галоўная народная зброя. Такім чынам трэба працягваць масавыя пратэсты. Адначасна неабходна ствараць суполкі "Вольнай Беларусі". Калі такіх суполак стане шмат, тады ўзьнікне беларускі нацыянальна-вызвольны рух Вольная Беларусь, зьявяцца лідары і палітыкі.

Другое. Трэба ствараць страйкамы на прадпрыемствах.

Трэцяе -- неабходна паўсюдна ствараць ворганы самакіраваньня. Народ бяз справы не застанецца. Можна будзе самым вырашаць шматлікія пытаньні грамадзкага і сацыяльнага жыцьця.

Чацьвертае. Надыходзіць 1-ы верасень. Дзеці пойдуць у школу. Не давайце лукашыстам надалей зьдзеквацца над нашай беларускай мовай і працягваць русіфікацыю. Запісвайце дзяцей у беларускія класы, патрабуйце беларускага навучаньня. У гэтым -- сьветлая будучыня нашай нацыі. Цяпер, калі адбываецца нашая Беларуская Рэвалюцыя, цяпер трэба ўсё добра рабіць.


25-ы Жнівень -- вялікае нацыянальнае сьвята -- Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. У аўторак а 19-й гадзіне -- усе на вуліцы, усе на плошчы. Сьпявайце беларускія песьні, сьпявайце наш нацыянальны гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" (ён вельмі актуальны) і наш духоўны гімн "Магутны Божа".

Мацуйма нашу нацыянальную сілу. Толькі мы, беларусы, можам уладкаваць нашу краіну і нашу нацыянальную будучыню. Трэба не здавацца, трэба рабіць так, каб нашым дзяржаўным лёсам не займаліся іншыя краіны (Расея ды Эўропа). Яны зробяць дакладна дрэнна. Маем вялікі вопыт. Хіба што калі Амэрыка падтрымае Беларусь і дапаможа. Але добра будзе так, як мы зробім. Збавімся ад Лукашэнкі (а мы збавімся), вяртаем законную Канстытуцыю 1994 года, праводзім выбары ў парлямант, усталёўваем дэмакратыю, вызваляем свабоду, вяртаем закон, вольную працу і справядлівасьць, мацуем краіну.

Слава Айчыне! Жыве Беларусь!

23 жніўня 2020 г.                          Зянон ПАЗЬНЯК