ПРА ЗЬНІШЧЭНЬНЕ БЕЛАРУСІ І ПРА ІНФАРМАЦЫЙНУЮ АТАКУ НА БЕЛАРУСКІ НАРОД

posted Mar 24, 2022, 7:41 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 24, 2022, 7:57 PM ]
        Цяпер, калі адбылася ваенная акупацыя Беларусі войскамі Расейскай Фэдэрацыі, назіраецца зьява, якую можна акрэсьліць як татальную інфармацыйна-псіхалагічную атаку, накіраваную на экзістэнцыйнае зьнішчэньне Беларускай дзяржавы і будучыні Беларускай нацыі. 
Атака ўражвае, бо накіравана ня супраць акупацыйнага рэжыму, а супраць акупаванага беларускага народа, пры гэтым ініцыятары атакі змаглі падключыць да гэтага нападу масы агрэсіўных недасьведчаных людзей, практычна, на ўсім сьвеце. У некаторых краінах (напрыклад, як ня дзіўна, -- у Эстоніі) пачалася адкрытая дыскрымінацыя беларусаў па нацыянальнай прыкмеце. Далей усё коціцца нібы само па сабе.
Усё выглядае ненатуральна, але разумныя галасы ў Беларусі і ва Украіне, практычна, топяцца ў масавай сьляпой нянавісьці і статкавай псіхалогіі. 
Такога ірацыянальнага нападу наш народ не перажываў ніколі ў гісторыі, выключаючы, хіба што, пэрыяд паўстаньня 1863 года. Але тады масавая нянавісьць зыходзіла толькі з аднаго боку -- з Расеі, зь якой ваявалі паўстанцы. 
Галоўная тэхналёгія цяперашняга абсурду заключаецца ў тым, што стратэгам інфармацыйнай вайны ўдалося перанакіраваць масавую нянавісьць са злачынцы на ахвяру і аб'явіць ахвяру вінаватай у ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
Масавыя мірныя пратэсты беларусаў у 2020-м годзе былі добра і з разуменьнем (з захапленьнем) сустрэты на Захадзе, у Амэрыцы і ў Польшчы. Тым часам разгром пратэстнага ўздыму ў Беларусі, пры падтрымцы  лукашысцкага рэжыму Крамлём, быў страшны, жорсткі, пэрманэнтны і рацыянальна не матываваны дзеяньнямі пратэстоўцаў. Практычна, на працягу ўсяго 2021 году і па сёньняшні дзень адбывалася жорсткая расправа над усімі іншадумцамі і патрыётамі Беларусі. Абвінавачваньні і расправа былі неадэкватнымі і выкліканы падрыхтоўкай (дакладней, зачысткай) беларускага грамадзтва перад плануемай расейскай акупацыяй Беларусі. 
У краіне начыста зьнішчана ўся грамадзянская супольнасьць як грамадзкая зьява. Дзясяткі тысячаў беларусаў кінутыя ў турмы, сотні тысячаў выгнаныя за мяжу, дзясяткі скалечаных і забітых. У краіне ўсталяваны жорсткі антыбеларускі антынацыянальны рэжым, кантроль за людзьмі, рэпрэсіі і атмасфэра страху. 
У гэтых умовах адбылася ваенная акупацыя Беларусі Расейскай Фэдэрацыяй. 17 студзеня 2022 года пад выглядам ваенных манеўраў расейцы ўвялі ў Беларусь свае войскі. Адбылася геапалітычная катастрофа ва Усходняй Эўропе. Узьнікла глабальная перадваенная сітуацыя. 
Але дзіўна: сьвет гэтага нібы не заўважыў. Не заўважыў, бо акупацыя адбылася без беларускага супраціву пад выглядам вайсковых вучэньняў.  
Захапіўшы Беларусь, расейцы пачалі рыхтаваць напад на Украіну. 24-га лютага напад пачаўся. З тэрыторыі акупаванай Беларусі рускія абстрэльваюць ракетамі ўкраінскія гарады. 
І тут жа пачалася інфармацыйная вайна супраць задушанага беларускага народа з абзываньнем яго "агрэсарам", вінавайцам у агрэсіі супраць Украіны, на што народ, што знаходзіцца пад прэсам рэпрэсіяў марыянеткавага рэжыму, ня ў стане нават штосьці адказаць. Хаця і ў гэтых умовах беларусы супроцьстаяць акупантам, як могуць.
Інфармацыйная атака супраць Беларускага народа распачата ва ўсім сьвеце. Але найбольш -- ва Украіне і ў Беларусі. Ва Украіне скарыстаны эмацыйны стан простых людзей, пацярпелых ад расейскага нападу.
У Беларусі -- агучыла сябе рускамірская агентура і асабліва дэнацыяналізаванае беларускае "бесталкоўе", якое ненавідзіць само сябе. Сваю нішу тут займае так званая праяўленая "кансэрва" -- асобы, якія перад гэтым выступалі супраць Масквы і за дэмакратыю, набіваючы сабе вядомасьць і ўплыў. 
Асноўная задача "кансэрвы", троляў і прапагандыстаў -- гэта ўкараненьне дэпрэсіўных настрояў і прышпільваньне беларусам пачуцьця неіснуючай калектыўнай віны за акупацыю Беларусі і за рускую агрэсію супраць Украіны. Прапаганда актыўна вядзецца на эмацыйным узроўні шляхам падтасовак і лагічных маніпуляцыяў, калі ў палітычным нявольніцтве, рэпрэсіях, пакутах і русіфікацыі абвінавачваецца не тэрарыстычная палітыка прамаскоўскага рэжыму, не імпэрская палітыка Масквы, ня рускія акупанты, а самы беларусы, якія церпяць ад гэтай палітыкі.
Прыём надзвычай подлы, у юрыспрудэнцыі не дапушчальны, але ў інфармацыйным полі для непасьвечаных і для простых людзей ён робіць сваю дэструктыўную справу. 
Становішча беларускага народу цяпер можна параўнаць са становішчам вязьняў рускага канцлягеру, якім кажуць, што яны самы вінаватыя ў тым, што іх схапілі ў канцлягер.
Дзікунства інфармацыйнай атакі на беларускі народ найбольш відавочнае ў тым, што беларусы, калі не на 100, то на 99 адсоткаў стаяць супраць вайны з Украінай і прыхільна настаўлены да ўкраінцаў. Беларусь -- гэта не Расея, дзе арда ненавідзіць украінцаў і ня любіць ўвесь сьвет. Беларусы і ўкраінцы ёсьць натуральныя дабразычлівыя суседзі. 
Але прапаганда супраць беларусаў вельмі шалёная. Гэта частка расейскай інфармацыйнай вайны і агрэсіі супраць Беларусі і Украіны. Супрацьстаяць інфармацыйнаму нападу можна таксама шляхам інфармацыі. Але інфармацыйны супраціў такой палітыцы слабы ва Украіне (як і ўсюды, разумных людзей тут мала чуюць) і амаль поўнасьцю правалены ў Беларусі, дзе вольных СМІ не існуе, а за межамі краіны яны спрэс канфармісцкія з нацыянальна няразьвітымі журналістамі.
Магчымасьць праўдзівай інфармацыі застаецца толькі ў Інтэрнэце. Гэта значыць, што ролю абароны ад інфармацыйнага наезду на народ можа ўзяць на сябе перадавое беларускае грамадзтва ва ўсім сьвеце.
Вызначальны паварот будзе залежыць ад таго, прымусіць ці не прымусіць Масква беларускую армію прыняць удзел ў рускай агрэсіі супраць Украіны. Гэта цяпер пытаньне нумар адзін. Масква разьбіваецца ў блін, каб сутыкнуць беларусаў з украінцамі. Бальшыня беларускіх вайскоўцаў ня хоча ваяваць. Але, на жаль, ёсьць асобіны з прамытымі прарасейскімі мазгамі і рускія генэралы ў камандаваньні. І тое трэба ўлічваць.
Здаецца, што ўсе разумныя рэкамендацыі, каб не ваяваць з Украінай, для вайскоўцаў агучаныя. На ўсё Воля Божая. Але калі б, напрыклад, "сукін сын" (як публічна называюць яго расейцы) аддаў загад войску ісьці на Украіну, то трэба альбо павярнуць зброю супраць "сукінага сына", альбо перайсьці на бок украінцаў. 
Беларусы не павінны  сьцярпець загаду параноіка пачаць вайну з Украінай. Як казаў адзін шчыры беларус -- усім трэба будзе выйсьці на плошчы ды вуліцы і павешаць "сукінага сына" за ногі галавой уніз, а рускім акупантам сказаць валіць зь Беларусі ў сваю Маскву, пакуль яны тут ня здохлі.  Жорстка гучыць. Але будзьма гатовыя і на такі крок. Гэта вайна.

23 сакавік 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК