ПРЭЗЫДЭНТУ ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАЎ АМЭРЫКІ ДОНАЛЬДУ ТРАМПУ, ДЗЯРЖАЎНАМУ САКРАТАРУ ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАЎ АМЭРЫКІ РЭКСУ ТЫЛЕРСАНУ, СТАРШЫНІ ЭЎРАПЕЙСКАЙ КАМІСІІ ЭЎРАЗЬВЯЗУ ЖАНУ-КЛОДУ ЮНКЕРУ

posted Aug 28, 2017, 2:53 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 28, 2017, 2:53 PM ]
26 Жнівень 2017 г.

Зварот

Грамадзтва Беларусі перажывае трывожныя часы ў сувязі з запланаванымі вайсковымі вучэньнямі расейскіх узброеных сілаў "Захад-2017" на тэрыторыі Беларусі. Наш аналіз становішча паказвае, што з боку Масквы рыхтуюцца дзеяньні, якія могуць пагражаць суверэнітэту Беларусі і суседніх краінаў Эўразьвязу.

Агрэсіўная палітыка Пуціна супраць Украіны і іншых суседзяў Расеі суправаджаецца маштабнай інфармацыйнай вайной супраць Захаду і краінаў Усходняй Эўропы. Пуцінскай антызаходняй прапагандай праз радыё і тэлебачаньне бесперашкодна пакрыта амаль уся Беларусь.

Дыктатура Лукашэнкі спрыяе дэзінфармацыйнай палітыцы Пуціна ў Беларусі. У краіне даўно зачыненыя вольнае беларускае радыё і беларускае тэлебачаньне. Адзіная вольнае беларускае тэлебачаньне "Белсат" знаходзіцца ў Польшчы і надае з Варшавы. У Празе (Чэхія) знаходзіцца беларуская рэдакцыя радыёстанцыі "Свабода", вяшчаньне якой у гэтым годзе спынена ў кароткахвалевым дыяпазоне, што пакінула тысячы людзей у беларускай правінцыі без праўдзівай крыніцы інфармацыі.

У канцы гэтага году ўрад Польшчы, зыходзячы з матэрыяльных цяжкасьцяў, плянуе спыніць сваю частку фінансаваньня беларускага тэлебачаньня "Белсат", якое падтрымліваецца Эўразьвязам. Гэта будзе абазначаць закрыцьцё беларускага вольнага тэлебачаньня якраз у вельмі крытычны час, калі праўдзівая інфармацыя ў Беларусі патрэбная як паветра.

Беларускае вольнае тэлебачаньне Белсат" пакрывае значную частку тэрыторыі краіны. Яго глядзіць больш 10% насельніцтва. Прытым папулярнасьць "Белсату", нягледзячы на рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі, пашыраецца.

Зьвяртаемся асабіста да паважанага Прэзыдэнта Злучаных Штараў Амэрыкі Дональда Трампа, да Дзяржаўнага Сакратара ЗША паважанага Рэкса Тылерсана, да Старшыні Эўрапейскай Камісіі Эўразьвязу паважанага Жана-Клода Юнкера з надзеяй на падтрымку фінансаваньня вольнага беларускага тэлебачаньня "Белсат" і на вяртаньне радыёвяшчаньня беларускай рэдакцыі радыё "Свабода" ў кароткахвалевым дыяпазоне трансьляцыі. Падтрымайце беларусаў

Мы вітаем актыўную ролю Амэрыкі ў нераспаўсюджаньні атамнай зброі. Беларусь дабраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, што было зафіксавана ў Будапэшцкім мэмарандуме 1994 года. Злучаныя Штаты згодна Мэмарандума засьведчылі сябе гарантам суверэнітэту Беларусі, калі ўзьнікне пагроза яе незалежнасьці. Гэтая пагроза цяпер настае. Мы спадзяемся, што моцны голас Амэрыкі прагучыць і гэта зробіць уплыў на стрыманьне агрэсіі і пагроз дзеля міру ва Ўсходняй Эўропе

26 жніўня 2017 г., г. Менск

Прынята на Канфэрэнцыі (асамблеі) беларускіх патрыятычных дэмакратычных сіл


Арганізацыйны Камітэт Канфэрэнцыі ......... э-по

Сакратар арганізацыйнага камітэту ............ тэл. адрас, э-по