РАСЕЙСКАЯ КАМЭДЫЯ

posted Jun 26, 2017, 7:19 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 26, 2017, 7:20 PM ]

Апошнім часам у Маскве разыгрываецца сатырычная паліткамэдыя ў традыцыях кананічнага лубянскага жанру. Такія спэктаклі набілі аскому цэлым пакаленьням назіральнікаў расейскай палітсцэны. Ад тэатра патыхае нафталінам, хоць часам усё ператвараецца ў цырк.

Грамадзянку Беларусі лаўрыята прэміі Нобэля Сьвятлану Алексіевіч рускія "братья" абазвалі "фашыстам", "русафобам", "нацыстам", "людаедам", "врагом Расии" і іншымі эпітэтамі з дрэннымі намёкамі і падтэкстамі. Абплёўваньне працягваецца. Прычына -- не пахваліла "русский мир", асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і палітыку русіфікацыі. Рускія "братья", не марудзячы, аблаялі Алексіевіч і выдалі ўвесь прапагандысцкі набор.

Мяркую, што для Алексіевіч тут карысны і павучальны вопыт. Цяпер яна адчуе на сваёй скуры, што такое расейская антычалавечая прапаганда, якой некалі сама займалася. Вельмі павучальная навука.

Мне прыходзіцца жыць пад расейскай прапагандай ужо амаль 30 гадоў. Гэбоўскімі прапагандыстамі даўно было паведамлена грамадзтву, што я ёсьць "фашыст", "русафоб", у час вайны быў "нямецкім паліцаем", зьяўляўся "катам беларускага народа", "антысеміт", "главар габрэйскай мафіі", па натуры "зьвер", "жадны да грошай", "хоча аддаць Беларусь у рабства Польшчы, "аднавіць нацысцкі парадак", "уцёк на Захад на грошы ЦРУ і Гасдэпа" і г. д.

У такога роду камуна-расейскай прапагандзе (ужо пад Лукашэнкам) прымала ўдзел Сьвятлана Алексіевіч, якая заяўляла, што быццам бы, яна сама чула, як я клікаў беларусаў ісьці ў лес і падрываць цягнікі, ці што я заклікаў стварыць арганізацыю нямецкіх паліцаеў у Беларусі і што гэта яна ўсё "прыпамінае" з размовы, хоць я асабіста з асобай Алексіевіч не знаёмы і з тае прычыны ніколі зь ёй ні аб чым не размаўляў. Вось такая яе была фантазія ў стылі "укрыжаваных хлопчыкаў". (Усё гэта ўжо апісана са спасылкамі на крыніцы.)

І вось цяпер "фашыстам" і "людаедам" стала сама нядаўні прапагандыст-аматар Сьвятлана Алексіевіч. Праўда ў Расеі такія павароты звыклая справа. Ніхто не зьдзіўляецца.

Я не зьбіраюся іранізаваць з паводзінаў Алексіевіч (хоць часам і сьмешна), бо ва ўсім, што адбываецца, бачу сур'ёзны падтэкст. Людзі, якія ведаюць правілы духоўнага жыцьця ці хаця б начутыя пра іх, пра прынцыпы дабра і зла, пра катэгорыі раўнавагі, адказнасьці і адплаты, -- такія людзі павінны разумець сэнсоўную сувязь паміж тым, чым займалася Алексіевіч раней, ілжыва нагаворваючы на іншых, і тым, што яна атрымала цяпер, прытым у аднолькавых азначэньнях.

Ня думаю, што тут пакараньне Гасподняе (ні "фашыст", ні "людаед", ні "русафоб" да яе не прыстане, прынамсі ў Беларусі), але гэта можа быць папярэджаньне дзеля пакаяньня. Вельмі моцнае папярэджаньне.

Што з гэтага рэальна будзе? А нічога ня будзе. Усё застанецца, як было. Усе "званочкі" тут надарэмна. Ніякіх пераменаў асобы Алексіевіч не адбудзецца. Такая яе прырода.

Увогуле, прыкра слухаць, як маскоўская гэбоўская чэрнь стала "ізгаляцца" над яе асобай. Подласьць гэтых дрэняў ня мае межаў. Але ж і карцінка ўзьнікае! Яе разыгрываюць па тэлефоне, а ёй і добра. Яна і задаволена. Яна і верыць, што ёй (насуперак усім куртуазным правілам) патэлефанаваў міністар культуры Украіны быццам бы па даручэньні Парашэнкі, радуецца, што прапануюць ёй ордэны і ўзнагароды. Яна шчыра верыць, што размаўляе не з гэбоўскай істотай, а з супрацоўнікам міністэрства культуры Расеі, які прапануе ёй расейскі ордэн Дружбы народаў і спатканьне з Пуціным. І яна на ўсё радасна з удзячнасьцю пагаджаецца.

Амбівалентнасьць увогуле якасьць адмоўная, нехарактэрная для высокіх людзей. Але тут іншае. Першая выснова з гэтай камэдыі такая: якой Алексіевіч была, такой і засталася. Другое -- тут выявілася фатальнае перабольшваньне значнасьці самой сябе. Гэта зразумела і мае сваё тлумачэньне. Калі раптам нехта, будучы ў шэрай сярэдзіне, становіцца знакамітай публічнай асобай, тады ў чалавека можа адбыцца зацьменьне здаровага розуму. Гэбісты па тэлефоне прымітыўна насьміхаюцца зь яе, прапануючы ордэны ды бяседы з Пуціным, а яна ўсё гэта ўспрымае як належнае і ня ў стане зразумець розыгрышу, фальшывасьці і зьдзеку.

Гэты спэктакль, гэтая тыповая руская камэдыя адметная тым, што яшчэ раз паказала для некаторых людзей, што такое Масква, "русский мир" і "русский характер". Толькі саму Алексіевіч гэтая гісторыя нічаму не навучыць. Дастаткова ёй прапанаваць ордэн і візіт да Пуціна і ўсё вернецца ў пачатак. Адмяжоўваючыся ад "русского мира", яна будзе казаць пра "перадавых" рускіх людзей, пра рускіх "інтэлектуалаў", пра тое, што ёсьць "іншая Расея", пра "честь и совесть" Расеі ды іншых "лепшых", якія, на жаль, у меншасьці, але яны, маўляў, і ёсьць сапраўдная Расея і т. п.

Усё гэта амаль што так, але толькі да таго часу, пакуль ім (гэтым "рускім інтэлектуалам") ні пачаць казаць пра беларускую мову, пра Вялікае Княства Літоўскае, пра барацьбу за незалежнасьць ды пра беларускае нацыянальнае Адраджэньне. Тады выраз твару маскоўскіх "інтэлектуалаў" і "дэмакратаў" імгненна мяняецца і вылазіць з ардынскай падсьведамасьці нешта цёмнае, злобнае, валасатае, рускае -- інтэлектуальнае скопішча зла.

26 чэрвеня 2017 г.             Зянон ПАЗЬНЯК