ПРЫКІДВАЮЦЦА

posted Jun 26, 2017, 7:14 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 26, 2017, 7:14 PM ]

Нядаўна ў СМІ прайшлі зьвесткі аб тым, як міністр МЗС РБ тав. Макей правёў тое, што было разрэкламавана як “прэзэнтацыя кнігі вершаў М. Багдановіча” у Іспаніі. На “прэзэнтацыі” было ажно сем чалавек (і ніводнага іспанца). Потым ён у Празе кветкі да мэмарыяльнай шыльды Скарыны ўскладаў. Адным, словам прарыў на дыпфронце атрымаўся проста брусілаўскі.

А ён умее выказвацца на мове краіны, якую прадстаўляе ў сьвеце! Што праўда, нацягнута і з памылкамі, але рыхтаваўся, рыхтаваўся! Важна тое, што ён сказаў быў на камеру “пра мову і душу”. Прагучала яно даволі пасіянарна і нават гераічна – у піку выказваньням ягонага непасрэднага начальніка пра тое, што “в мире два языка: русский и английский, на неразвитом белорусском всего не скажешь…” Можа ў іх там у МЗС ужо нейкая антылукашоўская фронда запачаткавалася? Будзем сачыць за далейшымі падзеямі.

А логіка ў кароткім інтэрв’ю (пакуль слоў хапала) была жалезабэтонная. Не хапала толькі любімых “крылатых сказаў” беларусажэрства: “а кому он нужен, этот белорусский язык!”, белоруссы сами не говорят на своём языке” і падобнага. Затое было ад сябе, пра “все зависит от самого человека”. А потым яшчэ пра “стесняются”, пра “душу” і пра “сэрца”. У “дэмСМІ” усё гэта падаецца як сэнсацыя.

І хаця пра “не нужен” згадкі не было, але гладкі афіцыёзны спіч быў фальшывы, як і ў галоўнага начальніка рэжыму, і быў выкананы з віртуозным цынізмам. На ягонае “ничего не должно делаться искусственно” чыноўніку МЗС трэба нагадаць, што абсалютная ўсебаковая падтрымка і разьвіцьцё нацыянальна-дзяржаўнай мовы зьяўляецца АБАВЯЗКАМ кіраўніцтва дзяржавы і важнейшай часткай дзяжпалітыкі (калі, зразумела, гэта не акупаваная дзяржава). А пра ўсё астатняе разьбяруцца спэцыялісты – кардыёлагі і тыя, каго называюць інжэнэрамі чалавечых душ.

Татальная русіфікацыя Беларусі працягваецца, яна дасягнула нябачаных у нашай гісторыі маштабаў разбурэньня нацыянальнай мовы і культуры. Ні пры Сталіне, ні пры царах антыбеларускае дзеяньне рэжыму не сягяла так глыбака і не прыводзіла да такіх катастрафічных наступстваў. Дэкаратыўны фальш ад чыноўнікаў гэтага рэжыму не падмане беларусаў.

Адраджаць Беларусь і ўсё беларускае давядзецца ўжо пасьля цывілізаванай ліквідацыі гэтага рэжыму.

Алесь Хадасевіч