ПРЭЗЭНТАЦЫЯ ЛІТАРАТУРНАГА АЛЬМАНАХА "БЕЛАРУС"-2020

posted Jan 10, 2021, 4:58 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 10, 2021, 4:58 PM ]
        Прэзэнтацыя альманаха "Беларус"-2020 адбылася 9-га студзеня ў надзвычайных умовах эпідэміі Ковід-19 у Нью-Ёрку ў грамадзкай залі беларускага сабора сьятога Кірылы Тураўскага. 
Па законах штата Нью Ёрк, у сувязі з эпідэміяй, грамадзкія сходы больш за 10 асобаў забароненыя. Прытым абавязковы маскі на твары і фізічная дыстанцыя паміж людзьмі да 2-х мэтраў. Бяз маскі нікуды не дазволена заходзіць (і ніхто не заходзіць). Тым ня менш прышлося прыняць у два разы большую колькасьць асоб з датрыманьнем дыстанцыі, прытым у халоднай залі царквы (+ 2 градусы С) у рабочым адзеньні (некаторыя адразу з працы). Але нягледзячы на гэта атмасфэра была цёплая і беларуская. Усе парадаваліся выхаду альманаха, абмеркавалі зьмест і грамадзкія праблемы ў Беларусі.
Альманах увесь час лепшае, павялічваецца яго памер (цяпер 485 стар.) і колькасьць аўтараў. Тут дазволена друкаваць усіх па-беларуску, хто за межамі Беларусі і што хто напіша -- ніякіх абмежаваньняў. Між іншым, гэта дало плён: расьце ўзровень тэкстаў, альманах робіцца літаратурна важкім, спрыяльным дзеля прыгожага беларускага пісьменства. У той час, калі літаратурныя часопісы ў Бацькаўшчыне душаць і яны вымушаны малець і скарачацца, альманах "Беларус" лепшае і існуе.
Вялікая заслуга ў гэтым яго рэдактара Марата Клакоцкага. Пра тое адзначалася і ў абмеркаваньні альманаха. 
Трэба падтрымліваць наш літаратурны альманах маральна, літаратурна, прапагандова і матэрыяльна.

10 студзеня 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

POST SCRIPTUM
Неўзабаве я пастаўлю на старонку ў ФБ сваю п'есу "Акупацыя", зьмешчаную ў альманаху. Ведаю амаль дакладна, што з прычыны нечытаньня літаратуры і "шмат букф" гэты твор прачытаюць тры асобы. Але й дзеля гэтага варта. Асабліва ўлічваючы блакаваньне маіх кніг і немагчымасьць пераправіць іх цяпер у Беларусь (суды над кнігамі, аб'яўленьне "экстрэмізмам", штрафы і г. д.).