ПРЭЗЭНТАЦЫЯ БЕЛАРУСКА-АМЭРЫКАНСКАЙ ФАТАГРАФІІ

posted Apr 15, 2019, 1:52 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 15, 2019, 1:53 PM ]

У нядзелю, 14-га красавіка ў залі сабора сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася прэзэнтацыя 1-га нумара першага беларускага пэрыядычнага выданьня па фатаграфіі Зянона Пазьняка. Зборнік-альманах называецца "Беларуска-амэрыканская фатаграфія".

Акрамя сваіх фота, зьнятых у Амэрыцы, аўтар мяркуе друкаваць фатаграфіі беларускіх фатографаў, у творчасьці якіх адлюстравана жыцьцё беларускага народа, яго быт, праца, культура і штодзённае існаваньне.

У першым нумары прадстаўлены два аўтары: Зянон Пазьняк і Джон Кунстадтэр. З. Пазьняк распавёў пра пэўныя цяжкасьці для ягонага творчага падыходу ў Амэрыцы. Сама краіна вельмі сацыяльна фотагенічная, але беларускі аўтар не знаходзіць тут ідэалаў. Таму падыход ягоны апісальны, уніклівы ў разнастайнасьць людзкіх тыпажоў вялікай краіны, часам іранічны, з гумарам, з поглядам як бы трохі збоку і зьверху на чалавечыя арыгінальнасьці.

Зянон Пазьняк паведаміў пра разнастайнасьць сваіх тэм у падыходзе да новай рэчаіснасьці. У першым нумары прадстаўлена тэма "Тыпажы Нью-Ёрка" (62 фота).

Ён сказаў, што найбольшы ягоны творчы фотанабытак (справа паловы жыцьця) застаўся ў Беларусі і, на жаль, будзе зьнішчаны (як заўсёды, што гіне ў бяспамяцтве і вайне).

Аўтар падрабязна спыніўся на творчасьці Джона Кунстадтэра (64 фота), якога лічыць беларускім нацыянальным фатографам. У альманаху Кунстадтэр прадстаўлены тэмай "Звычайныя людзі Беларусі". У першым нумары даволі парадаксальны зьмест: беларус здымае Амэрыку, а амэрыканец здымае Беларусь. Пазьняк фатаграфуе скрытай камэрай у гушчы людзей. Тым часам Кунстадтэр здымае выключна адкрыта, ягоныя людзі шчыра глядзяць у камэру, "фатаграфуюцца", прыхільна ўспрымаюць фатографа. Усё вельмі проста: прыгожыя людзі, натуральнае захаваньне, адкрытасьць -- усё гэта пакідае часам незабыўнае ўражаньне.

У зборніку ёсьць тэкст пра творчасьць Джона Кунстадтэра і ягоны партрэт, зроблены З. Пазьняком у 2014 годзе. Альманах на беларускай і ангельскай мовах.

Фатаграфіі былі прадэманстраваныя на вялікім экране. Працу і ідэю выданьня прыхільна ўспрынялі прысутныя. Адбыўся абмен думкамі.

14. 04. 2019 г.                                                                                                                                 Марыля Якушэвіч


П.С. У дадатку фота з альманаха: тры фота З. Пазьняка («Музыка Кантры», «Жыхар Амэрыкі», «Свабода спаць на вуліцы») і тры здымкі Д. Кунстадтэра («Бацька зь дзецьмі, Любавічы», «Хрышчэньне вадой», Альшаны, «Пётра і Валянціна, Аздамічы»). На тытульнай старонцы вокладкі фота Д. Кунстадтэра, на тыльнай – З. Пазьняка.