ПРАТЭСТ СУПРАЦЬ КАШЧУНСТВА

posted Sep 18, 2018, 12:26 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 18, 2018, 12:26 PM ]

16 верасьня 2018 г. адбылася чарговая варта ля незаконна-пабудаванай рэстарацыі “Поедем-поедим”.

Сярод удзельнікаў былі сябры КХП-БНФ, неабыякавыя грамадзяне, беларускія патрыёты.

Ужо больш за тры месяцы актывісты штодня прыходзяць на гэтае месца побач з Курапатамі, каб бараніць памяць нявінна забітых у час генацыду.

Абарона мэмарыяльнай годнасьці ля Курапатаў ў гэтым годзе ўжо ўвайшла ў сьведамасьць грамадзтва як працяглы бесперапынны пратэст.

За гэты час пратэстоўцы дасягнулі пашырэньня інфармацыі і веды ў грамадзтве пра злачынныя дзеяньні ўлады і амаральных людзей супраць трагічнай памяці беларускага народа. Дзясяткі тысячаў людзей у Беларусі і за яе межамі даведаліся пра Народны Мэмарыял Курапаты.

Вось і сёньня (18-ІХ), у Курапатах былі наведнікі з Польшчы, пасьля наведваньня Мэмарыялу, прыехалі да варты, каб выказаць сваю салідарнасьць зь беларускімі патрыётамі.

Пашыраецца інфармацыя і сярод простых беларусаў. Напрыклад, прыехала жанчына, каб падзякаваць удзельнікам пратэсту. Распавяла, што кожны дзень бачыць тут абаронцаў, калі праяжджае міма. І ў дождж і ў сьпёку тут стаяць патрыёты са сьцягамі. На такіх людзях трымаецца праўда пра Беларусь.

Непрыяцелі Беларусі па рознаму мімікрыруюць і зважаюць на пратэсты. Як стала вядома, пасьля публікацыі Зянона Пазьняка была ліквідаваная база транспартнай кампаніі “Энергия”, што знаходзілася непасрэдна ля рэстарацыі “Поедем-поедим”. Кампанія гэтая спэцыялізуецца на дастаўцы грузаў з ЛНР/ДНР. Сёньня з базы зьніклі ўсе шыльды і вывескі, тэрыторыя апусьцела, а з сайту кампаніі прыбралі ўсю інфармацыю пра гэтую адрэсу.

Штодзённая варта паказала адзінства беларусаў у абароне нашых нацыянальных каштоўнасьцяў. Склалася сітуацыя, калі побач стаяць людзі з розных, часам супярэчлівых, партыяў ды рухаў. Гэтыя рухі ( як звычайна па дэмакратычных прынцыпах) трымаюцца па-асобку. Але выходзяць разам на пратэст супраць ненавісьнікаў народнай памяці пра генацыд. Так, часта ў кожнага свой погляд на тактыку абароны, на метады і сродкі змаганьня. Але людзі стаяць супольна, плячо да пляча. І тут становіцца зразумелым, што нягледзячы ні на якія супярэчнасьці, мы будзем і далей разам бараніць нашыя сьвятыні, нашу Беларусь.

Што датычыцца самой “рэстарацыі”, то з пункту гледжаньня бізнэсу і камэрцыі гэта абсалютны банкрут, тут поўны правал. За ўвесь дзень туды прыехала ўсяго 4 машыны (частка сярод іх расейцы). Нават ахоўнікі з камерамі відавочна пасумнелі. У “рэстарацыі” пуста, там літаральна нікога няма. Не было ў гэты раз і падасланых правакатараў-наведнікаў. Толькі абаронцы ды салідарныя людзі стаяць побач са сьцягамі.

У чарговы раз было заўважана, што службоўцы, якія вядуць відэа-здымку пратэстоўцаў ды ахоўваюць “рэстарацыю”, гэта чужыя людзі, яны абсалютна не валодаюць беларускай мовай. На пытаньне, ці давалі мы дазвол, каб нас здымалі, службовец пытае “а что такое “дозвол”?”.

Амаль усе ўдзельнікі варты прыйшлі да высновы, што любы бізнэсовец ужо даўно бы зачыніў гэтае фінансава-стратнае, правакатыўнае, скандальнае месца. Верагодна, тут іншыя, не бізнэсовыя інтарэсы і іншыя замоўцы.

У любым выпадку, пратэст будзе працягвацца да поўнага закрыцьця гэтай ганебнай “рэстарацыі”.

Беларусы, абаронім Курапаты!

Жыве Беларусь!

Ігар Шчэмелеў