ПРА ВАЛЕРЫЯ ПАНАМАРОВА ДОБРАЕ СЛОВА Ў ВЯНОК ПАМЯЦІ

posted Jan 11, 2017, 10:01 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 11, 2017, 10:01 PM ]

Прачытаў у сродках масавай інфармацыі сумнае паведамленьне аб зыходзе з жыцьця Валерыя Панамарова.

Калі ўспамінаю пра гэтага чалавека, ў памяці нечакана ўсплывае выказваньне Кан-Фу-Цы аб тым, што мудрасьць прыходзіць ад назіраньня за тым, як растуць дзеці. У 1962-63 гг. Панамароў, праўда, ня быў ужо дзіцём. Яму, як і мне, было каля дваццаткі, калі мы вучыліся на першым курсе акцёрства ў Беларускім Дзяржаўным Тэатральна-Мастацкім Інстытуце. Я абсалютна не ўспрымаў ягонай асобы сур’ёзна. Для мяне гэта быў маскалёк маленькага росту, гэтакі жыўчык, які падскокваў. Пасьля першага курсу ён недзе зьнік (здаецца, яго адлічылі па прафэсійным крытэры), і я назаўсёды забыўся пра існаваньне гэтага шустрага маладзёна з Расеі.

Мінула 32 гады. На Дзяды 1995 года ў пачатку лістапада я быў на фронтаўскім мітынгу ў Лошыцы каля Крыжа ў памяць ахвяраў расстраляных энкавэдзістамі беларусаў. Пасьля мітынгу я з жонкай Галінай і вялікая група фронтаўцаў паехалі ў кінатэатар “Зьмена” на прагляд кінафільма “На Чорных Лядах”, зьнятага паводле апавяданьня Васіля Быкава нейкім Панамаровым.

У фае нас чакаў ужо Васіль Уладзімеравіч і дырэктар кінатэатра – прыемная жанчына, якая арганізавала гэты прагляд. (Дадам, што пазьней лукашысцкая адміністрацыя разграміла і зачыніла гэты беларускі кінатэатар, а дырэктара зволіла.)

Мы сядзелі ў першым радзе і глядзелі з хваляваньнем. Нарэшце, думаю, ёсьць беларускае кіно, дзе маскоўскія бальшавікі паказаныя, як і належыць – акупантамі Беларусі.

Фільм усім спадабаўся. Былі доўгія воплескі і абмен думкамі. У фільме ёсьць выдатныя сцэны і добра зробленыя эпізадычныя ролі, хаця я адразу ўбачыў і недахопы, пра якія тут казаць ня буду, тым больш, што (як на маю думку) тут праблема ў самым творы Быкава.

Пасьля прагляду да мяне падышоў рэжысёр – ціхі сьціплы чалавек з павольнымі рухамі, нягучным голасам, з крыху вінаватым выглядам твару і загаварыў на слабой беларускай мове. Я прыгледзеўся і агаломшаны выгукнуў:

-- Валерык, гэта ты?

-- Я, -- усьміхаецца ціхі чалавек, які ў юнацтве запомніўся мне заношчывым шустрым маладзёнам. – А што, непадобны? – пытае Панамароў.

Мы зь ім тады сардэчна пагаварылі. Я быў крануты да глыбіні душы. Вось табе і Валерык. Як здорава (думаю), што ён стаў асобай і не ператварыўся ў «вату». Валеры распавёў, як душаць яго фільм і яго асабіста. Прасіў дапамагчы. Я, памятаю, тады сказаў даволі рэалістычна, у сэнсе, што ва ўладу прыйшло такое “драньства”, якое будзе нішчыць усё беларускае, і што расейскае паходжаньне Валерыя тут яго не ўратуе. Трэба быць гатовым да ўсяго і ня мець ілюзій. Але будзем змагацца.

Цяпер я прачытаў, што кінакрытак спадарыня Фральцова параіла тады Валеру пасьля гэтага ягонага фільма самому застрэліцца.

Праўда, невядома, у якім кантэксьце былі сказаны тыя словы, але, відаць, у дрэнным кантэксьце, інакш бы Валеры ня быў бы так моцна ўражаны.

І вось тут другі сюжэт. У 1969-70 гг. у сэктар тэатра і кіно Інстытута Мастацтвазнаўства, Этнаграфіі і Фальклору Акадэміі Навук БССР, дзе я праходзіў асьпірантуру, прынялі маладую асьпірантку Ніну Фральцову. Гэтая дзяўчына з абліччам тыповым для сярэдняй паласы Расеі (як напісалі б расейскія этнографы) зьдзівіла мяне сваім вырабленым практычным рацыяналізмам. Мэта была адна – скончыць асьпірантуру і абараніць дысэртацыю. Ні ў якіх размовах пра палітыку, ідэалогію, культуру, праблемы яна ня ўдзельнічала, ацэнак не давала, і калі нешта пачыналі такое гаварыць – проста зьнікала. У выніку Ніна хуценька абаранілася з усімі цытатамі клясікаў марксізму, а я, прайшоўшы праз допыты КГБ, апынуўся на вуліцы з кляймом “буржуазнага нацыяналіста” і абараніўся толькі праз дзевяць гадоў у Ленінградзе, змагаючыся з сістэмай.

Фральцова ніякім бокам не была ўлучана ў праблемы беларускай культуры, і пасьля абароны дысертацыі зьнікла з далягляду і з кантэксту грамадзкай інфармацыі. Я думаў, што можа яна выехала куды-небудзь. А ж не, цяпер аказваецца, што яна жыла сабе тут, нават прафэсарам стала, Панамарова кусала.

А Валеры мяне тады зьдзівіў, па-добраму зьдзівіў. Вось табе і навучка, як няпроста бывае ў жыцьці, і як моцна ўплывала тады веліч Беларускага Адраджэньня на людзей таго часу. Вялікая і сьветлая будучыня магла быць у Беларусі. Кан-Фу-Цы праўду казаў пра мудрасьць.

Цяпер я даведаўся, што Валеры памёр у 73 гады. Ранавата, як на сучасны сьвет. У камандзе Трампа такія хлопцы яшчэ будуць рабіць палітыку Злучаных Штатаў. Але, відаць, кожнаму -- яго.

Добрае слова мне хацелася б сказаць пра гэтага чалавека і падзякваць. Дзякуй, дарагі Валеры, што ў цяжкі час ты не кідаў каменьне ў наш бок, не зьневажаў наш народ, як іншыя, але спрычыніўся душой і чынам з падтрымкай для вялікай Беларускай нашай культуры. Вечная памяць.

11 студзеня 2017 г.              Зянон ПАЗЬНЯК